Лепшы выратавальны варыянт

Якія асацыяцыі ў вас са словам Асвод? Магчымы, дарэчы, розныя варыянты, але ўсё ж найбольш адпавядаюць сутнасці бяспека і выратаванне на водах.
Нядаўна абласная арганізацыя Асвода падвяла вынікі работы за мінулы год. Гаварылі пра сур’ёзныя рэчы – папярэджанне няшчасных выпадкаў на вадаёмах і нявыкарыстаны прафілактычны патэнцыял, паказчыкі работы і фінансаванне, планы і перспектывы. Прыемна, што Ляхавічы гучалі выключна са станоўчага боку: Ляхавіцкі выратавальны пост Асвода па выніках 2017 года прызнаны лепшым на Брэстчыне ў арганізацыі службы, нясенні дзяжурства, утрыманні амуніцыі і выратавальнай маёмасці, правядзенні прафілактычнай работы. Дыплом першай ступені быў уручаны старшаму матросу-выратавальніку Ляхавіцкага выратавальнага паста Марыі Цітко. Па-за купальным сезонам асводаўскія клопаты выключна на ёй, а летам на тэрыторыі раёна дадаткова працуюць яшчэ два выратавальныя пасты ў зонах адпачынку ў лагеры «Чайка» (яго арганізуе аддзел адукацыі, спорту і турызму) і на рацэ Шчара ў Дараве (КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»). Апошні быў уладкаваны летась.
Раённая арганізацыя Асвода налічвае 76 пярвічак  (32 з іх – ва ўстановах адукацыі). Акрамя таго, юрыдычнымі членамі таварыства выратавання на водах з’яўляюцца 23 арганізацыі, якія падтрымліваюць Асвод фінансава (у іх ліку малочны, торфабрыкетны і кансервавы заводы, фермерская гаспадарка «Даманскае» і іншыя).
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *