Зімовыя скарбы Беларусі

Пасля трох узнагарод Пхёнчхана-2018 у актыве зборнай Беларусі ў суверэннай гісторыі стала 18 медалёў зімовых Алімпійскіх гульняў.
На гэтай Алімпіядзе, як і чакалася, медалі заваявалі прадстаўнікі фрыстайла і біятлона. Пачын зрабіла Ганна Гуськова, якая 16 лютага заваявала свой першы – і адразу зала- ты – алімпійскі медаль у лыжнай акрабатыцы. На наступны дзень сваё важкае слова сказала трохразовая алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 Дар’я Домрачава. Беларуская біятлонная прыма пасля трох запар няўдалых выступленняў (спрынт, праследаванне, індывідуальная гонка) здолела даказаць, што яна па-ранейшаму ўваходзіць у элітны пул страляючых лыжніц, заваяваўшы серабро ў мас-старце. Многія палічылі, што на гэтым беларусы спыняцца, бо ў астатніх эстафетных гонках у сапернікаў былі куды больш знакамітыя склады. Аднак спачатку беларуская каманда нечакана заняла высокае 5-е месца ў змешанай эстафеце, а затым Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар’я Домрачава сенсацыйна выйгралі жаночую эстафету, абышоўшы ўсіх саперніц. Праўда, прадаўжэння не было – больш беларускія спартсмены не падымаліся на алімпійскі подыум, заняўшы ў выніку 15-е месца ў медальным заліку АГ-2018.
У суверэннай гісторыі Беларусь сёмы раз была прадстаўлена на зімовых Алімпіядах. З 18 заваяваных узнагарод 10 прыпадаюць на біятлон (4 залатыя, 3 сярэбраныя, 3 бронзавыя). Больш за ўсіх на алімпійскі п’едэстал падымалася Дар’я Домрачава – 6 разоў. У яе 4 залатыя медалі (3 – Сочы-2014, 1 – Пхёнчхан-2018), па адным сярэбраным (Пхёнчхан-2018) і бронзавым (Ванкувер-2010). Два алімпійскія медалі ў Надзеі Скардзіна – золата (Пхёнчхан-2018) і бронза (Сочы-2014). Яшчэ па адным залатым медалі ў скарбонцы Ірыны Крыўко і Дзінары Алімбекавай за перамогу ў эстафеце.
Акрамя таго, у беларускіх біятланістаў яшчэ дзве сярэбраныя ўзнагароды – Святланы Парамыгінай (Лілехамер-1994) і Сяргея Новікава (Ванкувер-2010). Бронзавым прызёрам стаў Аляксей Айдараў (Нагана-1998).
Беларускія фрыстайлісты яшчэ ні разу з 1998 года не пакідалі Алімпійскія гульні без узнагарод, заваяваўшы ў агульнай колькасці 7 медалёў (4, 1, 2). Акрамя цяперашняга золата Ганны Гуськовай, алімпійскімі чэмпіёнамі ў лыжнай акрабатыцы станавіліся Аляксей Грышын (Ванкувер-2010), а таксама Ала Цупер і Антон Кушнір (Сочы-2014). Двойчы прызёрам быў Дзмітрый Дашчынскі, у якога бронза (Нагана-1998) і серабро (Турын-2006). Яшчэ адзін бронзавы медаль ляжыць у скарбонцы Аляксея Грышына (Солт-Лейк-Сіці-2002).
Акрамя біятланістаў і фрыстайлістаў, адну ўзнагароду заваяваў славуты беларускі канькабежац Ігар Жалязоўскі, які ўзяў серабро ў Лілехамеры на дыстанцыі 1000 метраў.
БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *