“Старыя” талоны і забароны

У рэдакцыю “ЛВ” патэлефанавала  жыхарка вёскі  Крывошын Людміла Курловіч. Жанчына расказала, што яе мужпрацуе ў камунгасе і яму выдаюцца талоны  на бясплатнае атрыманне малака за работу са шкоднымі ўмовамі. Па словах Людмілы Курловіч, раней па гэтых талонах можна было без праблем атрымаць замест малака і іншую малочную прадукцыю ў гарадскіх крамах райпо.

Калі работнікі камунгаса, якія жывуць у Крывошыне, атаварвацца сталі ў мясцовым магазіне,  ім прапанавалі забіраць усё  толькі малаком і за адзін раз. Па словах жанчыны, прадавец магазіна прапанавала за 16 выдадзеных раней талонаў забраць адразу 8 літраў малака. “Навошта нам столькі зараз, і чаму не далі іншай прадукцыяй?” – задала пытанне жанчына.

Рэдакцыя звярнулася за каментарыем у Ляхавіцкае райпо. Сітуацыю патлумачыў старшыня райспажыўсаюза Васілій Некрашэвіч: “Праз гандлёвыя кропкі райпо выдаецца малако па талонах арганізацый раёна згодна Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 260 ад 27.02.2002 г. Пытанне  замены малака іншымі прадуктамі тлумачыцца ў пісьме Міністэрства гандлю ад 3.01.2006 г. “Аб бясплатным забеспячэнні работнікаў малаком ці раўнацэннымі харчовымі прадуктамі пры рабоце са шкоднымі ўмовамі”.

У прыватнасці, малако ў колькасці 0,5 літра можа замяняцца прадуктамі, якія атрымліваюцца пры сквашванні малака закваскамі (кефір, ацыдафілін, сыракваша) у такой жа колькасці, а таксама з улікам спецыфікі арганізацыі працы і мясцовых умоў па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду”.

Такім чынам, замест малака, у крамах райпо па талонах можна атрымліваць вышэйназваныя малочныя прадукты. Наконт таго, што заяўніцы прапанавалі забраць  адразу 8 літраў малака, у райпо паведамілі: гэта прапанова датычылася “старых” талонаў. Па правілах талон павінен атаварвацца менавіта ў той дзень, калі чалавек працуе ў шкодных умовах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *