Вёска – гэта перспектыўна

Сярод тых, хто ў мінулую пятніцу быў запрошаны на цырымонію ўзнагароджвання лепшых работнікаў аграрнай галіны, – дырэктар ДП «Нача» Мікалай Тарлюк. Сёння на старонках «ЛВ» ён дзеліцца ўражаннямі:
– Ганарова быць адным з чатырохсот удзельнікаў такой важнай і ўрачыстай сустрэчы. З першых момантаў адчувальны паважлівыя адносіны Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Кіраўнік дзяржавы назваў работу аграрыяў не толькі цяжкай і складанай, але і цікавай. І гэта сапраўды так. Кожная сельскагаспадарчая кампанія – сяўба, уборка, як і штодзённы клопат пра надоі і прывагі, патрабуе прафесіяналізму, адданасці справе, бо, як сказаў Прэзідэнт, лёгкага хлеба не бывае. Ад штодзённых вынікаў нашай работы напрамую залежыць і заработная плата кожнага працаўніка, і дабрабыт яго сям’і.
Брэстчына – адзін з вядучых рэгіёнаў краіны па вытворчасці прадуктаў харчавання. Беларускія малочныя прадукты, як падкрэсліў Прэзідэнт, сталі адным з нацыянальных брэндаў. Краіна ўваходзіць у пяцёрку вядучых сусветных экспарцёраў гэтай прадукцыі. Ёсць у гэтым уклад і Ляхавіцкага раёна ў асобе малочнага завода і нас – вытворцаў малака. Ды і ў мінулагоднім хлебным караваі ёсць ляхавіцкія, у тым ліку начаўскія тоны збожжа.
Уважліва слухаючы Прэзідэнта краіны, канешне, думаў пра «Начу». Поспехі нашых жывёлаводаў летась парадавалі. Калі ў сярэднім па краіне ад кожнай каровы надаілі 5000 кілаграмаў малака, у нашым сельгаспрадпрыемстве – 6672. Валавы надой павялічыўся, адпаведна больш прадалі сыравіны на малочны завод.
Вынікі радуюць, але, бясспрэчна, калектыў здольны на большае. Пастаўлена задача прыкласці ўсе намаганні, каб 2018 год стаў яшчэ больш паспяховым і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. Задзел ёсць: функцыянуюць рэканструяваныя кароўнікі, якасных кармоў хопіць з лішкам. Ужо сёння клапоцімся, каб у спрыяльныя тэрміны пасеяць збожжа ў добра падрыхтаваную глебу.
2018-ы аб’яўлены ў краіне Годам малой радзімы. Задача для ўсіх нас не толькі захаваць для нашчадкаў адметнасць, каларытнасць кожнай вёсачкі, але і разам наводзіць парадак, шанаваць гісторыю і памяць пра тых, дзякуючы каму Беларусь стала квітнеючай краінай.

Фота Сяргея  ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *