Разумнікі, разумніцы, таксама іх настаўнікі…

Рэспубліканская прадметная алімпіяда прайшла свой перадапошні этап. Юныя інтэлектуалы, якія перамаглі нараённых іспытах, удзельнічалі ў абласным туры. Ён праходзіў з 9 студзеня па 3 лютага. Безумоўна, трапіць у лік лепшых разумнікаў Брэстчыны для рабят ужо важны і важкі поспех, якога дасягнулі 30 таленавітых школьнікаў з навучальных устаноў нашага раёна. Яны змагаліся за званне лепшага знаўцы матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, гісторыі, астраноміі, рускай і беларускай моваў і літаратуры, грамадазнаўства, замежных моваў, геаграфіі, працоўнага навучання.

Другі год запар  самым падрыхтаваным была дадзена магчымасць удзельнічаць у алімпіядзе адразу па некалькіх прадметах. Ёсць такія многа-профільныя выдатнікі і сярод ляхавіцкіх школьнікаў. Гімназісты Аляксей Заяц, Ягор Рамановіч і Марыя Пішч прымалі ўдзел у абласной алімпіядзе адпаведна па фізіцы і матэматыцы, тэхнічнай працы і фізіцы, рускай і англійскай мовах, а 9-класніца СШ № 2 Любоў Таранда – па беларускай мове і геаграфіі.

Па выніках абласных іспытаў сёлета ў скарбонцы інтэлектуальнай зборнай Ляхавіцкага раёна – 3 дыпломы пераможцаў і 4 пахвальныя водгукі. Гімназіст Аляксей Заяц прадэманстраваў выдатныя веды і стаў уладальнікам дыплома І ступені па матэматыцы (настаўніца Валянціна Русакевіч) і пахвальнага водгуку па фізіцы (настаўнік Пётр Чарток). Дыплома ІІІ ступені ўдастоены 11-класніца СШ № 1 Вольга Баргамон па грамадазнаўству (настаўніца Соф’я Шыбкоўская) і 10-класнік гімназіі Ягор Рамановіч па тэхнічнай працы (настаўнік Генадзій Коршун). Пахвальныя водгукі заслужылі: па рускай мове і літаратуры – гімназістка Кацярына Салодкая (настаўніца Людміла Раманенка), па інфарматыцы – 11-класнік Малагарадзішчанскага ДС-СШ Антон Захаранкаў (настаўнік Аляксандр Касабуцкі), па абслуговай працы – вучаніца СШ № 2 Дар’я Баўтрукевіч (настаўніца Наталля Ланкуць).

Аляксей Заяц атрымаў і права ўдзельнічаць у рэспубліканскім этапе прадметных алімпіяд. Жадаем Аляксею і яго настаўніцы перамогі і хварэем за ляхавіцкіх!

Марыя САРАКАВІК,
намеснік начальніка аддзела адукацыі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *