Бульбяны інтарэс

Галіна Бунель і Дар’я Каляда

Інтарэсы школьнікаў не абмяжоўваюцца вучэбнымі праграмамі. Магчымасць прэзентаваць свае вынаходніцтвы прадастаўляецца ім у тым ліку і на навукова-практычных канферэнцыях.
Напрыканцы студзеня пяцёрка нашых юных землякоў удзельнічала ў абласным конкурсе даследчых работ «З навукай у будучыню», што праходзіў у Жабінцы.
Дыпломамі II ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ўзнагароджаны 11-класніцы СШ №1 Алена Грачыха (настаўніца Людміла Курловіч) і Лаліта Саўчык (Іна Бортнік), III ступені – Ніка Маслабоева з Ліпскай СШ (Пётр Юркавец). Пахвальным водзывам адзначана работа 10-класніцы СШ № 2 Кацярыны Рахманец (настаўніца Ніна Туціна).
А ў старшакласніцы Жарабковіцкай СШ Дар’і Каляды –  дыплом I ступені. Перамогу ёй прынесла даследаванне ранніх сартоў бульбы з мэтай атрымання двух ураджаяў за сезон. Настаўніца Галіна Бунель задаволена поспехамі сваёй выхаванкі. З 8 класа за ўдзел у біёлага-экалагічных конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню Даша адзначана 11-цю дыпломамі. А наогул узнагарод значна больш, бо вызначалася школьніца ў розных іспытах і па іншых прадметах .
– Тэма нашага даследавання не новая. Некаторыя дачнікі даўно практыкуюць вырошчванне не аднаго ўраджаю бульбы. Мы ж, улічваючы эканамічны напрамак выхаваўчай работы нашай школы, рабілі акцэнт на магчымасці атрымання прыбытку ад двухразовай пасадкі клубняў, – дзеліцца Галіна Бунель. – Першы ўраджай бульбы ўбралі напачатку ліпеня. Другую пасадку не адкладвалі, але трохі паэксперыментавалі, узялі частку клубняў мінулагодняга ўраджаю і частку – новага. 26 кастрычніка падвялі вынікі. З ліпеньскага ўраджаю бульбы вырасла значна больш. Прычым гэтыя клубні больш лёжкія, выгляд маюць таварны. Яны не буйныя, у самы раз для насення.
Даследаванні праводзіліся на сартах «лілея», «брыз» і «ўладар». З іх лепш за іншых зарэкамендаваў сябе «брыз». Эксперымент працягваецца: напрыканцы жніўня бульбу пасадзілі на зіму. Выкапаць трэці ўраджай плануюць напрыканцы мая.
Дарэчы, старшыня камісіі секцыі біялогіі – кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры заалогіі і генетыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Сяргей Кароза назваў жарабковіцкія выпрабаванні работай высокай рэнтабельнасці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

 

One thought on “Бульбяны інтарэс

  • 11/02/2018 в 22:17
    Permalink

    Цікава-цікава. Абавязкова скарыстаюся такім вопытам вырошчвання бульбы. Таксама люблю эксперыментаваць, бачыць вынікі сваёй працы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *