На ветразях мары

Ярка заззялі, бліскуча адзначыліся школьніцы СШ №1 г. Ляхавічы на I адкрытым рэспубліканскім творчым конкурсе «Ветразі мары». Напрыканцы лютага ў сталіцы па ініцыятыве прадзюсарскага цэнтра народных артыстаў Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча сабраліся калектывы і навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў, творчых студый, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, студэнты і іншыя творчыя асобы.
Пяцікласніца Эвеліна Казакевіч і дзесяцікласніца Аляксандра Павядайла заслужылі на конкурсе статус дыпламантаў у намінацыі «Вакальная творчасць, салісты. Эстрадны вакал». Эвеліна стала ўладальніцай дыплома I ступені, выканаўшы песню «Падары мару». Аляксандры дыплом II ступені прынесла кампазіцыя «Шлях». Дзяўчынкі некалькі гадоў спяваюць у школьным гуртку «Квінта» пад кіраўніцтвам настаўніка музыкі Аляксандра Сокала. Ён вельмі хваляваўся за сваіх выхаванак, падтрымліваў іх. Адзначае, што канкурэнцыя была немалая, але дзяўчынкі трымаліся цудоўна, галасы гучалі чыста, а зала дружна апладзіравала ляхавічанкам.
Эвеліна расказала: калі сярод пераможцаў прагучала яе прозвішча, нават не паверыла свайму шчасцю. Дарэчы, школьніца летась стала дыпламанткай абласнога конкурсу патрыятычнай песні «Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта СШ №1

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *