Каб з іскры не разгарэлася полымя. На апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама абмяркоўвалі захаванне заканадаўства аб пажарнай бяспецы

Напаміны, заклікі, разважанні на тэму ашчаднага стаўлення да ўсяго, што можа стаць прычынай узнікнення пажару, гучалі ў той дзень суцэльным патокам. Быў панядзелак, і была чарговая апаратная нарада ў старшыні райвыканкама з вынесеным на яе пытаннем «Аб захаванні заканадаўства аб пажарнай бяспецы і эфектыўнасці работы назіральных камісій».
З апошніх і пачнём. Камісіі функцыянуюць больш за два дзесяцігоддзі. Іх мэты – прывядзенне ў пажарабяспечны стан жылых дамоў, навучанне насельніцтва правілам пажарнай бяспекі, прафілактыка пажараў і г.д. У тым ліку – арганізацыя і правядзенне праверак супрацьпажарнага стану жылля і гаспадарчых пабудоў. У раёне створаны і ў рознай ступені актыўна, як можна зрабіць выснову з выступлення на нарадзе начальніка РАНС Валерыя Равінскага, працуюць 10 назіральных камісій. Пры кожным з сельвыканкамаў, а таксама пры райвыканкаме і КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Кантраст актыўнасці работы камісій ілюструюць некаторыя з агучаных дакладчыкам лічбаў. За 2017 год камісіяй пры Ганчароўскім сельвыканкаме праверана 929 домаўладанняў, або 95,8 працэнта іх агульнай колькасці. Работу супрацьпажарных назіральнікаў, якія працуюць пры Жарабковіцкім сельскім выканаўчым камітэце, характарызуць наступныя лічбы: 677 і 55,5 працэнта адпаведна. Рэйтынг актыўнасці астатніх знаходзіцца недзе паміж Ганчарамі і Жарабковічамі.
З вышэйпрыведзенага вынікае: работа, якую праводзяць назіральныя камісіі, не адпавядае сітуацыі, што складваецца з пажарамі. Своечасовы аналіз і нарошчванне сельвыканкамамі тэмпаў работы дазволілі б своечасова выяўляць і рэагаваць на выпадкі асацыяльных паводзін грамадзян, адзначыў дакладчык. Усе загінуўшыя ў раёне на пажарах грамадзяне знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
Нягледзячы на тое, што ў параўнанні з 2016 годам летась пажараў у раёне адбылося на 14 працэнтаў менш, сітуацыя вызначаецца складанасцю, напружаннем і выклікае заклапочанасць. У 2017-ым на Ляхавіччыне адбылося 24 пажары – 9,3 выпадка ў пераразліку на 10 тысяч насельніцтва. Аналагічныя абласны і рэспубліканскі паказчыкі з’яўляюцца істотна меншымі. 22 вогненныя здарэнні зарэгістраваны ў жылым фондзе. У адным з выпадкаў гарэла пабудова, у якой знаходзілася піларама, яшчэ ў адным ад агню пацярпела аўто.
Як і годам раней, летась ад вогненнай стыхіі ў раёне загінулі 5 чалавек. З разліку на 100 тысяч насельніцтва – 19,4 ахвяры –  мы і тут значна «абагналі» аналагічную абласную і рэспубліканскую статыстыку.
Акрамя канстатацыі фактаў, прывядзення «гарачай» статыстыкі, ацэнкі дзеянняў тых ці іншых завязаных на тэму структур, дакладчык прапанаваў шэраг мер, прызваных выкараніць прычыны, што могуць стаць іскрамі-правакатарамі пажараў. Пры гэтым галоўны напамін і пасыл грамадству мог бы гучаць не намі прыдуманым вершаваным лозунгам: ноччу, вечарам і днём – асцярожны будзь з агнём.
Жывапісныя палотны, аб’ёмныя работы з розных матэрыялаў аўтарства школьнікаў раёна былі прадстаўлены ў выглядзе выставачнай экспазіцыі ў фае Дома Саветаў – у абсалютнай адпаведнасці з тэмай вынесенага на разляд нарады пытання. Месцамі наіўна, аднак кранальна і вельмі вобразна. Запамінальна, паколькі лепш адзін раз убачыць.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *