КСУП «Ліпнянка». Аграрная формула з усімі вядомымі

У мінулую пятніцу сход па выніках сваёй работы ў 2017 годзе правялі працаўнікі КСУП «Ліпнянка». Былі таксама пастаўлены задачы на год бягучы, вызначаны шляхі іх вырашэння.
Па наяўнасці сельскагаспадарчых угоддзяў саліднасць «Ліпнянкі» з’яўляецца бясспрэчным фактам. Іх у гаспадарцы больш за 6 500 гектараў. Ворыва ўдвая менш, паколькі значная доля ліпска-свяціцкіх зямель аб’ектыўна не для яго.
Са справаздачы дырэктара прадпрыемства Станіслава Берташа можна зрабіць выснову: у параўнанні з папярэднім, 2017 год для «Ліпнянкі» атрымаўся са знакам мінус па большасці паказчыкаў, на якія арыентуюцца ў ацэнцы паспяховасці вытворчай структуры.
Валавы збор зерня ў вазе пасля дапрацоўкі склаў 1242 тоны – плюс 12 працэнтаў у параўнанні з сезонам-2016. Рост, аднак, адбыўся не за кошт ураджайнасці. Наадварот, прадукцыйнасць леташняга ліпскага зерневага гектара аказалася больш нізкай, чым годам раней – у суадносінах 15 да 20 адзінак масы. Зусім не ўрадзіў рапс, хаця ад гэтай патэнцыяльна высокадаходнай культуры шэраг гаспадарак раёна атрымлівае дадатковы прыбытак. Чаму? Галоўны аграном пра ліпнянскі рапсавы мінус патлумачыў максімальна адкрыта: невыкананне тэхналогіі.
Раслінаводства – гэта яшчэ (а, магчыма, і ў першую чаргу) кармы. Лічбы, якія характарызуюць валавыя і ўдзельныя корманарыхтоўкі ДП «Ліпнянка», выглядаюць вельмі прывабна. Летась у засекі былі пакладзены і сена, і зернесянаж, і сянаж, сілас. Так што на ўмоўную галаву атрымалася ледзь ці не па 41 цэнтнеры травяністых кармавых адзінак. Як мала ў каго ў раёне. У той жа час, расход кармоў у пераразліку на ўдзельныя вытворчыя паказчыкі ў «Ліпнянцы» істотна перавышае нарматыўны.
Цвёрдым станоўчым момантам у рабоце жывёлагадоўлі гаспадаркі ў мінулым годзе з’яўляецца наступны: «падняліся» ў якасці малака. На «экстру» пакуль не выйшлі, аднак, малака вышэйшага гатунку прадалі на 27,1 працэнта больш, чым у 2016-м. Тым не менш, расці ім у гэтым накірунку яшчэ і расці, маецца велізарны патэнцыял. Гэта і магчымасць зарабіць, паколькі розніца ў цане на прадукцыю, напрыклад, вышэйшага і першага гатункаў вельмі адчувальная. Але нават пры цяперашнім раскладзе – удойнасць, паказчыкі якасці, таварнасць, вал – на вытворчасці малака «Ліпнянка» атрымала прыбытак. Рэнтабельнасць склала нязначна больш за 8 працэнтаў. Няшмат, калі ведаць, што некаторыя іх калегі ў раёне працуюць «па малаку» з рэнтабельнасцю 50 і больш працэнтаў.
Увогуле, гадавая рэнтабельнасць прадпрыемства склала менш за 0,1 працэнта – з улікам прэферэнцый, атрыманых ад дзяржавы.
– Трэба сабрацца і працаваць, – адзначыў дырэктар КСУП, абазначаючы задачы прадпрыемства на сёлета. – У нас усё для гэтага ёсць: добрыя спецыялісты, класныя механізатары і вадзіцелі, вопытныя жывёлаводы. Часта справа ў недахопе дысцыпліны. Хоць яе, як і адказнасці, зацікаўленасці ў выніках работы, карыснай ініцыятывы з боку працаўнікоў, неабыякавасці становіцца ўсё больш. 2018 год павінен стаць для прадпрыемства пераломным.
Максімальны ўлік усяго, дакладнейшы кантроль, жорсткая дысцыпліна для ўсіх і кожнага. Калі прытрымлівацца гэтай формулы, слабыя і сярэднія, па меркаванні старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, становяцца моцнымі. І «Ліпнянцы» ў гэтым накірунку ёсць куды рухацца.
Добрая для мясцовых навіна і ў тым, што раённыя «Дажынкі-2018» пройдуць у аграгарадку Ліпск.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *