Меню для раллі

Аграрыі ва ўсю рыхтуюцца да адказнейшай пасяўной кампаніі. На неабходнасці выверанага рэальнага планавання на кожным этапе падрыхтоўкі і непасрэдна сяўбы акцэнтаваў увагу старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч падчас разгляду аднаго з пытанняў парадку дня лютаўскага пасяджэння райвыканкама. Датычылася яно падрыхтоўкі сельгасарганізацый Ляхавіччыны да правядзення веснавых палявых работ.

81800 тон збожжа, 85000 – цукровых буракоў, 7400 – алейнага насення рапсу, 2930 – ільновалакна, 7200 тон бульбы – такі ўраджай, а таксама 90592 тоны травяных кармоў павінны сабраць і нарыхтаваць аграрыі нашага раёна сёлета. Намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Камінскі ў сваёй справаздачы падкрэсліў, што задача хоць і складаная, але выканальная. Для гэтага неабходна прыкласці ўсе намаганні, якасна і ў аптымальныя тэрміны правесці работы, узмацніць працоўную дысцыпліну.
Пры фарміраванні структуры пасяўных плошчаў асаблівая ўвага на кормавытворчасць: пад гэтыя мэты ў раёне пасеяны азімыя зерневыя на плошчы 8620 гектараў. Не выканалі заданне райаграсэрвіс, «БелДан» і «Тальмінавічы». Для росту вытворчасці малака і мяса неабходна нарыхтаваць травяных кармоў ў разліку 40,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Прычым важная не толькі колькасць, але і якасць нарыхтаванага. Плануецца комплексная работа па павышэнні прадукцыйнасці кармавых угоддзяў за кошт перазалужэння палепшаных лугапашавых плошчаў, сяўбы шматгадовых траў і ўнясення мінеральных удабрэнняў. Мінулагодняй восенню не ўсе гаспадаркі (ААТ «Шлях новы», «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» ДП «Тальмінавічы», ЗТАА «БелДан») справіліся з ворывам. Ім неабходна завяршыць работы вясной.
Для правядзення яравой сяўбы падрыхтавана неабходная колькасць насення. Хапае насеннай бульбы, ільнонасення і ўвогуле ў наяўнасці 168 працэнтаў да неабходнага. А вось кукурузы пакуль толькі 37, 7 працэнта.
Абараніць зерне ў раллі ад шкоднікаў – спрацаваць на добры ўраджай. З восені хімпраполка азімых праведзена толькі на 19 працэнтах пасяўных плошчаў. Адна з прычын – адсутнасць гербіцыдаў (у неабходнай колькасці яны ёсць толькі ў «Жарабковічах», «Начы», «БелДане»). У няспраўным стане тэхніка для ўнясення гербіцыдаў у «Тальмінавічах» і «Ліпнянцы».
Што датычыцца арганікі, то пакуль нарыхтавана 92,5 працэнта арганікі, 81 працэнт вывезены на палі. Нізкімі тэмпамі вядзецца вывазка ў «Тальмінавічах» і райаграсэрвісе.
Не самая аптымістычная карціна з наяўнасцю мінеральных удабрэнняў пад веснавую сяўбу: азотных – 35,5 працэнта да неабходнага, фосфарных – 22, калійных – 36 працэнтаў. Сітуацыю трэба тэрмінова выпраўляць.
Яшчэ адзін важнейшы кампанент веснавой кампаніі – гатоўнасць тэхнікі. На рамонт тэхнікі, акрамя ўласных сродкаў гаспадарак, накіравана  70 тысяч рублёў бюджэтнай пазыкі. Са 120 тысяч рублёў, выдаткаваных з бюджэту на тэхабслугоўванне энерганасычаных трактароў, камбайнаў, сваю суму асвоіў толькі райаграсэрвіс. Астатнія не надта спяшаюцца скарыстацца мэтавай дзяржпадтрымкай. Хаця, напрыклад, у «Шляху новым» з сямі энерганасычаных трактароў пакуль гатовыя да сяўбы чатыры, з шасці камбінаваных пасяўных агрэгатаў – толькі два), у райаграсэрвісе адпаведна з пяці энерганасычаных падрыхтаваны тры.
Кіраўнікі аграпрадпрыемстваў, а таксама дапаможных службаў (ільнонасенстанцыі, раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін), спецыялісты райсельгасхарчу дакладвалі, як ідзе падрыхтоўка на месцах. Усё па плане і па папярэдне распрацаваных графіках – у «Ляхавіцкім», «Начы», «Белпрампрыборы», «Жарабковічах».
Разам з вясной у сельгаспрадпрыемствы прыходзіць сезон напружанай працы. На парадку дня ўзмоцнены кантроль за расходам паліва, безумоўнае выкананне правілаў тэхнікі бяспекі, строгая вытворчая дысцыпліна на кожным участку і ў дачыненні да ўсіх – ад кіраўніка да вартаўніка.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *