Спрацавалі на пяцёрку. У СВК «Ляхавіцкі» прайшоў справаздачны сход

У скарбонцы ўзнагарод за працоўную доблесць нашага земляка Аляксандра Вітко, які больш за чатыры дзесяцігоддзі ўзначальваў саўгас, а потым СВК «Ляхавіцкі», ёсць медалі, мноства рэспубліканскіх, абласных і раённых грамат, падзячных пісьмаў. Але грамата СВК «Ляхавіцкі» – першая ў паўвекавой аграрнай біяграфіі Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі. Уручана яна сённяшняму намесніку кіраўніка СВК на справаздачным сходзе сельгаскааператыва, які адбыўся 16 лютага.

Старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко (трэці злева), яго намеснікі Уладзімір Ксёнжык, Аляксандр Вітко (другі злева) і члены праўлення: галоўны інжынер Андрэй Новік і прараб Уладзімір Папко.

Акрамя Аляксандра Іванавіча, такія ж узнагароды за прафесіяналізм, надзейнасць, значныя вытворчыя паказчыкі атрымалі лепшыя з лепшых: палявод Галіна Грыкель, аператары машыннага даення Людміла Працюк і Людміла Казакевіч, жывёлавод Таццяна Кендыш, трактарысты-машыністы Віталій Сокал і Віктар Брэчка, вадзіцель Уладзімір Капко, слесар Міхаіл Хмарук, тэхнік-асемянатар Іван Патаповіч.
Сёння «Ляхавіцкі» – гэта 265 работнікаў. Большасць з іх, а таксама ветэраны СВК сабраліся ў зале Русінавіцкага СДК, каб падвесці вынікі мінулага года і акрэсліць задачы на бягучы. Справаздачу трымаў старшыня гаспадаркі Іван Вітко. Для яго 2017-ы асаблівы – першы ў якасці кіраўніка. І ўдвая адказны: Іван Аляксандравіч пераняў старшынёўскую эстафету ад бацькі Аляксандра Іванавіча. Работу свайго пераемніка Вітко-старэйшы ахарактарызаваў коратка: малайчына, спраўляецца, год стаў паспяховым.
І гэта не проста словы. Па выніках мінулагодняга раённага спаборніцтва СВК «Ляхавіцкі» атрымаў пяць з шасці пераходных Ганаровых сцягоў за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці збожжавых і зернебабовых, алейнага насення рапсу, бульбы, рэалізацыі мяса і малака. Пад апладысменты адпаведныя дыпломы Івану Вітко ўручыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Кіраўнік раёна падзякаваў вяскоўцам за добрасумленную працу, высокія дасягненні і падкрэсліў, што, нягледзячы на значныя поспехі, нямала і рэзерваў.
Каб вынікі ва ўсіх сельскагаспадарчых галінах былі важкімі і адчувальнымі, неабходна мець багаты машынна-трактарны парк і сучаснае абсталяванне.Толькі летась за ўласныя сродкі ў СВК набыта тэхнікі і абсталявання больш чым на 520 тысяч рублёў. У «Ляхавіцкім» ёсць на чым працаваць. 51 трактар, 47 аўтамабіляў, 8 збожжаўборачных камбайнаў у поўнай веснавой гатоўнасці. Нягледзячы на сюрпрызы надвор’я, якія суправаджалі аграрыяў увесь мінулы сельскагаспадарчы год, тутэйшыя земляробы змаглі перавысіць пазалеташні валавы збор зерня (без кукурузы) на 1425 тон і атрымаць больш за 7000 тон пры сярэдняй ураджайнасці 56 цэнтнераў з гектара (пазалетась – 44). Ураджай рапсу і ўвогуле прыбавіў 710 тон. Разам з тым, старшыня гаспадаркі падкрэсліў, што пры больш якасным захаванні тэхналогій падчас апрацоўкі пасеваў ураджайнасць магла быць вышэйшай. Работа над памылкамі зроблена, яе вынік і пакажа жніво-2018.
Раслінаводства – гэта яшчэ і нарыхтоўка кармоў, ад якасці і колькасці якіх залежаць прывагі і надоі ў жывёлагадоўлі. Сіласу і сенажу летась нарыхтавана з унушальным плюсам. Назапашана 53,6 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы (плюс 7,6 цэнтнера да пазалеташняга паказчыка).
На высокім узроўні ў гаспадарцы жывёлагадоўля. Летась на перапрацоўку прадалі 97,8 працэнта малака гатункам экстра (плюс 14,4 працэнта да 2016 года), таварнасць склала 92,4 працэнта. Надой на карову 8300 кілаграмаў –  прыклад для пераймання не толькі для аграрыяў Ляхавіччыны і вобласці. А на ферме «Русінавічы» ад кожнай рагулі ў сярэднім атрымалі па 8634 кілаграмы малака, малочнатаварным комплексе і МТФ «Рачканы» – 8131 і 8005 кілаграмаў адпаведна. Сёлета ў «Ляхавіцкім» запланавалі надаіць ад кожнай каровы 8400 кілаграмаў малака. І ёсць усе падставы для дасягнення гэтага выніку.
Рэнтабельная вытворчасць, якая дае стабільны прыбытак, дастойная зарплата (за мінулы год у сярэднім па гаспадарцы яна склала 744 рублі) – усё гэта вынік напружанай працы, адказнага стаўлення да справы, пастаяннай мадэрнізацыі.
Летась рэканструяваны будынкі для ўтрымання сухастойных кароў, цялятніка МТФ «Русінавічы», зроблены памяшканні для размяшчэння летніх домікаў для цялят, праводзіўся рамонт іншых памяшканняў. Работы выконвае свая будаўнічая брыгада. У яе, дарэчы, нямала планаў і сёлета. Сярод іх – уладкаванне сіласнай траншэі, рэканструкцыя другога будынка цялятніка і многае іншае.
Таксама на сходзе прааналізавана выкананне калектыўнага дагавора, названы пераможцы ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва, разгледжаны іншыя пытанні. Пасля завяршэння сходу аграгараджане і вяскоўцы не спяшаліся разыходзіцца: у СДК для іх распачаўся канцэрт.

У тэму

Аляксандр ВІТКО, намеснік старшыні СВК:
– Сапраўдныя гаспадары сваёй зямлі – гэта пра наш калектыў. Ганаруся, што жыву і працую побач з такімі людзьмі. З года ў год павялічваем вытворчасць, шмат увагі надаём якасці выпускаемай прадукцыі.У раслінаводстве стаўку робім на больш ураджайныя сарты насення, паляпшэнне тэхналогіі апрацоўкі і падрыхтоўкі глебы, у жывёлагадоўлі – на кармавую базу. Залог поспеху – і абнаўленне машынна-трактарнага парка, без гэтага праз год-другі пра плюсы можна забыць.

Міхаіл ХМАРУК, слесар па рамонце абсталявання:
– Работы ў мінулым годзе хапала. На МТФ «Русінавічы» ўстанавілі новае абсталяванне: халадзільнік, рэкуператар, тут жа абсталявалі дадатковую выгульную пляцоўку для сухастойных кароў і шмат чаго іншага. Па графіку займаемся прафілактыкай, а пры неабходнасці і рамонтам даільнага абсталявання – усяго на малочнатаварным комплексе 24 апараты. З запчасткамі праблем не ўзнікае. Працаваць у «Ляхавіцкім» прэстыжна. Зарплата дастойная. З жонкай, якая працуе настаўніцай, выхоўваем трое дзяцей, жывём ва ўласным доме. Што яшчэ трэба для шчасця?

Людміла ПРАЦЮК, аператар машыннага даення:
– 11 гадоў працую даяркай у «Ляхавіцкім». Цяпер вось падменнай на МТФ «Русінавічы» – даю за змену двойчы ў дзень 60-70 кароў. Летась па нашай ферме надаілі больш за 3000 тон малака. У сярэднім на карову 8634 літры. Амаль 100 працэнтаў прадаём гатункам экстра. На работу з Гаслаўшчыны, дзе жыву, падвозяць транспартам гаспадаркі – зручна.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *