Лінія бяспекі

У жыцці здараюцца сітуацыі, якія радавымі не назавеш, што патрабуюць аператыўнага рэагавання. І не заўсёды з імі па сілах справіцца адной службе, прадпрыемству, арганізацыі, тым больш – самім людзям. Ролю каардынатара, абаронца і памочніка ў такіх выпадках бярэ раённае звяно тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. У яго ўваходзяць райвыканкам, сельвыканкамы, РАНС, службы экстраннага рэагавання, прадпрыемствы і арганізацыі раёна.

На апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама ў мінулы панядзелак падведзены вынікі работы звяна за мінулы год і акрэслены задачы на 2018-ы.
Галоўная выснова, якая прагучала на нарадзе: сваю задачу – якаснае і эфектыўнае выкананне мерапрыемстваў па забеспячэнні абароны насельніцтва і тэрыторыі ад надзвычайных сітуацый – звяно ў цэлым вырашае. Як расказаў начальнік РАНС Валерый Равінскі, на тэрыторыі раёна летась не зарэгістравана выпадкаў прыроднага і тэхнагеннага характару.
Арганізаваная прафілактычная работа і спрыяльныя ўмовы надвор’я дазволілі знізіць колькасць пажараў у экасістэмах: у 2016 годзе іх зарэгістравана 24, а ў мінулым годзе – адзін.
Вялікая ўвага надаецца растлумачэнню насельніцтву правілаў бяспечных паводзін на вадзе. Паказальна, што летась на вадаёмах раёна не зафіксавана няшчасных выпадкаў.
Праводзіліся комплексныя, камандна-штабныя, тактыка-спецыяльныя вучэнні і трэніроўкі ў арганізацыях і на прадпрыемствах раёна па пытаннях грамадзянскай абароны і аховы насельніцтва, а таксама для ўдасканалення міжведамаснага ўзаемадзеяння.
Адно з актуальных пытанняў – стан аварыйных і невыкарыстоўваемых будынкаў, выкананне ўласнікамі распараджэнняў па закрыцці доступу ў іх. Летась гэта патрабаванне датычыла 21 аб’екта, знесены тры будынкі. Капітальна рамантуецца аварыйнае памяшканне спартзалы ДЮСШ. Але гэта менш за палову са 153 неэксплуатуемых збудаванняў.
Рамонт аварыйных балконаў, высечка небяспечных дрэў, увага да стану вентканалаў і многае іншае, у тым ліку і фарміраванне ў падрастаючага пакалення ведаў і ўменняў па бяспецы жыццядзейнасці, складае аснову комплексных мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне НС, аператыўнае вырашэнне праблемных пытанняў у абароне насельніцтва. Пра гэтыя і многія іншыя аспекты бяспечнай жыццядзейнасці ішла размова на апаратнай нарадзе.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў, што ў забеспячэнні бяспекі насельніцтва не павінна быць недапрацовак і недахопаў.
Другое пытанне апаратнай нарады датычыла правядзення работ па капітальным і бягучым рамонце дарожнай сеткі раёна ў 2018 годзе. Стан дарог, якасць іх рамонту і ўтрыманне – адно з надзённых пытанняў. Начальніку ДРБУ-200 Ігару Піліногу дадзена заданне забяспечыць належную якасць работ на аб’ектах.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *