Пунсовыя ветразі Ірыны Піскун

Настаўнік не толькі вучыць і выхоўвае, ён ахутвае вучнёўскія сэрцы дабрынёй і спагадай, падтрымлівае, разумее, застаецца ў жыцці назаўсёды, пакідае след у дзіцячай душы.
Менавіта такой узгадваюць настаўніцу рускай мовы і літаратуры СШ № 1, выдатніка адукацыі Ірыну Піскун яе колішнія вучні. Настаўніцтва стала яе лёсам і яе прызваннем. Кожны ўрок Ірына Антонаўна прадумвала да дробязяў, і для школьнікаў ён пралятаў імгненнем. Педагог вечарамі перагортвала стосы кніг і часопісаў, шукала цікавыя матэрыялы, тэксты, фразы. Правілы рускай мовы, словы-выключэнні запаміналіся без цяжкасцяў, дзякуючы цікавым і разнастайным прыёмам, вершам і прыказкам.
Ірына Антонаўна даравала многае, але толькі не несур’ёзныя адносіны да прадмета. Вучыла самастойна думаць, аналізаваць, ставіць мэту і абавязкова яе дасягаць.
Нашу настаўніцу рускай мовы вызначалі інтэлігентнасць, тактоўнасць і акуратнасць. Усе асабістыя праблемы пакідала за парогам школы, а перад вучнямі заўсёды была сабранай і ўраўнаважанай. Дзякуючы Ірыне Антонаўне, мы, яе вучні, навучыліся адрозніваць дабро ад зла, марыць і фантазіраваць, верыць у пунсовыя ветразі. Яе ўрокі аказалі сур’ёзны ўплыў на наш мастацкі густ – падарожжы па творах натхнялі і выхоўвалі.
12 лютага Ірына Антонаўна адзначае юбілей. Ад душы зычым ёй здароўя, бадзёрасці і даўгалецця.
Быць добрым настаўнікам –  мала проста любіць дзяцей. Трэба знаходзіцца з імі на адной хвалі. З юбілеем, Ірына Антонаўна, наш дарагі і паважаны настаўнік!

Таццяна АБРАЖЭВІЧ,
старшыня прафкама   СШ №1.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *