Не побач, а разам

Што падштурхоўвае людзей аб’ядноўвацца ў грамадскія арганізацыі?  Агульныя інтарэсы і задачы, магчымасць разам вырашаць праблемы, калектыўна  і вынікова ўдзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах, сумесна рэалізоўваць свае грамадзянскія і сацыяльныя правы. Іх дзейнасць рэгулюецца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”.

Па словах галоўнага спецыяліста  аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Наталлі Мацкевіч, на Ляхавіччыне зарэгістравана  21 арганізацыйная структура грамадскіх аб’яднанняў.  У раёне самае шматлікае прадстаўніцтва мае Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў (старшыня – Генрых Траццяк), якое аб’яднала  9480 лю-дзей сталага ўзросту. Каля 3,5 тысяч землякоў увайшлі ў раённую арганізацыю Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, якую ўзначальвае Жанна Лешык.  Пакуль самая маленькая, але вельмі актыўная – пярвічная арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання  замяшчаючых сем’яў “З надзеяй” (кіраўнік Марыя Пяткевіч).

Многія жыхары горада і раёна не на словах, а на справе ведаюць пра грамадскія арганізацыі, самі з’яўляюцца іх членамі і актыўнымі ўдзельнікамі. Такія аб’яднанні існуюць не на паперы і ў справаздачах, а становяцца ініцыятарамі і арганізатарамі  мерапрыемстваў рознай накіраванасці, актыўна ўдзельнічаюць не толькі ў грамадскім і культурным, але і палітычным жыцці раёна, вобласці і краіны. І ў будні, і ў святы разам з землякамі, у вытворчых майстэрнях і на палявых станах, педагагічных канферэнцыях і юбілейных урачыстасцях, спартыўных спаборніцтвах і на падвядзенні вынікаў работы ў працоўных калектывах, на масавых мерапрыемствах  і святах лідары і актывісты  раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” (старшыня Святлана Юрлевіч), “Беларускі саюз жанчын”  (Наталля Мацкевіч),  БРСМ (Ларыса Юшкевіч),  “Фонд міру” (Алег Траццяк),  “Беларускі саюз афіцэраў” (Аляксандр Русін).

Як адзначыла Наталля Мацкевіч, члены  раённых арганізацый “Беларускага саюза афіцэраў”, “Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане” (старшыня  Васілій Праўлоцкі),  “Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму” (Уладзімір Жаваранак), аб’яднання ветэранаў разам з членамі БРСМ  актыўна  ўдзельнічаюць  у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, займаюцца прапагандай  здаровага ладу жыцця, аказваюць матэрыяльную і маральную дапамогу тым, каму неабходны клопат і падтрымка.

Менавіта імкненне не залежаць ад абставін, бытавых ня-зручнасцяў, дарыць радасць іншым аб’ядноўваюць 721 земляка, якія ўваходзяць у раённую арганізацыю “Беларускага таварыства інвалідаў” (старшыня Людміла Гніцецкая). Любоў да людзей і жаданне змагацца з хваробай, імкненне дапамагчы людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, жыць, вучыцца, працаваць, вандраваць, з цікавасцю праводзіць вольны час, сустракацца – усё гэта аб’яднала ў раённую арганізацыю  “Беларускага таварыства інвалідаў па зроку”  (старшыня Зоя Хмарык) 227 вяскоўцаў і гараджан.

У такіх  раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў, як  БРСМ, “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, “Чырвоны Крыж”, “Фонд міру”,  “Асвод”, “Беларускае таварыства інвалідаў” ёсць свае пярвічкі.

Большасць раённых таварыстваў узначальваюць кампетэнтныя, добразычлівыя людзі, выдатныя арганізатары, якія разумеюць праблемы і клопаты людзей, і якім удаецца знайсці агульную мову з калегамі, выслухаць, зразумець, дапамагчы і не пакінуць сам-насам з праблемамі. Яны ўмеюць зацікавіць і арганізаваць, аб’яднаць агульнай ідэяй.

Але, як падкрэсліла Наталля Мацкевіч, ёсць у раёне і такія грамадскія арганізацыі, дзейнасць якіх ні ў чым не праяўляецца, яны хутчэй віртуальныя, чым рэальныя. Размова ідзе, у прыватнасці,  пра  раённую арганізацыю  “Беларускае таварыства “Веды”.

Канешне, права і жаданне кожнага чалавека – быць ці не ўдзельнікам той ці іншай суполкі.  Адно зразумела: разам – заўсёды лягчэй, цікавей і надзейней.  Голас кожнага члена грамадства важны і гучны, але  многагалоссе  куды больш уплывовае і важкае.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *