Прыходзіць, прыгажуня-вясна!

Самае смачнае, блінна-духмянае, вясёлае свята ў лютым, бясспрэчна, – масленіца. Школьнікі Малагарадзішчанскага дзіцячага сада-сярэдняй школы добра ведаюць: прыгажуню-вясну трэба сустрэць належным чынам, па народных традыцыях – з блінамі і аладкамі, песнямі, жартамі і гульнямі і развітацца да наступнага года з марознай зімой.
Школьны двор у імгненне ператварыўся ў гульнявую пляцоўку з мноствам станцый – спрабавалі сябе навучэнцы ў якасці стралкоў, вызначалі, хто самы спрытны ў перацягванні каната, «паламалі галаву» ў шашачных партыях, у ролі дыктараў пабывалі на станцыі  скорагаворак. За кожную перамогу хлопчыкі і дзяўчынкі атрымлівалі жэтончыкі, пасля падлічылі і вызначылі лепшых. У масленічным спаборніцтве імі прызнаны Аляксей Свірэпа, добры вынік і ў яго сястрычкі Марыі, Уладзіслаў Сакуць таксама атрымаў вялікую колькасць жэтончыкаў.
Завіталі ў госці да школьнікаў скамарохі, і нават сама Масленіца запрасіла ў блінны гарадок. Колькі ж тут было  прысмакаў: блінчыкі з рознымі начынкамі, торцікі, пірагі –  у кожнага класа свая арыгінальная страва.
А якое развітанне з зімой без спальвання пудзіла! Дарэчы, менавіта гэты абрад у нашых продкаў быў звязаны з надзеяй на важкі ўраджай, на спраўджванне мараў.
Прыемная акалічнасць: школьнае свята набыло маштабы вясковага. Перад хараством масленіцы нельга ўстаяць.
Маргарыта КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *