Лепшае – вораг добрага

Вельмі няпроста спакусіць на ежу сытага. І літаральна, і ў пераносным значэнні: заахвоціць у набыцці нейкага тавару чалавека, што не мае пільнай у ім, тавары, патрэбы. Можа пачакаць, задаволіцца наяўнасцю старога аналагу, які па пэўных пазіцыях, якасцях, характарыстыках хоць і саступае апошнім распрацоўкам, аднак жа цалкам функцыянальны. За выключэннем першых тыдняў, калі ўсё было з дакладнасцю да наадварот, год 2009 стаў у гэтым сэнсе дастаткова паказальным. У сэнсе фінансавай рацыянальнасці, ашчаднасці большасці людзей. Нармальна, канешне, але варта памятаць і тое, што агульны эканамічны прагрэс значна залежыць ад ступені руху тавараў і капіталаў.

Пры параўнальных іншых параметрах адным з каталізатараў спажывецкага попыту ў падобных выпадках здольна стаць яе вялікасць якасць. Пры патрэбнай колькасці лепшае – вораг добрага.

Што да прадмета сённяшняга абмеркавання – малака, можна весці гутарку пра дэфіцыт і колькасці, і якасці. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы разам з прыватнымі малаказдатчыкамі раёна апошнім часам не ў поўнай меры забяспечваюць перапрацоўчыя магутнасці СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Зіма, канешне, зусім не сезон, не час вялікага малака. Але справа і ў іншым таксама. Рагаты статак прыватных падворкаў Ляхавіччыны становіцца ўсё меншым і меншым. З 2006 года, напрыклад, ён скараціўся амаль на тысячу галоў. І хоць на гэтым фоне аб’ёмы малака, якое прадае насельніцтва,  так радыкальна не змяніліся, месцамі можна нават гаварыць пра іх павелічэнне, – факт не з прыемных, перспектыва прадказальная. Кіраўніцтвам раёна робіцца многае, каб “зламаць” гэту тэндэнцыю, развярнуць яе ў зваротным накірунку. На тое ж арыентаваны сельвыканкамы, кіраўніцтва і спецыялісты сельгасарганізацый на месцах. Задача — максімальна наблізіць і адаптаваць да патрэб прыватных уладальнікаў кароў працэс забеспячэння жывёлы кармамі. І ў зімова-стойлавы час, і ў перыяд пашавага ўтрымання. Тое ж самае і ў дачыненні аказання прыватнаму статку кваліфікаванай ветэрынарнай дапамогі, арганізацыі закупу малака і іншае.

Але “насельніцкае”  – гэта менш за 10 працэнтаў у агульным вытворчым аб’ёме малака Ляхавіччыны. Астатняе – за грамадскім сектарам жывёлагадоўлі. Так за мінулы год сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна было прададзена 41450 тон  малака ў фізічнай вазе (што на 5 працэнтаў перавышае аналагічны паказчык года папярэдняга). Што важна, за выключэннем адной-дзвюх гаспадарак (найперш, РСУП ”Нача”), астатнія таксама пераўзышлі ў аб’ёмах сябе мінулагодніх. Падобны расклад характарызуе і ўдойнасць “сярэдняй” каровы раёна. У 2009-м гэты паказчык раўняўся 5061 кілаграму на кожную з 9702 буронак грамадскага сектара жывёлагадоўлі раёна. У параўнанні з 2008-м плюс склаў 143 кілаграмы. Зноў жа, “прыплюсавала” абсалютная большасць гаспадарак, асобныя дабавілі больш як па паўтоне: ЗАТ ”Белпрампрыбор”, СВК ”Востраў-Агра”. Яны ж адзіныя справіліся з гадавым заданнем па валавой вытворчасці. На жаль, адно з прадпрыемстваў (тая ж ”Нача”) прыкладна столькі ж “змінусавала”. Найбольш прадукцыйныя каровы ўтрымліваюцца на вучэбнай ферме агракаледжа – кожная з іх за год  “раздаілася” 7568 кілаграмамі малака. Між тым, для абсалютнай чысціні і карэктнасці параўнання зазначым, што дойны статак каледжа складаецца з 74 галоў БРЖ. Не ў параўнанне з СВК “Ляхавіцкі”, дзе кожная з 722 кароў за год дала 7019 кілаграмаў сырадою. Перавысілі па выніках года  шасцітысячныя ўдзельныя ўдоі і жывёлаводы ЗАТ “Белпрампрыбор”, РСУП “Нача”, СВК “Шлях новы”, што надаілі ад кожнай каровы  6581, 6099, 6053 кілаграмы адпаведна. Астатнія ў рознай ступені не дацягнулі да 6000. Больш таго, асобныя гаспадаркі “беднай” зоны раёна ледзь толькі пераадолелі экватар прыведзенай лічбы.

Патэнцыял для росту, несумненна, ёсць: і колькасна, і што тычыцца паляпшэння якасці малака. “Сырое” малако рэгламентуецца па чатырох гатунках. У парадку ўбывання якасных характарыстык гэта экстра, вышэйшы, першы, другі гатункі. Адпаведнасць таму ці іншаму з іх вызначаецца лабараторна, на падставе тэсціравання кожнай партыі. Увага, напрыклад, у першую чаргу надаецца прысутнасці ў малацэ іншародных уключэнняў: механічных, хімічных, біялагічных. Ідэальны варыянт, вядома, калі падобныя “сляды” адсутнічаюць поўнасцю. Калі ж не – кожнаму з гатункаў стандарт вызначае пэўныя рамкі. Чым больш прымесяў, тым ніжэй гатунак. Адпаведна і плата: з 18 лістапада мінулага года закупачныя цэны на малако “экстра” складаюць 905 рублёў за кілаграм, вышэйшага гатунку – 715, першага – 660, другога – 380. Паміж “другім” і “экстра” — цэлая грашовая бездань, калі памножыць на аб’ёмы. А яны такія: 11 працэнтаў малака, прададзенага летась гаспадаркамі раёна, пайшло іменна другім гатункам. Асабліва ў гэтым сэнсе вызначыліся СВК “Тальмінавічы”, “Востраў-Агра”, “Шлях новы”. Як і ў сярэднім па раёне, так і ў названых і некаторых іншых гаспадарках колькасць другагатунковага малака ў мінулым годзе ў параўнанні з папярэднім значна павялічылася. Нельга сказаць, што жывёлаводы раёна за год значна знізілі якасць сваёй работы. Хутчэй за ўсё, меўшыя месца летась так званыя “малочныя войны” на расійскім рынкавым фронце дабавілі ашчаднасці і скрупулёзнасці ў вызначэнні якасных характарыстык малака. Як бы там ні было, іменна на гэтым многія сельгасвытворцы губляюць вялікія грошы, тут хаваецца значны фінансавы патэнцыял. Па некаторых звестках, напрыклад, пасяўная кампанія каштуе раёну ў межах 2,5 мільярда рублёў. Падобны парадак лічбаў вызначае і гадавыя страты аграрыяў на гандлі малаком нізкіх гатункаў.

Першым і вышэйшым гатункамі сельгаспрадпрыемствы летась малака прадалі, адпаведна, 46,5 і 42,3 працэнта. Безумоўнымі ж раённымі лідэрамі ў малочнай галіне з’яўляюцца ЗАТ “Белпрампрыбор” і СВК “Ляхавіцкі”. Першыя на 98,5, другія на 96,7 працэнта працуюць па вышэйшым гатунку. Акрамя таго, яны і толькі здолелі ў мінулым годзе прадаць малако гатункам экстра (адпаведна, у памеры 0,3 і 1,4 працэнта ад агульнага аб’ёму). Дарэчы, што такое другі гатунак малака ні ў “Белпрампрыборы”, ні ў “Ляхавіцкім” не ведаюць. Вось бы і ўсім астатнім далучыцца да гэтай паважанай кампаніі.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *