Зіму правялі, вясну сустрэлі

У нядзелю на стадыёне «Колас» панаваў святочны настрой. Зазывалы-скамарохі прыпеўкамі, гумарыстычнымі заклікамі, музыкай і смехам запрашалі ляхавічан і гасцей горада на народнае гулянне — зіму Масленіцай правесці і вясну сустрэць. Самадзейныя артысты з гарадскіх і сельскіх устаноў культуры танцамі і песнямі, гульнямі і забавамі, вырабамі народнай творчасці радавалі гасцей. Конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, загадкі прыйшліся даспадобы многім.
Сілу і спрытнасць дэманстравалі ўдзельнікі спаборніцтваў, што ладзілі сярод дарослых і дзяцей педагогі з цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і работнікі ДЮСШ. Паспрабаваць сваю сілу ў перацягванні каната і армрэслінгу маглі ўсе жадаючыя.

А якая ж Масленіца без бліноў! Імі частавалі гасцей самадзейныя артысты і кулінары-прафесіяналы. Сустракаць вясну сабралася нямала гараджан і вяскоўцаў. Шматлікія святочныя фрагменты стварылі радасны настрой усім. Справа засталася за малым: каб вясна пачула, як яе запрашалі, і хутчэй змяніла зіму.
А што датычыць абяцаных арганізатарамі лыжных спаборніцтваў, то яны не адбыліся. Тут свае карэктывы ўнесла надвор’е — літаральна за суткі ад былых снежных сумётаў засталіся толькі невялічкія астраўкі таго, што снегам завецца. Усяму — свой час…
Масленічны тыдзень завяршыўся даравальнай нядзеляй. Наперадзе праваслаўных вернікаў чакае 7-тыднёвы пост перад Вялікаднем.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *