Малады спецыяліст гучыць перспектыўна. Старшыня Ляхавіцкага райвыканкама правёў традыцыйную сустрэчу з маладымі спецыялістамі

«Галоўнае – гэта твая зямля, на якой ты нарадзіўся. Таму я вам раю не як Прэзідэнт,
а як чалавек: не губляйце сваёй зямлі!

Жывіце на ёй і старайцеся зрабіць штосьці  для той зямлі, на якой вы нарадзіліся. Для тых людзей,
дзякуючы якім вы, магчыма,
станеце вялікімі  і лідарамі».
Аляксандр Лукашэнка.
(сустрэча з навучэнцамі «Моладзь. Погляд у будучыню». 26 мая 2017 г.).


Зусім нядаўна ў нашым раскладзе былі толькі лекцыі, семінары, падрыхтоўка да заняткаў, рэфераты, лабараторныя і шмат іншых клопатаў студэнцкага жыцця. Здавалася, яшчэ вучыцца і вучыцца. Але неўзабаве – размеркаванне, абарона дыпломнай працы, дзяржэкзамены – і ў руках дыплом аб адукацыі. Жнівень пачаўся ў новым статусе. Пагадзіцеся, гучыць перспектыўна і шматабяцальна – малады спецыяліст.

Летась па размеркаванні атрымаў сваё першае працоўнае месца на Ляхавіччыне 131 учарашні студэнт. Самае вялікае  медыцынскае папаўненне: ва ўстановы аховы здароўя прыехалі 43 выпускнікі медуніверсітэтаў і медкаледжаў. 28 маладых спецыялістаў накіраваліся ў сельгаспрадпрыемствы раёна. У школы і дзіцячыя садкі летась па размеркаванні прыбылі 20 дыпламаваных супрацоўнікаў. «Закадрылі» маладых і ў іншых службах і арганізацыях: жыллёва-камунальнай гаспадарцы, лясгасе, раённым аддзеле ўнутраных спраў, райпо і г.д.

Нядаўна старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч правёў традыцыйную сустрэчу з маладымі спецыялістамі: абмеркавалі надзённыя праблемы, умовы працы, вялі размову пра планы і перспектывы.
Сярод маладых спецыялістаў нямала актывістаў БРСМ. На сустрэчы яны прапанавалі адказаць на пытанні: ці падабаецца горад, на які ўзровень заработнай платы прэтэндуеце, ці задаволены абранай прафесіяй і іншае. Закранулі і важнае пытанне ўдзелу моладзі ў выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Вынікі апытання атрымаліся цікавыя, але пра ўсё па парадку.
Кіраўнік раёна пажадаў новаму кадраваму папаўненню поспехаў, зацікаўленасці, творчасці ў рабоце, рэалізаваць сябе ў абранай прафесіі, актыўней удзельнічаць у жыцці раёна.
Па выніках апытання, пераважнай большасці падабаецца абраная прафесія, райцэнтр, у якім яны цяпер жывуць і працуюць. А вось 27 працэнтаў маладых спецыялістаў сцвярджаюць, што за гэты час яшчэ не паспелі пазнаёміцца з горадам. Трэць апытаных адказалі, што яны б хацелі атрымліваць вышэйшую заработную плату. Дарэчы, у першую чаргу, такая акалічнасць залежыць ад самаго маладога спецыяліста: добрасумленна працаваць, развівацца, павышаць прафесійны ўзровень, быць актыўным.
Яшчэ адзін момант, на якім засяродзіў увагу старшыня райвыканкама, – традыцыя настаўніцтва. Для тых, хто робіць першыя самастойныя крокі ў прафесію, важна адчуваць побач надзейнае плячо. Ведаць, што ў любы момант ёсць да каго звярнуцца за парадай і быць упэўненым, што вам падкажуць, падтрымаюць. Тады памылкі, пралікі, што безумоўна будуць, не спыняць, а, наадварот, стануць стымулам да ўдасканалення.
Пра ролю прафсаюзаў у жыцці маладых спецыялістаў расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Курэц. Асобна спыніліся на тым, як працуюць калектыўныя дагаворы, асабліва ў сельгаспрадпрыемствах. Напрыклад, у калектыўным дагаворы ДП «Нача» пры заключэнні кантракта з маладым спецыялістам прадугледжаны павышэнне акладу, прадастаўленне дадатковага водпуску не менш чым на два дні. У ААТ «Жарабковічы» пры заключэнні кантракта на тры гады выплачваецца шэсць службовых акладаў, часткова кампенсуюцца расходы па найме жылля, аказваецца аднаразовая матэрыяльная дапамога работнікам, якія пайшлі на тэрміновую ваенную службу ў памеры 4 базавых велічынь, а калі супрацоўнік вяртаецца са службы на ранейшае месца працы – у памеры
10 базавых велічынь.
Маладыя спецыялісты маюць істотную дзяржаўную падтрымку ў пытаннях крэдытавання. Пры захаванні ўсіх патрабаванняў і наяўнасці неабходных дакументаў тыя, хто размеркаваўся на першае працоўнае месца, могуць атрымаць ільготны крэдыт ад Беларусбанка на набыццё тавараў першай неабходнасці. Пры гэтым пагашэнне крэдыту пачынаецца  праз 6 месяцаў пасля яго атрымання, расказаў начальнік аддзела рознічнага бізнесу ЦБП №117 Беларусбанка Сяргей Саковіч.
Жыллёвыя пытанні заўсёды хвалюючыя. Патрэбную і важную інфармацыю пра парадак прадастаўлення жылля для маладых спецыялістаў падрыхтавала галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Святлана Кабяшова. Некаторыя з тых, хто прысутнічаў на сустрэчы, у мінулым годзе атрымалі арэнднае жыллё ў абноўленым доме па вуліцы Леніна, 54 у райцэнтры. Прыемнай навіной стала і паведамленне пра хуткі ўвод у эксплуатацыю інтэрната па вуліцы Южакова, 12, у якім таксама змогуць атрымаць жыллё і маладыя спецыялісты.
Начальнік юрыдычнага аддзела райвыканкама Дзіна Дуброўка засяродзіла ўвагу на неабходнасці выканання правілаў унутранага працоўнага распарадку. Маладыя спецыялісты павінны памятаць, што ў іх ёсць не толькі гарантыі і льготы, але і абавязкі.
Урок фінансавай граматнасці з ухілам на страхаванне правяла для маладых спецыялістаў дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Ляхавіцкім раёне Іна Шугаева.
Збіралі вакол сябе прысутных займальныя майстар-класы ад педагогаў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. З атласных стужачак Марына Баргамон вучыла вырабляць прыгожыя кветкі, а Алена Макарэвіч прапанавала зрабіць святочную «валянцінку» ў тэхніцы выцінанкі.
Сваімі ўражаннямі ад першага працоўнага году падзялілася настаўніца замежнай мовы і інфарматыкі СШ № 1 Надзея Жыдовіч:
– Вялікі дзякуй нашай уладзе  за падтрымку маладых спецыялістаў. Калі ў 2016 годзе даведалася, што размяркоўваюся ў гэты горад, адразу падумала пра жыллёвае пытанне. Але мне пашчасціла атрымаць арэндную кватэру. А яшчэ я трапіла ў вельмі дружны, згуртаваны калектыў і стала яго часткай. Дзякуй за гэтыя сустрэчы, яны вельмі патрэбныя, дазваляюць адрасна вырашыць многія пытанні.

…Няхай прайшло ўсяго крыху больш за паўгода, але я навічком сябе ў маім калектыве не адчуваю. Літаральна з першых дзён – у гушчы рэдакцыйнага жыцця: з ранку – лятучка, абмеркаванне надзённых тэм, кубачак кавы – і я ўжо ў дарозе. Хутка буду ў сельгаспрадпрыемстве, а заўтра ў планах завітаць у дзённы стацыянар райбальніцы, пасля ў спартшколу… А яшчэ ёсць новыя ідэі па дызайне газеты, іх абавязкова сёння трэба прапанаваць на лятучцы. І мне гэта важна, мне гэта патрэбна, ведаю, тут зацікавяцца, не пакінуць без увагі. Калі ідэя слушная, абавязкова «раскруцім» яе: студэнцкая тэорыя падмацуецца прафесійнымі парадамі вопытных калег – атрымаем вынік. Так працаваць значна цікавей, так увогуле хочацца працаваць.
Калі ўпершыню ўладкоўваешся на работу, у многіх момантах проста губляешся. Знаёмства з калектыўным дагаворам, уступленне ў члены прафсаюза і іншыя важныя рабочыя пытанні патрабуюць падтрымкі з боку калег, часам звычайнай парады, падказкі… І гэта дарагога варта.

Малады спецыяліст Маргарыта КУХТА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *