Акцэнт на якасць

Так, акцэнт на якасць. А прыцэл на экспарт. Зрэшты, без першага другога і быць не можа. Гэта жалезна дзеючы рыначны прынцып, формула эканамічнай паспяховасці любой і кожнай камерцыйнай структуры.
У поўнай «згодзе» з гэтай формулай і працуе ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы», 95-97 працэнтаў прадукцыі якога адпраўляецца на экспарт у краіны Мытнага саюза, пераважна – Расійскую Федэрацыю.

 

Для паспяховай работы прадпрыемству у кароткі тэрмін належала вызначыцца з шэрагам няпростых задач. У прыватнасці, пацвердзіць здольнасць працаваць у адпаведнасці з міжнародным стандартам якасці ХАССП. Гэта вельмі жорсткая сістэма менеджменту бяспекі харчовай прадукцыі, пры якой кантроль за якасцю ажыццяўляецца на кожным этапе яе вытворчасці.
Гісторыя ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы» пачыналася менш як два гады назад з ідэі, трансфармаванай у дакладны бізнес-план. Пад яго з аўкцыённых таргоў быў набыты комплекс будынкаў, якія да таго належалі райпо. Рамонт, адаптацыя памяшканняў пад новую і даволі спецыфічную вытворчасць, аптымізацыя і аздабленне тэрыторыі, канешне ж, патрабавалі інвестыцый. Плюс начынне цэхаў, якое на камбінаце адпавядае лепшым сучасным узорам. Вытворчасці Еўрасаюза, мантажом і вывадам тэхналагічнага абсталявання на патрэбныя рэжымы работы займаліся замежныя спецыялісты.
Каб паназіраць за работай вытворчай лініі, «спускацца» ў цэхі не абавязкова. На адной са сцен дырэктарскага кабінета размешчана двухметровая «плазма». Не ў якасці элемента эстэтыкі, канешне, а ў выключна прагматычных мэтах. На экране – відэакарцінкі з асноўных цэхаў, дапаможных памяшканняў, тэрыторыі прадпрыемства – усё ў рэжыме анлайн. Любую з відэакамер можна «наблізіць», а хочаш – у рэжыме відэамазаікі адсочвай работу адразу ўсёй лініі.
Экранную інфармацыю дырэктар ТАА Андрэй Голубеў дапаўняе расказам:
– У верасні 2016 года адкрыліся, прынялі на працу 11 чалавек. Развіваліся і дастаткова хутка выйшлі на іншыя вытворчыя аб’ёмы. Стварылі новыя працоўныя месцы, і за мінулы год калектыў прадпрыемства папоўніўся дзевяццю работнікамі. А сёлета да нас прыйшлі яшчэ пяць працаўнікоў. За ўвесь час работы прадпрыемства ніхто з яго не звольніўся, нікога не звольнілі. Мы даражым кожным, з кім працуем. І, наколькі дазваляе сітуацыя, клапоцімся. Арганізаваны падвоз на работу-з работы, сярэдні па камбінаце заробак перавышае сярэднераённы.
ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы» спецыялізуецца на ялавічыне. З яго цэхаў выходзяць тушы, паўтушы, чацвярціны, так званыя блокі сартавой ялавічыны. У залежнасці ад таго, чаго «просіць» рынак, канкрэтны заказчык. Штотыдзень замежнаму пакупніку адпраўляецца прыкладна паўсотні тон ялавічыны шокавай замарозкі (гэта, калі адразу пасля раздзелкі мяса трапляе на суткі ў холад тэмпературай мінус 35 градусаў). Акалічнасць ключавая: як паведамілі на прадпрыемстве, іменна такі рэжым тэрмаапрацоўкі найбольш эфектыўны, беражлівы ў плане захавання ў канчатковым прадукце ўсіх яго лепшых якасных характарыстык.
Мясакамбінат працуе не толькі і не столькі з сельгаспрадпрыемствамі і прыватнікамі Ляхавіччыны, але і з суседнімі раёнамі: Ганцавіцкім, Івацэвіцкім, Баранавіцкім. І нават мае дзелавую цікавасць на Міншчыне, якая, па словах дырэктара, ці не на 45 працэнтаў закрывае патрэбу прадпрыемства ў сыравіне. Пры тым, што схема работы з не «сваім» рэгіёнам дастаткова адрозніваецца.
– Мы шчыра ўдзячны вясковым працаўнікам, асобным грамадзянам, сельгаспрадпрыемствам, з якімі супрацоў-нічаем. Добра разумеем, што эканоміка прадпрыемства ў значнай ступені залежыць ад паспяховасці іх работы, іх вытворчасці. Са свайго боку – падтрымліваем, як можам. Нашы закупачныя цэны вышэй сярэднярыначных, працуем толькі па перадаплаце. Практыкуем і авансавыя плацяжы, калі нейкая з гаспадарак мае ў тым патрэбу і звяртаецца. Дапамагаем з кармамі, якія, ёсць такая магчымасць, набываем з дысконтам і з ім жа, а таксама з адтэрміноўкай плацяжу на тэрмін да двух месяцаў прадаём сельгаспрадпрыемствам. На чым зарабляем? Дзякуючы вытворчым аб’ёмам, хуткай абарачальнасці абаротных сродкаў, высокапрадукцыйнаму сучаснаму абсталяванню. Эканамічнае ў плане энергаспажывання, яно дазваляе абыходзіцца мінімумам абслуговага персаналу, іншае.
Гэта сённяшні дзень ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы». Але ёсць і па-рознаму аддаленыя мэты. Напрыклад, заняцца больш глыбокай перапрацоўкай ялавічыны, працаваць не толькі з буйной, але дробнай рагатай жывёлай. Тым больш, што пад бокам знаходзіцца магутная авечкагадоўчая ферма.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галоўны бухгалтар Вольга Несцяровіч (у цэнтры) з бухгалтарамі Вікторыяй Жыхарко, Тамарай Несвід і юрысконсультам Раманам Савасцьянікам.

Абвальшчыкі Аляксандр Новік  і Уладзімір Дарашкевіч.

Яўгеній Леонаў, Дзмітрый Анушкевіч і Сяргей Сельмановіч працуюць на прадпрыемстве з дня заснавання.

Ветурач Павел Сіцько.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *