Не мая… мая вайна

Амаль 30 гадоў аддзяляюць ад тых афганскіх падзей. Ад вайны – неаб’яўленай, але ад таго не менш бязлітаснай. Што ў імгненне зрабіла дарослымі тысячы юнакоў, якім пад спякотным сонцам, пад свістам куль давялося трымаць экзамен на мужнасць – выконваць інтэрнацыянальны абавязак.
Сярод тых, у чыім жыцці быў Афганістан ці іншыя, як прынята гаварыць, гарачыя кропкі планеты, і нашы землякі. Сёння самым маладым з іх амаль па пяцьдзясят. Яны актыўнічаюць у грамадскіх справах, працуюць, выхоўваюць дзяцей, песцяць унукаў. І ўсе, як адзін, аб’яднаны Беларускім саюзам ветэранаў вайны ў Афганістане. Пра тое, чым жыве раённая арганізацыя гэтага грамадскага аб’яднання, якое яно – афганскае братэрства, дзеліцца яе старшыня Генадзій Лойка.

Генадзій Лойка.

– Генадзій Пятровіч, з чаго пачынаецца гісторыя раённай афганскай арганізацыі?
– Афіцыйна Ляхавіцкая раённая арганізацыя была зарэгістравана ў 2000 годзе. Але наш афганскі саюз нарадзіўся значна раней. Першым, хто аб’яднаў былых воінаў-інтэрнацыяналістаў, стаў Генадзій Савасцюк – ён узначаліў арганізацыю ў 1991 годзе. Пасля, да 2004-га, старшынёй быў Уладзімір Жыгадла, наступныя дзесяць гадоў – Васілій Праўлоцкі. Лічу за гонар, што сёння гэтыя моцныя, стойкія людзі, верныя сябры даверылі кіраўніцтва мне. Але гісторыя нашай арганізацыі, у першую чаргу, складаецца з асабістых, шчымлівых, часам вельмі балючых гісторый кожнага воіна.

 

Асабістая афганская старонка ёсць і ў жыцці ляхавічаніна Генадзія Лойкі. Пра яе Генадзій Пятровіч, як і многія іншыя афганцы, не вельмі любіць успамінаць. Але прызнаецца, што тую вайну часта бачыць у снах: «Прачынаюся і разумею, адчуваю, цаню – у нас мір…».
А тады яму было ўсяго 19, толькі атрымаў дыплом Ляхавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума, стаў аграномам. Пасля – павестка, і 26 красавіка 1984 года прызваўся ў вучэбную часць у Мінск. Напрыканцы кастрычніка пад нагамі ўжо была чужая гарачая зямля. Самалёт даставіў навабранцаў у Кабул, а адтуль Генадзія Лойку адправілі ў правінцыю Баграм у батальён па рамонце стралковага ўзбраення. Нават і не па спецыяльнасці, вучыцца давялося на месцы. Спякота часам не давала працаваць з тэхнікай, награвалася, і дакрануцца было проста немагчыма.
Прайшоў праз многае, лёс выпрабоўваў на моц, мужнасць. Не па чутках ведае, што значыць рызыкаваць жыццём. І навучыцца глядзець на яго інакш. Цаніць, як самыя дарагія каштоўнасці, падтрымку баявога таварыша, адчуванне надзейнага пляча побач. Самым страшным была страта сяброў – гэта, наогул, самае жудаснае на вайне.
А як жа лёгка станавілася, калі атрымліваў доўгачаканае пісьмо, у якім родныя і мілыя сэрцу радкі, словы: «Хутчэй прыязджай, чакаем. Вельмі сумуем і любім». Яны надавалі сілы ісці далей…
Дадому Генадзій Лойка вярнуўся праз паўтары гады. І пачаў наладжваць жыццё.

– Давайце пагаворым пра сённяшняе ляхавіцкае афганскае братэрства.
– Гэта неверагодныя людзі, на-дзейныя і, паўтаруся, моцныя. А яшчэ добразычлівыя. Калі ў кагосьці, напрыклад, нарадзіўся ўнук або дачка паступіла ў інстытут ці яшчэ якая-небудзь прыемная навіна – радуемся, нібы за сябе. Магчыма, ад таго, што ведаем: складана зноў навучыцца жыць, калі аднойчы зазірнуў смерці ў вочы.
У нашай арганізацыі сёння 53 чалавекі, якіх аб’яднала выкананне інтэрнацыянальнага доўгу ў Афганістане і Сірыі. Ёсць і жанчыны: яны ў гэты неспакойны час там працавалі, дапамагалі нашым салдатам. За ваенныя подзвігі землякі Анатолій Пабягайла і Міхаіл Дыдышка ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, а Алег Ляшэнка, які некалькі гадоў назад пераехаў жыць на Ляхавіччыну і далучыўся да аб’яднання, – ордэнам Чырвонага Сцяга. Назаўсёды ў памяці тыя, хто свой воінскі абавязак выканаў цаной уласнага жыцця, – Уладзімір Малахвей, Святаслаў Мядзведскі, Генрых Цыкман. Яны з намі, у нашым страі.

Пётр Бурбіцкі.


– Безумоўна, пра гэта гаварыць складана. Але ні адзін падручнік гісторыі не здольны расказаць пра падзеі той вайны так, як яе сведкі…
– Згодзен. І вельмі прыемна, што моладзь, школьнікі цікавяцца гэтай гісторыяй. Прыходзяць на нашы сустрэчы, задаюць пытанні, актыўна прымаюць удзел у розных мерапрыемствах. Адзін з асноўных накірункаў дзейнасці нашай арганізацыі – ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. Але мы імкнёмся данесці ёй яшчэ адну вельмі важную думку. Трэба цаніць, шанаваць тое, што ёсць сёння: мірнае неба, квітнеючая краіна, безліч магчымасцяў, якімі нашы юныя землякі проста павінны скарыстацца, каб рэалізаваць свае планы.

Генадзій Савасцюк

– У кожнага аб’яднання свае памятныя даты, традыцыі, накірункі работы. Раскажыце пра вашы.
– Вайна ў гарачых кропках наклала свой адбітак на жыццё кожнага з нас, але Афган у той жа час нас і аб’яднаў. Былыя воіны-інтэрнацыяналісты гэта разумеюць, нам за радасць сустрэцца, пагаварыць пра ваеннае мінулае, успомніць тых, хто стаў больш, чым проста баявым таварышам. За тыдзень да 15 лютага мой тэлефон літаральна разрываецца. Пытанне адно: сустракаемся, як і заўсёды, ля памятнага знака?
Калі камусьці патрабуецца дапамога, стараемся пасадзейнічаць у вырашэнні пытанняў, напрыклад, жыллёвых, дапамагаем працаўладкавацца і іншае. На сувязі і з бацькамі загінуўшых афганцаў. У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў сваім доўгам лічым наведаць магілы салдатаў. Дарэчы, у 2016 годзе ў раёне з’явіўся свой памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам. Гэта таксама ініцыятыва нашага аб’яднання, якую падтрымалі райвыканкам і Міністэрства абароны.

Васілій Праўлоцкі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

– Генадзій Пятровіч, якія пажаданні традыцыйна гучаць з нагоды Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў?
– 15 лютага 1989 года – апошні дзень афганскай крывавай гісторыі. І кожнае 15 лютага – даніна памяці тым, хто ахвяраваў жыццём, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак. Наш абавязак – памятаць. Жадаю тым, хто ваяваў, моцнага здароўя, мірнага настрою, узаемаразумення і дабрабыту ў кожнай сям’і.

Віктар Высоцкі.

Гутарыла Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА,
Маргарыты КУХТА
і з сямейнага архіва.

На здымках нашы землякі, якія ў свой час годна прайшлі выпрабаванне Афганам. Усе яны былі і героямі публікацый «ЛВ».

One thought on “Не мая… мая вайна

  • 14/02/2018 в 08:39
    Permalink

    Афганцы — это сильные, мужественные люди. Свои лучше годы они посвятили войне, и в правду, чужой. И их подвиг еще и в том, что после всего этого они смогли наладить жизнь, создали семьи, вырастили детей и внуков, и сегодня трудятся на предприятиях страны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *