Мароз і агонь

Гэтымі марознымі днямі тэма пажараў, на жаль, надзвычай актуальная, для нашага раёна ў тым ліку.

У ноч з суботы на нядзелю пажарныя-выратавальнікі выязджалі на тушэнне пажару ў вёску Навасёлкі Навасёлкаўскага сельсавета. Ад перапалу печы, размешчанай ушчыльную да драўлянай сцяны, загарэўся дом ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Па іроніі лёсу, якраз у гэтыя дні аўтаномны пажарны апавяшчальнік, устаноўлены ў доме, знялі, каб памяняць батарэйку… На шчасце, людзі своечасова заўважылі задымленне і не пацярпелі, нават дом застаўся прыгодным для жылля. Пашкоджаныя дах і вонкавая сцяна – не самае страшнае, што магло адбыцца.

Без чалавечых ахвяр абышлося і падчас іншага здарэння. Прыкладна ў 2.40 ночы на 101 паступіў сігнал з РАУС. Міліцыянеры, якія выехалі для праверкі паведамлення аб алкагольнай “вечарынцы” ў кватэры № 2 па вуліцы Чкалава, 16 у райцэнтры засталі ўзгаранне матраца на пачатковай стадыі. Прычынай здарэння, як звычайна ў такіх выпадках, стала цыгарэта ў руках нецвярозага чалавека. Наогул, гэты адрас добра знаёмы і міліцыі, і пажарным. Тутэйшыя жыльцы не аднойчы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў супрацьпажарнай бяспекі. У доме – антысанітарыя, пастаянныя п’янкі. Сястра і брат Святлана Ксёнжык і Аляксандр Бельмач (яна – афіцыянт у рэстаране, ён – тынкоўшчык у ПМК-17) на гэты раз вельмі яскрава прадэманстравалі, што суседзям па двухкватэрным доме нельга расслабляцца нават ноччу – могуць згарэць разам з нецвярозай кампаніяй.

А ўжо ў панядзелак супрацоўнікі аддзела Следчага камітэта, РАУС і РАНС выехалі на месца здарэння ў вёску Тумашы, дзе суседзі знайшлі ў доме двух нежывых пенсіянераў – мужа і жонку 1937 і 1939 гадоў нараджэння. Адна з версій гібелі пенсіянераў – атручванне прадуктамі гарэння (чадным газам). Верагодна, яны проста раней, чым трэба, закрылі засланку печы… Назначана судова-медыцынская экспертыза.

Пытанні пажарнай бяспекі на пачатку гэтага тыдня абмяркоўваліся на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме. У прыватнасці, ішла размова пра вынікі рэйдаў па сем’ях, дзе дзеці лічацца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэтыя вынікі, на жаль, несуцяшальныя: у 17 правераных сем’ях 15 грамадзян прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, па 2 сем’ях (Касцюк з вёскі Шавялі і Булатых з вёскі Тальмінавічы) работнікі РАНС рыхтуюць дакументы на прыняцце экстраных мер па навядзенні належнага супрацьпажарнага парадку. На працягу выхадных выратавальнікам давялося некалькі разоў выязджаць у сям’ю Пястрак (вёска Галаўнінцы), куды гэтымі днямі вярнулі дзіця з прытулку. Ацяпляльны кацёл тут пакуль так і не адрамантавалі…

Пячная тэма яшчэ не адзін тыдзень будзе адной з самых гарачых. Таму нагадваем: захоўвайце правілы эксплуатацыі печаў і іншых ацяпляльных прыбораў, не пакідайце без нагляду дзяцей, часцей наведвайце пажылых бацькоў. І на ўсякі выпадак памятайце нумар службы выратавання – 101.

Валерый РАВІНСКІ,
начальнік РАНС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *