Быць ашчадным модна і мэтазгодна

Говорана-перагаворана, што  многія галіны гаспадарчага комплексу, адпаведна, эканоміка ў цэлым, на жаль, невызначаюцца асаблівай ашчаднасцю спажывання энергетычных рэсурсаў. Напрыклад, у параўнанні з аднатыпнымі  замежнымі вытворчасцямі або нават і з лепшымі айчыннымі прадстаўнікамі свайго вытворчага сегмента. Праблема мае глыбокія карані. Пытанні беражлівасці, канешне, падымаліся ва ўсе часы, аднак, раней абсалютнага прыярытэту ўсё ж не мелі.

Іншая справа зараз, калі рацыянальнасць выкарыстання кожнай калорыі, вата, тоны і гэтак далей стала вытворчай стратэгіяй, з’яўляецца адной з галоўных умоў канкурэнтаздольнасці і паспяховасці вядзення справы. Заметна і ў кароткі тэрмін знізіць энергаспажыванне ўдаецца нямногім арганізацыям і  прадпрыемствам. І не з-за адсутнасці імкнення, а найчасцей з прычыны таго, што справа гэта далёка не танная, патрабуе істотнага фінансавага ўлівання, а ў некаторых выпадках і часовага спынення нейкіх вытворчых ліній, асобных участкаў. Апошняе справядліва, напрыклад, пры замене старога – неэнергаэфектыўнага, як правіла – асноўнага абсталявання, вытворчай аснасткі на больш прадукцыйнае новае. Пры гэтым, неабходнасць паступовага зніжэння энергазалежнасці з парадку дня не здымаецца, больш таго – з’яўляецца неабходнасцю.

У адпаведнасці з раённай праграмай энергазберажэння, у 2011 годзе суб’екты гаспадарання Ляхавіцкага раёна павінны былі стаць на 5 працэнтаў менш энергаёмістымі, чым у годзе папярэднім. Зразумела, што падобнае абавязана было адбыцца дзякуючы ўкараненню рознага роду энергаашчадных мерапрыемстваў і пры, як мінімум, захаванні на былым узроўні вытворчых паказчыкаў. Па інфармацыі загадчыка сектара жыллёва-камунальнай гаспадаркі аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Ірыны Грынялевіч, мэта дасягнута: у рэальнасці гадавое спажыванне ўсіх відаў энергіі знізілася на 6,1 працэнта. Гэта, так бы мовіць, вяршыня піраміды, канчатковы паказчык.

Дасягненню апошняга садзейнічала выкананне гаспадарчым комплексам раёна шэрагу асобных пунктаў і пазіцый згаданай вышэй праграмы. Напрыклад, аб’ём эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў у рэальнасці дастаткова перавысіў прагнозную лічбу, доля мясцовых відаў паліва ў кацельна-пячным паліве была таксама перавышана. На працягу года ўдалося ажыццявіць і ўсе 43 запланаваныя энергазберагальныя мерапрыемствы.

Рэалізацыя раённай праграмы энергазберажэння каштавала ў цэлым амаль 6 мільярдаў рублёў. Фінансаванне ажыццяўлялася па некалькіх лініях і з розных крыніц, аднак, у найбольшай ступені за кошт сродкаў мясцовага бюджэту і ўласных сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый. На выдаткаваныя інвестыцыйным фондам Міністэрства энергетыкі крыху больш як 320 мільёнаў рублёў была праведзена замена вокнаў у будынку цэнтральнай раённай бальніцы.

Інвестыцыі ў энергазберажэнне, у большасці сваёй, з’яўляюцца ўкладаннямі на перспектыву, яны не разлічаны на хуткае, тым больш імгненнае атрыманне эканамічнай выгады. Тэрмін самаакупнасці асобных  новаўвядзенняў складае 7–8  гадоў. Хоць, канешне, некаторыя з інавацый здольны “апраўдацца” і на працягу года, а то і пары-тройкі месяцаў.

Адносіны, магчымасці і, адпаведна, вынікі павышэння ашчаднасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў неаднолькавая па розных адрасах. Сярод найбольш мэтанакіраваных энергаберажліўцаў можна назваць СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі”, КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, некаторыя сельскагаспадарчыя і бюджэтныя арганізацыі раёна.

Прагназуецца, што 2012 павінен стаць для раёна на 4 працэнты менш энергазатратным, чым год мінулы. Вынікі студзеня з’яўляюцца ўдвая больш аптымістычнымі, чым за прагназавана. Праўда, доля выкарыстання мясцовых відаў паліва ў кацельна-пячным паліве пакуль што перавышае прагнозную лічбу. Магчыма, анамальныя халады другой паловы студзеня таму прычына?

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *