Плюс аптымізацыя ўсёй сельскай гаспадаркі

Перспектыўны разлік ставіць перад АПК краіны задачу сабраць не менш як 8,8 мільёна тон зерня. Узнос аграрыяў Ляхавіччыны ў гэты каравай павінен будзе скласці 86,6 тысячы “дапрацаваных” тон – з улікам зерня кукурузы. Для параўнання: леташні зерневы вал раё- на раўняўся 64,7 тысячы тон.  Варыянтаў не дадзена: пры прыкладнай захаванасці пасяўных плошчаў выйсці на вызначаную лічбу магчыма пры прапарцыянальным павышэнні ўраджайнасці. У 2011, нагадаем, сярэдні раённы гектар “важыў” 37,8 цэнтнера.

Гэта вельмі няпроста, але і не з вобласці фантастыкі, калі аптымізаваць вытворчы працэс па максімуму. У прыватнасці, такая думка гучала ў ходзе нядаўняй вучобы спецыялістаў-аграрыяў. Семінар, які  прайшоў у Ляхавічах, сабраў кіраўнікоў, галоўных аграномаў, начальнікаў вытворчых участкаў  сельгасарганізацый не толькі нашага раёна, але і іх калег з Ганцавіччыны.

Размова ішла пра аптымізацыю агратэхнічных і тэхналагічных прыёмаў вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Тэарэтычнымі выкладкамі, 40-гадовым вопытам работы ў сельскай гаспадарцы з прысутнымі дзяліўся вядучы спецыяліст па аграхіміі і ахове раслін СВК “Прагрэс-Верцялішкі” Гродзенскага раёна Іван Шаганаў. Згаданае прадпрыемства – адзін з вядучых сельгасвытворцаў краіны, пацвярджае свой, у літаральным сэнсе, прагрэсіўны вопыт паказчыкамі ўраджайнасці ўласных ніў і палеткаў. Напрыклад, летась тамашні зерневы гектар «важыў» у сярэднім 82,5 цэнтнера, бульбы сабрана амаль 400, цукровых буракоў – 670, рапсу – 24,5 цэнтнера з адзінкі плошчы.

На сустрэчы ішла размова пра тое, што пры захаванні, як правіла, агульнай тэхналогіі вытворчасці прадукцыі раслінаводства дапускаюцца пралікі, памылкі, не ўлічваюцца асаблівасці кожнага канкрэтнага выпадку, адсутнічае дыферэнцыяцыя.

Аўтар прывёў калькуляцыю вы-творчасці тоны пшаніцы ў СВК “Прагрэс-Верцялішкі”. Пры агульным кошце, роўным 414 тысяч рублёў, найбольш затратнымі аказаліся расходы на сродкі аховы раслін, мінеральныя ўдабрэнні, амартызацыйныя выдаткі. На кожную з трох гэтых пазіцый прыходзіцца па 15–16 працэнтаў ад агульнай сумы. На заработную плату, напрыклад, затрачваецца крыху больш як 7, а паліўна-змазачныя матэрыялы “з’ядаюць” 10 працэнтаў сабекошту. Для чаго гэты эканамічны расклад?

Таксама і для таго, каб паказаць неабходнасць выключна ашчаднага падыходу ў  выкарыстанні рознага роду сельскагас-падарчай “хіміі”. Нярэдка мінеральныя ўдабрэнні ўносяцца з разліку і на падставе голых нарматыўных патрабаванняў, без уліку канкрэтнай сітуацыі, калі не прымаюцца да ўвагі факт і колькасць натуральнага ўтрымання азоту, фосфару ці калію ў глебе асобных палеткаў. Не заўсёды робіцца карэктыроўка і на тое, што нейкая частка рэчываў, ідэнтычных па дзеянні на мінеральныя ўдабрэнні, трапляе ў глебу дзякуючы ўнясенню арганікі.

Больш таго, заўважыў Іван Шаганаў, бываюць – і нярэдка – сітуацыі, калі расліны не здольныя пераварыць той аб’ём, тую дозу тукаў, якую прапанавалі ім аграрыі. У адпаведнасці з нормамі, вясной, калі пасевы азімых ажываюць і пачынаюць кранацца ў рост, яны маюць патрэбу ў мінеральнай пад-трымцы ці хімічнай стымуляцыі вегетатыўных працэсаў. І атрымліваюць, як правіла. Але ж пры гэтым, па словах прадстаўніка СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, не заўсёды звяртаецца ўвага на тое, у якім стане расліны выйшлі з зімоўкі. Калі, напрыклад, з часткова падмарожанымі каранямі – удабрэнні стануць хутчэй прыгняталь-нікам, чым стымулятарам росту.

У СВК “Прагрэс-Верцялішкі” высокі сярэдні паказчык урадлівасці глебы. Ёсць палеткі высокабальныя, ёсць з даволі нізкім значэннем бала. У залежнасці ад апошняга, усе зямельныя ўгоддзі гаспадаркі падзелены –  аптымізаваны – па ступені прыгоднасці: найбольш прыгодныя, прыгодныя, малапрыгодныя і непрыгодныя. Для кожнай з трох першых груп палеткаў распрацаваны і строга выконваюцца схемы севазвароту. Якая з культур  прыйдзе на змену сваёй папярэдніцы і для якой сама стане папярэднікам. А вяртанне культур на сваё старое месца магчыма толькі праз 4 гады. У гэтым, калі вельмі коратка, і заключаецца, па меркаванні Івана Шаганава, аптымізацыя севазвароту.

І яна – аптымізацыя – павінна быць ва ўсім. На кожным этапе і ў дачыненні любой з аперацый цыкла вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Усё гэта ў рознай ступені глыбока і грунтоўна Іван Шаганаў закрануў у сваёй лекцыі.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *