Армейскі рэпартаж пра патрыятызм. «Ляхавіцкі веснік» – лаўрэат творчага конкурсу на лепшае асвятленне СМІ пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва

Мінск. Сталічны Дом афіцэраў. Калонная зала. Жаданымі гасцямі адчувалі сябе тут у мінулы аўторак лаўрэаты творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў 2017 годзе сродкамі масавай інфармацыі пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва. Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў гэтага традыцыйнага конкурсу зноў жа па традыцыі адбылася напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, якія адзначаюць свой, напоўнены гераізмам, мужнасцю, напісаны патрыятызмам, неўміручымі подзвігамі стогадовы юбілей.
Вельмі прыемна, ганарова і пачэсна стаць лаўрэатам такога прэстыжнага творчага конкурсу, на які сёлета было пададзена 126 заявак. Рэдакцыя газеты «Ляхавіцкі веснік» у намінацыі «Прафесіяналізм і журналісцкае майстэрства» ўдастоена дыплома другой ступені за творчасць і арыгінальнасць пры падрыхтоўцы матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць воінскіх часцей Баранавіцкага гарнізона. Прыемна і тое, што гэта не першая перамога ў аналагічным конкурсе.
У цырымоніі ўзнагароджання прымалі ўдзел міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны генерал-маёр Аляксандр Гура.
Больш важнай задачы, чым абараняць Радзіму, няма, сказаў Андрэй Раўкоў. Ён падзякаваў журналістам за ўвагу да армейскай тэматыкі, адзначыўшы высокую эфектыўнасць і выніковасць супрацоўніцтва Узброеных Сіл і сродкаў масавай інфармацыі. Звыш 3000 публікацый у друкаваных СМІ, каля 150 гадзін тэле- і 80 – радыёэфіру штогод расказваюць пра жыццё беларускай арміі. І гэта заўсёды ўважлівы, паважлівы, зоркі погляд на людзей у ваеннай форме і на іх такую пачэсную, такую нялёгкую, такую адказную работу – служэнне Айчыне, яе абарона, бесперапыннае дзяжурства па міры.
Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў важнасць армейскай тэматыкі ў сродках масавай інфармацыі. Ён канстатаваў, што «тыя старонкі газет, якія прысвечаны розным аспектам жыццядзейнасці Узброеных Сіл, чытаюць па ўсёй краіне. Тыя радыётэлевізійныя праграмы, якія маюць добрыя шматгадовыя традыцыі, з якіх чытач, глядач і радыёслухач даведваюцца пра сённяшнія падзеі, пра тыя подзвігі, якія здзяйсняюць сёння салдаты, безумоўна, прыцягваюць увагу». На думку міністра, трэба, каб гэтая тэма і надалей «заставалася галоўнай у плане выхавання насельніцтва і журналісцкіх зносін з чытачом».
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *