Меліяратары трымаюць марку

Нядаўна калектыў на традыцыйным сходзе падвёў вынікі работы за мінулы год. Успаміналі многія рабочыя моманты, няхай сабе невялікія, але працоўныя перамогі, якія, у рэшце рэшт, склалі канчатковы вынік. Як і планавалі, асвоена  5 мільярдаў 830 мільёнаў рублёў капіталаўкладанняў.

На 35 працэнтаў больш, чым у годзе папярэднім, выканана земляных работ, прадукцыйнасць працы склала 110 працэнтаў, а рэнтабельнасць – 6,7 працэнта. І яшчэ адна красамоўная лічба: нешматлікі калектыў — усяго 65 чалавек, за год атрымаў 306 мільёнаў рублёў прыбытку. А наогул, па выніках работы сярод прадпрыемстваў аб’яднання “Брэстмеліявадгас”  УП “Ляхавіцкае ПМС” на ганаровай другой пазіцыі.

І сёлета, як, дарэчы, заўсёды, гучалі на сходзе знаёмыя прозвішчы лепшых работнікаў прадпрыемства. Фотапартрэты сямі самых-самых –  на Дошцы гонару. Гэта экскаватаршчыкі Анатолій Цімашкевіч, Іван Краўчук, бульдазерыст Уладзімір Халецкі, трактарыст Сяргей Клімовіч,  кранаўшчык Аляксандр Бабёр, зваршчык Мікалай Якоўчык, бухгалтар Наталля Брэзіна. Пад апладысменты і словы пажаданняў ім былі ўручаны заахвочванні.

Летась прадпрыемства актыўна ўдзельнічала ў ажыццяўленні рэспубліканскай праграмы “Беларускае Палессе”. Па маштабах меліярацыйных работ планавалася і фінансаванне: для правядзення меліярацыйных работ у раёне было выдзелена   2,5 мільярда рублёў. Аднак, у дырэктара ПМС Валерыя Богната ёсць добрая практыка не чакаць пакуль, магчыма, з’явяцца аб’ёмы работ, а самому актыўна ўплываць на сітуацыю. У выніку 48 працэнтаў сродкаў калектыў зарабіў за межамі раёна. Ляхавіцкія экскаватаршчыкі, бульдазерысты, трактарысты працавалі ў Лунінецкім, Карэліцкім, Зэльвенскім,  Пінскім раёнах.

Работа вахтавым метадам была не заўсёды зручнай, але выручаў той самы касцяк калектыву, на які тут  спадзяюцца. Задавальняла і зарплата: у экскаватаршчыкаў і бульдазерыстаў у месяц прыкладна 2,5-3,5 мільёна рублёў. Сёлета за студзень яна склала ў сярэднім па прадпрыемстве амаль 2 мільёны рублёў. Жаданне ўсіх выйсці на дакрызісны ўзровень зарплаты настройвае лю-дзей на актыўную дзейнасць: больш аб’ёмаў работ патрэбна выканаць з найменшымі затратамі. Аднак, як дадае Валерый Богнат, зарплата не павінна адмоўна ўплываць на прыбытак і рэнтабельнасць вытворчасці.

Паспяховасць  прадпрыемства залежыць ад развіцця вытворчасці і, як перакананы дырэктар, ад яе культуры. Значную частку прыбытку ПМС выдаткоўвае на ахову працы: на кожнага работніка летась затрачана па 1 мільёну 600 тысяч рублёў. Набыта спецадзенне, аформлены інфармацыйныя стэнды, удасканалены бытавыя ўмовы, добраўпарадкуецца тэрыторыя, у тым ліку і мехмайстэрняў, гаражнага масіву. Сярод аднатыпных прадпрыемстваў Ляхавіцкае ПМС па пытаннях добраўпарадкавання ўжо 2 гады лічыцца лепшым, і сертыфікат адпаведнасці ІСО 18001 – таму пацвярджэнне.

Развіццё вытворчасці нельга ўявіць без абнаўлення тэхнікі. І гэтае пытанне тут разглядаецца як важнейшае. На сённяшні дзень амартызацыя асноўных сродкаў складае каля 40 працэнтаў, як зазначыў Валерый Уладзіміравіч, – прыклад еўрапейскага стандарту. Машынна-трактарны парк папаўняецца новай тэхнікай штогод, прычым, перавага аддаецца машынам і механізмам айчыннай вытворчасці. У наяўнасці ўстаноўка для змяншэння грунтовых вод, якая каштавала 140 мільёнаў рублёў і акупіла сябе за 2 месяцы работы. Значная частка машын і механізмаў набыта па лізінгу, і кожны месяц прадпрыемства выплачвае па 80 мільёнаў рублёў.

Зразумела, што працаваць на сучаснай высокапрадукцыйнай тэхніцы павінны кваліфікаваныя кадры. У арганізацыі чакаюць моладзь, запрашаюць паспытаць свае сілы. Але патрабаванні прад’яўляюцца строгія.

— Можа хто палічыць наш падбор кадраў спецыфічным, але, на маю думку, лепш узяць аднаго высакакласнага спецыяліста, настроенага добрасумленна працаваць, і даць магчымасць яму добра зарабіць, чым той жа аб’ём работы будуць выконваць 5 чалавек. Таму і шукаем, таму і запрашаем: прыходзьце, хлопцы, у ПМС працаваць экскаватаршчыкамі і бульдазерыстамі!

… Калі цяпло прыйдзе своечасова, то з 1 красавіка пачнецца для меліяратараў сезон актыўнай дзейнасці. А пакуль рамантуюцца тэхніка і механізмы, наладжваюцца кантакты з заказчыкамі: палова плануемых на год аб’ёмаў работ ужо вызначана. Ляхавіцкае ПМС будзе зноў працаваць у Лунінецкім і Зэльвенскім раёнах, па 150 гектараў высокаўрадлівых зямель здадуць меліяратары хлебаробам  СВК “Ліпнянка” і “Жарабковічы”. Узгадняецца магчымасць атрымаць салідныя аб’ёмы работ у Магілёўскай вобласці, у горадзе Горкі, а таксама   ў Смаргонскім раёне.

Любыя прапановы, дзе ёсць магчымасць зарабіць грошы, ПМС гатова разгледзець.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *