Аграрная формула з усімі вядомымі. Справаздачныя сходы – гэта экзамен і для працоўных калектываў, і для іх кіраўніцтва. ДП «Востраў-Агра»

Па тэмпах росту валавой сельгаспрадукцыі ў мінулым годзе ДП «Востраў-Агра» выглядае даволі прэзентабельна – 115,1 працэнта пры заданні 103. Справы ў гаспадарцы, якая ў апошнія гады ніяк не можа пазбавіцца ад малапрыемнага статуса аўтсайдара, нарэшце пайшлі ўгору? Адказ павінен быў даць справаздачны сход. Ён адбыўся ў мінулую суботу ў аграгарадку Востраў. У тутэйшым СДК сабраліся працаўнікі сельгаспрадпрыемства. Удзел у сходзе ўзялі старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.
Летась вастраўчане зрабілі стаўку на жывёлагадоўлю і не памыліліся. Прычым, кіраўнік раёна адзначыў, што для дасягнутых паказчыкаў не спатрэбіліся значныя фінансавыя ўкладанні: навялі элементарны парадак, умацавалі дысцыпліну. Па словах дырэктара ДП Тамары Церах, за 2017 год на мясцовых фермах надаілі 1711 тон мала- ка – 127 працэнтаў да ўзроўню 2016 года. Павялічыўся сярэдні надой ад кожнай каровы. На малочны завод яго прададзена на 339 тон больш, чым пазалетась. Гатункам экстра прададзена 39,4 працэнта, вышэйшым – 59,4. Як падкрэслена ў справаздачы, плюсу паспрыяла рэканструкцыя малочнатаварнай фермы «Востраў» (на гэтыя мэты зрасходавана больш як 105 тысяч рублёў), што дазволіла свабодна размясціць жывёлу. Цяпер вядзецца рэканструкцыя МТФ «Кулікі». Сёлета плануецца павялічыць пагалоўе БРЖ да 1330 галоў (з іх 443 – малочнага статка) – 124 працэнты да ўзроўню 2017 года.
Парадак на ферме – абавязковая ўмова. Калі карова на стойлавым утрыманні не дагледжаная, як яе ні кармі – добрай якасці малака не дачакаешся. Кіраўнік раёна быў катэгарычны: захаванне тэхналогіі догляду, кармлення, даення – безумоўнае патрабаванне.
Тамара Церах абазначыла перад жывёлаводамі задачы на бліжэйшую перспектыву: зніжэнне сабекошту прадукцыі і паляпшэнне якасці малака. Многае патрабуецца наладзіць і ў аднаўленні статка. Пакуль гэты паказчык са знакам мінус.
Дырэктар прадпрыемства гаварыла і пра тое, што раслінаводства летась не парадавала, збожжавых атрымалі на 240 тон менш, знізілася і ўраджайнасць. Сёлета плануюць сітуацыю паправіць. Ёсць азотныя ўдабрэнні на першую падкормку. Для наступных плануюць закупіць неабходную колькасць.
Гаспадарка летась панесла страты ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, не выканана даведзенае бізнес-планам развіцця гадавое заданне па рэнтабельнасці продажаў. Далёкія ад паспяховых узровень прамых матэрыяльных затрат на гектар пасеваў збожжавых, расход кармоў на цэнтнер прываг БРЖ.
Пра зарплату. Сярэднямесячная зарплата ў «Востраве-Агра» за мінулы год склала 449 рублёў (119 працэнтаў да ўзроўню 2016 года). Разам з тым, гэта сельгаспрадпрыемства – адно з трох на Ляхавіччыне, дзе колькасць кіруючых работнікаў значна большая аптымальнай.
Старшыня райвыканкама зазначыў: для паспяховай работы патрабуюцца дакладныя эканамічныя разлікі і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве, укараненне прагрэсіўных тэхналогій у вытворчасць. Кіраўніцтва ДП павінна прыкласці ўсе намаганні для ўзмацнення кантролю і дысцыпліны на кожным участку работы.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *