Выдатна, гімназія!

Да гэтага адказнага і важнага экзамену педагагічны калектыў і вучні гімназіі рыхтаваліся грунтоўна.

Першую акрэдытацыю ўстанова паспяхова прайшла ў 2006 годзе. І праз 5 гадоў павінна  была пацвердзіць свой статус.

Як расказаў дырэктар гімназіі Леанід Калбаса, акрэдытацыя праводзілася ў 2 этапы. З 14 лістапада па 17 снежня 2011 года ўнутры навучальнай установы праводзіўся самакантроль, падчас якога дырэкцыя наведвала ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы, праводзіліся кантрольныя зрэзы па розных прадметах, правяраліся класныя журналы, дзённікі і сшыткі вучняў, метадычная работа настаўнікаў.  Справаздача была даслана ў Дэпартамент кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Ужо сёлета з 13 па 16 студзеня прайшоў заключны этап акрэдытацыі. Камісія ў складзе 6 прадстаўнікоў розных навучальных устаноў Беларусі пад кіраўніцтвам  кансультанта Дэпартамента Ірыны Грышчанка правяла праверку дзейнасці гімназіі на яе адпаведнасць заяўленаму статусу.  Па словах Леаніда Калбасы, члены камісіі  вывучалі матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, работу бібліятэкі,  навукова-метадычную работу, правяралі, як выкарыстоўваюцца інфармацыйныя рэсурсы і арганізоўваецца ідэалагічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу.  Выбарачна наведвалі ўрокі ў розных класах і па розных прадметах. Асабліва цікавілі членаў камісіі  такія  школьныя прадметы  як руская, беларуская і замежныя мовы, матэматыка, геаграфія, хімія і біялогія.  Не засталася ў баку ад пільнай увагі правяраючых і выхаваўчая работа. Сярод шматлікіх пазакласных мерапрыемстваў асабліва ўразіла інтэлектуальная гульня, якую вёў знакаміты ігрок клуба знаўцаў Леанід Клімовіч. Змястоўна прайшло і пасяджэнне  навуковага таварыства вучняў.

Канчатковы вердыкт камісіі Дэпартамента кантролю якасці ведаў: гімназія адпавядае заяўленаму статусу і атрымала пацвярджэнне акрэдытацыі на наступныя  5 гадоў.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *