Выпрабаванне марозам

У суботу днём пажарныя машыны спяшаліся ў Вялікую Лотву – там гарэў жылы драўляны дом. Агнём пашкоджаны дах, маёмасць. Папярэдняя версія пажару – парушэнне правіл эксплуатацыі печкі, цеплагенерыруючых агрэгатаў і ўстройстваў.
У халоднае надвор’е асаблівую ўвагу трэба звяртаць на сістэмы ацяплення. У катэгорыю рызыкі трапляюць не толькі жыхары прыватнага жылога сектара. На кантролі павінны быць і вясковыя магазіны, аптэкі і іншыя памяшканні. З-за нізкай тэмпературы могуць замярзаць трубаправоды, асабліва калі яны не ўцеплены.
Каб пазбегнуць бяды, трэба пераканацца ў спраўнасці сістэмы ацяплення і аўтаматыкі бяспекі; агледзець дымаходы на наяўнасць пашкоджанняў, кандэнсату, абмярзання і закупорвання агалоўкаў.
Нельга адаграваць трубы агнём – гэта можа прывесці да пажару. Калі сістэма перамерзла (як правіла, гэта адбываецца ў месцах злучэння пашыральнага бака з трубаправодамі, а таксама на неўцепленым гарышчы памяшкання, у падвалах) выкарыстоўваць гарачую ваду, пясок, спецыяльныя прыборы. Падчас палення катла трэба кантраляваць ціск: калі ён расце і набліжаецца да максімальна дапушчальнага – тэрмінова спыніце працэс і выдаліце ўсё паліва.
Печка таксама не церпіць абыякавасці і патрабуе рэгулярнай праверкі яе стану. Трэшчыны і шчыліны неабходна замазаць глінай. Яны – крыніца для адкрытага агню. Пабелены дымаход дапаможа выявіць магчымую праблему чорнай сажай. Адна з распаўсюджаных прычын пажару – перагрэтая печ. Пры моцным марозе яе лепш паліць двойчы на суткі з некаторым інтэрвалам.
Таццяна КАЛГУШКІНА,
інспектар РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *