Прыгожа, ды не гожа…

Як павінны адрэагаваць бацькі, калі іх малыш прынясе з садка ці з вуліцы не сваю цацку? Канешне, яны растлумачаць дзіцяці, што без дазволу чужое браць нельга, гэта брыдка і сорамна і чужую рэч трэба абавязкова вярнуць. І ніколі ні ў якім разе больш так не рабіць.

Любімыя казкі і вершы таксама вучаць,  што такое добра і што такое дрэнна. Як гэтыя ўрокі засвоены, паказвае час.

У свядомым узросце чалавек не пералічвае штодня запаведзі маралі – яны, што называецца, у крыві. Праўда, аналіз яе (крыві) вызначае колькасць эрытрацытаў, лейкацытаў, гемаглабіну і г.д., а не ўзровень дабраты, міласэрнасці, сумлення, годнасці. Іх выяўляюць учынкі і памкненні, словы і справы ў перапляценні сваім, паслядоўнасці, сталасці.

На жаль, на вялікі жаль, за агульнымі прыгожымі разважаннямі навідавоку і прыватнасці супрацьлеглага – нягожага – зместу. Ілюстрацый на тэму хапае… Тыя ж бадзяжныя, галодныя сабакі з катамі, якіх шкада да неверагоднасці, і якія, бясспрэчна, тояць для людзей небяспеку, нявольную “вольную” не самі ўзялі – па чыімсьці хаценні-вяленні атрымалі. А маладзенькія сасонкі ў лесе з абсечанымі пагалоўна вершалінкамі,  быццам па іх каса прайшлася, яўна сталі ”ахвярай прыгажосці”, зімой пайшлі на навагодняе ўпрыгожванне.  І выкручаная лямпачка ці вырваная “з мясам” паштовая скрыня ў пад’ездзе маюць канкрэтнае аўтарства.

Дарэчы, пра аўтарства ў прамым сэнсе гэтага слова. У тлумачальным слоўніку яно вызначаецца як прыналежнасць твора аўтару. А вось выдача чужога твора за свой ці незаконнае апублікаванне такога пад сваім імем называецца плагіятам  ці літаратурным крадзяжом.

Для журналістаў, паэтаў, пісьменнікаў, крытыкаў, мастакоў, кампазітараў, вучоных, наогул, для ўсіх гэта – табу. Свой подпіс ставіцца пад сваёй работай – творчай, навуковай і г.д. І дывідэнды, маральныя і матэрыяльныя, людзі законна атрымліваюць за ўласную працу. Ніякіх уважлівых і апраўдальных прычын у плагіятараў няма і быць не можа. Сорамна, напісаў у водгуку адзін з наведвальнікаў сайта ”ЛВ” на артыкул пазаштатнага аўтара раёнкі, змешчаны напрыканцы яшчэ 2010 года, у якім нядаўна пазнаў сваё сачыненне. Сапраўды, сорамна. І што тут можна дадаць? Урок для дарослых, якога лепш бы не было… Але тэма для роздуму, згадзіцеся, ёсць.

Як бы ні спадабаўся прачытаны сюжэт, наколькі б ні адпавядалі тваім думкам чыесьці радкі ці  марам – агучаная іншымі ідэя, на ўсё гэта можна толькі спаслацца, а не прысвоіць, не “прыхватызаваць” – іншымі словамі, не выдаць  за сваё. Нікому не прыйдзе ў галаву, напрыклад, прыпісаць  сабе “Зорку Венеру”. Ну як жа – гэта  класіка, і ўсім вядома, што твор напісаны Багдановічам. А калі не класіка і не Багдановічам – няўжо магчымы варыянты?! Пытанне рытарычнае. Адназначна – не.

Вельмі прыгожа, і мроілася, здаецца, дакладна гэтымі словамі, у нейкім сэнсе – дэжавю. Як быць? Паспрабуйце  ўзяць чысты ліст паперы і напісаць,  што думаеш.  Выказаць свае пачуцці сваімі словамі, сваімі інтанацыямі, сваёй мовай. І не шукаць у падшыўках ці ў інтэрнэце эсэ і ўспаміны, нататкі і рэцэнзіі іншых аўтараў выключна для таго, каб на момант бліснуць чужой творчасцю і… запляміцца плагіятам.

Давайце жыць па сумленні. І помніць прымаўку, якая сцвярджае, што бывае “прыгожа, ды не гожа”.

One thought on “Прыгожа, ды не гожа…

  • 30/09/2013 в 02:16
    Permalink

    А совесть-то у каждого своя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *