Вартавыя эфіру

Гэты квартал, несумненна, з’яўляецца самым “мілітарызаваным” у Ляхавіцкім раёне. Унутры перыметра адносна невялікай тэрыторыі дыслакаваны некалькі воінскіх часцей Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Рэспублікі Беларусь.

Ёмісты вобраз – войскі пастаяннай баявой гатоўнасці, магчыма, не з’яўляецца афіцыйна-дакладным, аднак, абсалютна адпавядае рэальнаму становішчу спраў. Маніторынг дзяржаўнай мяжы краіны ў паветранай прасторы не прыпыняецца тут ні на хвіліну – ажыццяўляецца 24 гадзіны ў суткі і штодзённа. Без паправак на выхадныя і святы. Не        стане такім і амаль “святы” для ўсіх вайскоўцаў 23 лютага.

Адну з размешчаных тут воінскіх часцей – 17-ы асобны батальён сувязі ЗАТК  ВПС і войскаў СПА  Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь мы з фотакарэспандэнтам наведалі пару дзён таму. За кантрольна-прапускны пост трапілі ў суправаджэнні аднаго з, мяркуючы па ”чыстых” пагонах на цёплым камуфляжы, радавых байцоў-сувязістаў. Юнак паведаміў, што прызываўся з Лунінецкага раёна, ужо год як на службе.

Перад вачамі  – прамавугольнік страявога пляца. Яшчэ зусім нядаўна тут праходзіў ранішні развод, адсюль, атрымаўшы неабходныя распараджэнні, разлікі накіраваліся да месца нясення службы. Далей – спартыўны гарадок з паласой перашкод, казарма…  У кабінеце намесніка камандзіра часці па ідэалагічнай рабоце нас ужо чакаюць – яго гаспадар Сяргей Сярдзюк і псіхолаг батальёна (ёсць, аказваецца, у яго штатнай структуры і такая пасада) Дзяніс Бакур. Як заўважыў апошні, для часці бягучы год з’яўляецца першым юбілейным. Менавіта 1 красавіка 2002 года быў створаны батальён, менавіта           гэтая дата лічыцца днём яго першага выхаду ў эфір.

Гісторыя не працяглая, аднак, адметная. Кожнае больш-менш маштабнае вучэнне, любы палявы выхад часцей ці падраздзяленняў ЗАТК не адбываўся без прадстаўніцтва 17 АБС– калі не ў поўным складзе, то сіламі і сродкамі аднаго або некалькіх экіпажаў апаратных станцый. Без сувязі – нікуды. Так, гэтыя, як не аднойчы даводзілася чуць, прадстаўнікі вайсковай інтэлігенцыі не ходзяць у атаку, не знішчаюць у вучэбных баях умоўнага праціўніка. Яны за-бяспечваюць бесперабойнай сувяззю, чым і садзейнічаюць выкананню любой баявой задачы.

Бязмежныя прасторы расійскага палігона “Ашулук” даўно ўжо сталі, так бы мовіць, экзаменацыйнай пляцоўкай для вайскоўцаў ВПС і войскаў СПА Узброеных Сіл нашай краіны. “Крайняя”  камандзіроўка ў астраханскі стэп адбывалася напрыканцы мінулага лета ў рамках сумеснага з іх расійскімі калегамі асабліва буйнога вучэння. Удзел 17-га асобнага батальёна сувязі ў тых манёўрах не вызначаўся маштабнасцю, аднак, з пастаўленай баявой задачай разлік апаратнай станцыі справіўся найлепшым чынам. Што, безумоўна, адлюстравалася на добрым агульным выніку, добрай ацэнцы ашулук-скага палявога выхаду.

Дарэчы сказаць, наступным летам чакаецца чарговая падобная паездка, і асабовы склад батальёна пачаў ужо непасрэдную да таго падрыхтоўку.

Пра тое, што сярод ваеннаслужачых тэрміновай службы няма ўраджэнцаў Ляхавіччыны, стала вядома на самым пачатку – са слоў усё таго ж  суправаджаючага. “Так склалася, – дапоўніў Дзяніс Бакур. – Апошнія з іх звольніліся ў запас год-два таму. Вось і ў нядаўні прызыў батальён папоўнілі маладыя людзі з Баранавіцкага, Пінскага, Ганцавіцкага раёнаў. Усяго – 16 чалавек. Хлопцы прайшлі курс маладога байца, асвоілі кожны сваю воінскую спецыяльнасць, здалі тэставыя выпрабаванні і атрымалі допуск да нясення баявога дзяжурства. Інакш кажучы, сталі паўнапраўнымі членамі нашага калектыву”.

Прыкладна трэць батальёна, па словах псіхолага Бакура, складаюць прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Жанчыны займаюць  розныя пасады, носяць пагоны рознай значнасці. Самай “зорнай” ваеннаслужачай з’яўляецца Вольга Жданко. Яна – старшы лейтэнант, знаходзіцца на пасадзе спецыяліста страявой часці. А пачынала Вольга з самых першых прыступак службовай лесвіцы: “хадзіла” ў сяржанцкім званні, была прапаршчыкам, і так крок за крокам.

Падобны няпросты шлях да афіцэрскіх зорак пераадолеў і ляхавічанін Алег Асіповіч. Алег працягвае службу цяпер ужо ў званні лейтэнанта.  Магчыма, падобная перспектыва чакае і нашых зямлячак – ваеннаслужачых батальёна старшыну Таццяну Сліва, яфрэйтараў Марыну Боднар, Святлану Кендыш і іншых іх калег.

Заўтра ў тым ліку ці, магчыма, больш правільна – у першую чаргу – іх свята. Ёсць бясспрэчная на тое нагода, аднак, расслабіцца атрымаецца далёка не ва ўсіх – служба не адпускае. Дзяжурныя сілы і сродкі 17-га асобнага батальёна сувязі будуць несці сваю напружаную варту ў звычайным рэжыме. Чытай – рэжыме пастаяннай гатоўнасці дзейнічаць у штатным раскладзе, згодна са службовымі інструкцыямі, патрабаваннямі фармуля-раў, у адпаведнасці са шчырым усведамленнем адказнасці, вы-ключнай важнасці задач, паспяховасць рашэння якіх залежыць у першую чаргу ад іх – нашых абаронцаў.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *