Гэта мы можам

Не навіна, што на працягу многіх гадоў аператары машыннага даення СВК “Ляхавіцкі” пастаянна займаюць лідзіруючыя пазіцыі сярод калег па выніках раённага (і не толькі) спаборніцтва.  Вось і ў мінулым годзе першынство ўпэўнена трымалі Вольга Грыкель і Зоя Сецько, якія ад кожнай каровы надаілі па 7157 кілаграмаў малака.

Менш ніяк нельга – месца работы абавязвае: жанчыны працуюць на новым малочнатаварным комплексе. Але не толькі там мясцовыя даяркі паказваюць добрыя вынікі. Паспяхова, з перавышэннем мінулагодніх паказчыкаў працуюць іх калегі на МТФ  “Рачканы”. Так, Таццяна Радомская ў мінулым годзе ад кожнай буронкі  атрымала ў сярэднім па 7088 кілаграмаў малака, што на 841 кілаграм больш у параўнанні з 2010 годам.  Крыху не дацягнула да  гэтага паказчыка яшчэ адна перадавіца Галіна Смірнова, якая ад кожнай каровы надаіла  па 6977 кілаграмаў (плюс 85 да паказчыка 2010 г.).

Таццяна Радомская на працягу амаль 30 гадоў па некалькі разоў у дзень  спяшаецца да сваіх  буронак. Паспявае ўсё: напаіць, накарміць, праверыць кармы, якасна падаіць з дапамогай  сучасных апаратаў і яшчэ сказаць ласкавыя словы  сваім 50-ці падапечным. Каровы разумеюць інтанацыі і адгукаюцца на ласку, сцвярджае вопытны аператар машыннага даення.

Таццяна Вікенцьеўна і дома ўсё паспявае.  Галоўны яе гонар – дзеці.  Яна  шчаслівая мнагадзетная мама. Дарэчы, разам з ёю на ферме даглядчыкам працуе і муж.

У малочнай справе далёка не навічок і Галіна Смірнова.

– На ферму заўсёды прыходжу з добрым настроем і жаданнем працаваць, пра кожную з паўсотні сваіх кароў ведаю ўсё. Нават на выхадных думаю, як яны там, – дзеліцца даярка, якая працуе ў гаспадарцы не першы дзясятак гадоў,               18  з іх – менавіта на ферме.

У сельгаскааператыве Радомскую і Смірнову паважаюць за ўменне працаваць, шчырасць, ветлівасць, настойлівасць і гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу.

Пра работу і сваіх буронак Таццяна Вікенцьеўна і Галіна Іванаўна могуць гаварыць бясконца:

— Кожную кароўку мы ад-біраем асабіста, самі (на МТФ “Рачканы” працуюць 5 даярак) іх  раздойваем. Даглядаем і песцім. Для маленькіх цялушак нават з дому прыносім ”прысмакі”. Ёсць у нас і свая рэкардыстка, якая дае па 40 літраў малака ў дзень.

Вопытныя даяркі ўпэўнены, што добрыя надоі можна атрымаць  толькі пры зладжанай рабоце ўсіх: аператараў машыннага даення, заатэхнікаў, якія ў адказе за збалансаванае харчаванне жывёл, ветурачоў і асемянатараў, што займаюцца абнаўленнем статка, даглядчыкаў, якія клапоцяцца пра жывёлу.  А кадравы патэнцыял не толькі на фермах, але і ўвогуле па “Ляхавіцкім” ужо даўно прайшоў тэст на трываласць і прафесіяналізм і вытрымаў яго на выдатна.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *