Тамара Ялкоўская распавяла пра экалагічную сітуацыю ў Ляхавіцкім раёне

— Тамара Анатольеўна, Вы пачалі размову з больш паэтычнага, чым нават “миллион алых роз”, вобраза – сказалі, што больш як пяць мільёнаў кветак штогод высаджваюцца ў абласным цэнтры і іншых населеных пунктах Брэстчыны. Давайце пачнём размову з тэмы добраўпарадкавання…
— Пяць мільёнаў кветак, а яшчэ новыя зялёныя насаджэнні — прыгожа, эстэтычна, радасна і здорава. І гэта не столькі вобраз – а факт, у якім, дарэчы, утрымліваецца і ляхавіцкі адрас.
Добраўпарадкаванне ўключае ў сябе навядзенне парадку на зямлі, стварэнне ўзораў ландшафтна-архітэктурнага ўладкавання тэрыторый і многае іншае.
Асобная тэма — удасканаленне сістэмы абыходжання з адходамі, маю на ўвазе іх паасобны збор. У 2010 годзе гэты паказчык на Брэстчыне павінен скласці 75 працэнтаў. У Ляхавіцкім раёне ён пакуль значна меншы – каля 40 працэнтаў. Рашэнне задачы патрабуе намаганняў, тым больш, што існуюць і аб’ектыўныя складанасці ў гэтым. Між іншым, цвёрдыя камунальныя адходы – сыравіна другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Асобна вылучу ў гэтым пытанні два пункты – будаўнічыя адходы і перапрацоўку выйшаўшай з карыстання складанай бытавой тэхнікі. За апошнія два гады ў нашай вобласці перапрацавана на спецыяльных перасоўных устаноўках 67 тысяч тон будаўнічых адходаў. А вось перапрацоўка зношанай складанай бытавой тэхнікі наладжана пакуль толькі ў абласным цэнтры.
Адзначу, што ў нашай вобласці забяспечаны 100-працэнтны ахоп планава-рэгулярнай санітарнай ачысткай усіх сельскіх населеных пунктаў, ёсць схемы саначысткі садаводчых таварыстваў і гаражных кааператываў.
— Хацелася б пачуць Ваша кампетэнтнае меркаванне наконт “паветранага” пытання.
— Чысціня паветра залежыць у значнай ступені ад таго ўплыву, які робіць на яе вытворчая дзейнасць чалавека. Мы кантралюем гэта. Зацверджаны планавыя заданні і мерапрыемствы па скарачэнні выкідаў у атмасферу стацыянарнымі і перасоўнымі крыніцамі яе забруджання. Пастаянна правяраем, як яны выконваюцца, кантралюем усё, што звязана з азонаразбуральнымі рэчывамі ў паветры. У вобласці ўводзяцца ў строй дзеючых новыя газаачышчальныя ўстаноўкі.
Дарэчы, 83 працэнты забруджання паветра на Брэстчыне дае аўтамабільны транспарт. У мінулым годзе кожны 11-ы правераны аўтамабіль перавышаў норму шкодных выкідаў. Згадзіцеся, вельмі красамоўны факт, які патрубе практычных высноў.
Ведаю, што ляхавічан надзвычай хвалюе рашэнне набалелай “сыроватачнай” праблемы. Ёю займаліся абласныя, раённыя ўлады, наш камітэт і, канешне, ваша перапрацоўчае прадпрыемства. Мяркую, што сёлета яна будзе вырашана канчаткова. СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” за кароткі тэрмін зрабіў для гэтага ўсё, што ад яго залежыць: пабудаваў цэх па згушчэнні сыроваткі, закупіў абсталяванне, пасля мантажу якога новая вытворчасць пачне працаваць.
Але паўстае яшчэ адно пытанне: што будзе з накапляльнікамі, у якія дагэтуль скідвалі рэшткі вытворча-сці казеінавага цэха? Лічу, што патрабуецца вывучэнне навукова-даследчым інстытутам саставу гэтых вод і асадку. Магчыма, высушаны асадак можна будзе выкарыстоўваць як матэрыял для перасыпкі адходаў на палігоне. Гэта як крайні варыянт, верагодны і іншыя. Ну, а само месца, дзе знаходзяцца накапляльнікі, пасля ўсяго трэба рэкультываваць і лепш за ўсё пасадзіць на ім лес. Але паўтару, што пытанне патрабуе вывучэння.
— Тамара Анатольеўна, пра зямлю і паветра мы пагаварылі, чарга падышла да вады. Як справы з выкананнем дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада”?
— Гэта вельмі маштабная праграма, і я адказваю, што яе мерапрыемствы мы выконваем у поўным аб’ёме. У многіх райцэнтрах, у тым ліку і ў Ляхавічах, пабудаваны новыя ачышчальныя збудаванні, дзякуючы чаму ў рэкі не трапляюць за-бруджваючыя ваду элементы, у іншых такія аб’екты будуюцца ці праводзіцца іх рэканструкцыя.
Акрамя таго, за пэўны час 123 аб’екты забруджвання (фермы, склады мінеральных удабрэнняў і г.д.) былі вынесены за межы ахоўных прыродных зон, у прыватнасці, водных. Гэта таксама вельмі станоўчая з’ява.
— Але ж хаця ў ляхавіцкую раку Ведзьма сцёкі не трапляюць, яна, як і Шчара ў Дараве, з пачатку лета для адпачываючых з’яўляецца забароненай: такую выснову робіць санітарная служба пасля правядзення аналізаў вады. Як Вы лічыце, што ў гэтым плане можна і патрэбна зрабіць, каб паправіць сітуацыю?
— Я сама пра гэта думала. Ну, па-першае, трэба выявіць прычыну. Магчыма, справа ў тым, што вада застойваецца. Гэтым пытаннем сапраўды варта заняцца.
Наконт праблемы, якую ўзняў старшыня райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Бурдук — пра нізкую якасць водаправоднай і калодзежнай вады, адзначу: усё, што датычыць стану свідравін – наша кампетэнцыя, толькі трэба ініцыіраваць пытанне на ўзроўні райвыканкама. Камітэт падключыцца да вырашэння. А вось якасць пітной вады з калодзежаў – кампетэнцыя санітарнай службы.
Дарэчы, сёлета для будаўніцтва і ўладкавання артэзіянскай свідравіны ў вёсцы Задвор’е з нашага фонду выдаткавана 253 мільёны рублёў.
— Тамара Анатольеўна, шмат гаворыцца пра тое, што прырода – наш дом. Але, на жаль, не ўсе гаспадары ў гэтым доме дбайныя і беражлівыя. Браканьерства, несанкцыянаваныя сметнікі, знішчаныя дрэвы – гэта так сумна. На Вашу думку, як можна паўплываць на такія замахі?
—Лічу, што экалагічным выхаваннем трэба займацца з дзяцінства – з садка, школы. Трэба дастукацца да свядомасці, да сэрца кожнага чалавека, каб ён зразумеў: пра прыроду належыць клапаціцца, а не спадзявацца, што яна бяздонная крыніца, з якой можна браць і браць. Хацелася б узняць ролю грамадскага інспектара-прыродаахоўніка. Добра было б, каб вопыт валанцёрскага атрада студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта атрымаў распаўсюджанне. Чалавек можа і павінен зрабіць многае, каб прымножыць прыродныя багацці і, тым больш, не нашкодзіць навакольнаму асяроддзю.
Дарэчы, 2010 год ААН аб’яўлены Годам біялагічнай разнастайнасці. Сёлета ў Беларусі будзе праходзіць сёмы рэспубліканскі экалагічны форум. А напярэдадні яго – абласныя экалагічныя фестывалі, якія прадугледжваюць тэматычныя выставы, конкурсы, мноства цікавых мерапрыемстваў. Хацелася б, каб жыхары Брэсцкай вобласці, школьнікі, моладзь прынялі ў іх самы актыўны ўдзел. Прычым, удзел творчы і рознапланавы.
Нагадваю, што з усімі прапановамі, заўвагамі, праблемамі, якія датычаць стану прыроды і навакольнага асяроддзя, ляхавічане могуць звярнуцца не толькі ў сваю раённую інспекцыю, але і ў абласны камітэт. Наш тэлефон 8-0162-23-83-78. Заўсёды рады зацікаўленаму супрацоўніцтву.
— Дзякуй за размову, Тамара Анатольеўна.
Гутарыла Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *