У вяскоўцаў актыўная пазіцыя. Прашу слова!

10 гадоў з’яўляюся старастам аграгарадка Навасёлкі і вёсак Станчакі і Пранчакі. Старасты – гэта сувязное звяно паміж насельніцтвам і сельвыканкамам. Стараюся зайсці ў кожны дом, каб даведацца, чым жывуць землякі, якія пытанні іх хвалююць, якія праблемы неабходна вырашаць. У гэтым накірунку плённа супрацоўнічаюць Навасёлкаўскі сельвыканкам, ААТ «Шлях новы», мясцовыя педагогі, культработнікі. Разам толькі за апошні час зрабілі нямала. Летась займаліся добраўпарадкаваннем цэнтра Навасёлак: зрабілі пешаходную дарожку ад будынка сельвыканкама да тутэйшага магазіна, уладкавалі клумбу, вясной засадзім яе кветкамі, будзе летам-восенню радаваць аграгараджан і гасцей.
Вельмі паказальным вынікам супрацоўніцтва лічу традыцыйныя святы вёсак. У Навасёлках яно адзначаецца ў дзень вызвалення населенага пункта ад фашысцкіх захопнікаў – 7 ліпеня. На ўрачыстасцях ушаноўваюцца лепшыя гаспадары і працаўнікі, майстры і кулінары, праводзяцца конкурсы – такі адпачынак па душы ўсім аднавяскоўцам.
Трымаем на кантролі асвятленне населеных пунктаў. Спадзяёмся вырашыць яшчэ адно надзённае пытанне: дзеля камфорту вяскоўцаў уладкаваць навесы на аўтобусных прыпынках.Тут надзея на дапамогу не толькі дарожнікаў, але і дэпутатаў, кіраўніцтва «Шляху новага».
З’яўляюся намеснікам старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Навасёлкаўскага ўчастка для галасавання № 23. У нас згуртаваная каманда. Загадзя зверылі спісы выбаршчыкаў. Асобна вядзём улік тых, хто пажадаў прагаласаваць у сябе дома – да іх адправяцца выязныя брыгады, складзеныя з членаў камісіі.
Аграгараджане і жыхары бліжэйшых вёсак заўжды вызначаюцца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Думаю, што і на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў яна будзе такой. Нам належыць выбраць не толькі дэпутатаў аблсавета і райсавета, але і сельскага Савета. Асабіста я прагаласую датэрмінова, бо 18 лютага спраў хопіць і як члену ўчастковай камісіі, і як кіраўніку народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца». Канцэрт гурта запланаваны на 13 гадзін у Навасёлкаўскім СДК.
Таццяна ПІШЧ,
мастацкі кіраўнік Навасёлкаўскага СДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *