Гранітная памяць

Прапанова Аляксандра Вальчука і яго аднадумцаў некалі зацікавіла старшыню калгаса “Прагрэс” Івана Цыкмана. Асутнасць яе была простай: адкрыць прыватную справу – цэх па вытворчасці будматэрыялаў і вырабу помнікаў на базе мясцовай гаспадаркі. Умовы задавальнялі: 50 працэнтаў будаўнічых блокаў рэгулярна пастаўляліся для патрэб калгаса, адлівалі калодзежныя кольцы, балясіны. Ды і зразумела было, наколькі дарэчы наладзіць выраб помнікаў: каб увекавечыць памяць родных і блізкіх, людзі шукалі дапамогі далёка за межамі раёна.

І вось атрыманы ў арэнду ўчастак зямлі, сярод поля, на ўзгорку, паміж вёскамі Дарава і Малое Падлессе. Іменна тут нараджалася прадпрыемства “Маналіт”. Прыгожыя мясціны. Аднак, было не да рамантыкі: належала выканаць вялізарны аб’ём работ. А ў думках будаваліся планы яшчэ больш маштабныя. Аляксандр Вальчук быў не навічком у гэтай справе: будаўнік па адукацыі,  за плячамі шмат гадоў  работы   з каменем.

Пачынаў з уладкавання пад’язных шляхоў. Неўзабаве сталі з’яўляцца і абрысы будучага прадпрыемства. З самага пачатку будаўніцтва гаспадар думаў пра яго ўладкаванасць і    эстэтычны выгляд: уздоўж дарогі высадзіў 110 бярозак.

Сёння прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “БелГранітСэрвіс” (іменна так яно называецца цяпер) працуе стабільна, упэўнена і мае  свой адметны почырк у рабоце. На пустым месцы вырасла база з узорнай культурай вытворчасці. У цэхах цёпла і светла, у рабоце станкі і механізмы айчыннай вытворчасці, а таксама польскія і нямецкія. Абсталяваны пакой для адпачынку, да паслуг работнікаў душавыя кабіны. Падтрымліваецца парадак і на тэрыторыі прадпрыемства: чысціня, адходы вы-творчасці збіраюцца ў спецыяльныя кантэйнеры. Абласная камісія па ахове працы, якая нядаўна наведала “БелГранітСэрвіс”, была ўражана: такое ўзорнае прадпрыемства працуе ў сель-скай мясцовасці.

А галоўнае, тут склаўся калектыў  зладжаны, дружны, стабільны, у некаторым сэнсе творчы. Усе 30 чалавек – рэзчыкі, пільшчыкі, мастакі, дызайнеры – майстры, высакакласныя спецыялісты, якія здольныя ўвасобіць у камені задумкі заказчыкаў. Па сутнасці, іх работа складаная яшчэ і ў маральным сэнсе, бо ў кожным кавалку граніту, які ў руках майстроў ператвараецца ў знак памяці, увасабляецца нечае жыццё, і кожная работа – яго гісторыя. Яны, гэтыя людзі, яшчэ і псіхолагі, бо заўсёды выслухаюць чалавека, па-спагадаюць і  не пакідаюць за сабой права выканаць работу  бяздушна. Не важна, ці гэты помнік з дарагога граніту, ці зусім сціплы знак памяці.

Работа выхоўвае чалавека, адзначае Аляксандр Паўлавіч. Ён перакананы: вельмі важна дапамагчы людзям, якіх напаткала страта блізкага. Да яго часта звяртаюцца з просьбай – проста дапамагчы. Вальчук не адмовіў, калі паўстала праблема добраўпарадкавання брацкіх магіл і помнікаў воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Святое месца для кожнага ляхавічаніна – Курган Славы. Шэфства над ім узяў на сябе Аляксандр Вальчук, які штогод дабрачынна добраўпарадкуе мемарыял да знамянальнай даты. Ён жа адрамантаваў 16 помнікаў і абеліскаў у вёсках раёна. Каб помнілі  землякі пра подзвіг бацькоў і дзядоў.

Дабрачынная дзейнасць гэтага чалавека, здаецца, перарасла  ў абавязак, найперш перад сабой. Іменна так Аляксандр Паўлавіч аднёсся да рэстаўрацыі помніка сям’і Бохвіцаў, якія пахаваны на каталіцкіх могілках у вёсцы Дарава. Да Дня беларускага пісьменства работы былі закончаны – дабрачынна.

Калі праўда, што існуе вакол чалавека аўра, то ў Аляксандра Вальчука яна вельмі прыцягальная: ён надзейны чалавек у вырашэнні сур’ёзных спраў, з ім прыемна размаўляць, яму адразу хочацца давяраць. Напэўна таму некалі іменна да яго звярнуўся наш знакаміты зямляк кінарэжысёр Міхаіл Пташук, каб увекавечыць памяць сваіх бацькоў. Перад трагічнай паездкай Пташука ў Маскву яны разам      пабывалі на могілках, і Міхаіл    шчыра папрасіў Аляксандра: “Ты глядзі іх тут…” Нібы адчуваў, што больш не вернецца, уздыхае Вальчук.

Калі Аляксандр Паўлавіч працаваў над мемарыяльнай дошкай Міхаілу Пташуку на вуліцы райцэнтра, што носіць яго імя, ён успомніў гэтую іх сустрэчу і наказ. І выконвае яго сумленна.

А новы дзень прыносіць новыя клопаты. Граніт паступае  з Карэліі і Украіны, з Урала – мармуровая крошка, з гравіем і цэментам лягчэй – мясцовыя будматэрыялы. Прыняць заказы і пракантраляваць работу магазіна ў райцэнтры, абмеркаваць план работы – клопатаў у кіраўніка хоць адбаўляй. Аляксандр Вальчук вырашае бягучыя праблемы і думае пра перспектыву: сёлета будзе арганізавана яшчэ 10 рабочых месцаў.

Дапамагае ў працы  тое, што   ён імкнецца ісці на кампраміс у многіх складаных пытаннях. З разуменнем і падтрымкай ставіцца да прадпрымальніка і раённае кіраўніцтва.

Ён і цяпер рады, калі завітаюць Іван Цыкман і старшыня СВК “Тальмінавічы” Аркадзій Сакун пацікавяцца, як ідуць справы, нешта параяць, проста маральна падтрымаюць.

Сярод клопатаў і турбот Аляксандр Паўлавіч знаходзіць час і для свайго любімага саду, які сам пасадзіў. Праўда, іншы раз прыходзіць сюды ўжо прыцемкам. Палюбавацца дрэўцамі, праверыць як яны сябе адчуваюць, абрэзаць, падкарміць. А калі паспяваюць плады, то гэта асобая гісторыя: Аляксандр Паўлавіч не праміне ніводнага знаёмага, каб не пачаставаць яблыкам са свайго саду…

Аліна ЛАПІЧ

One thought on “Гранітная памяць

  • 21/02/2012 в 11:41
    Permalink

    Чытайце Рэмарка — у крызісныя часы помнікі гэта сама тое

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *