Народжаная рэвалюцыяй

Наша надзея і апора – з упэўненасцю скажа  законапаслухмяны і добрасумленны грамадзянін пра міліцыю. На працягу 95 гадоў супрацоўнікі падраздзяленняў унутраных спраў краіны стаяць на варце правапарадку і спакою грамадзян, захавання дзяржаўнай і іх маёмасці.

Міліцыянеры  вядуць барацьбу са злачыннасцю ва ўсіх яе праявах. Яны  аддаюць у рукі правасуддзя  махляроў, зладзеяў, забойцаў. Яны – міратворцы ў сем’ях, гаранты спакойнага і камфортнага адпачынку  іншых. Часта даводзіцца выступаць і ў ролі выхавальнікаў – дапамагаць дзецям і падлеткам не трапіць пад уплыў незаконапаслухмяных дарослых і равеснікаў, пры-кладаць усе намаганні, каб вярнуць на правільны шлях таго, хто аступіўся. Так было,  ёсць, і, без сумненняў, – будзе.

Хто з нас не памятае знакамітыя фільмы пра міліцыю? Кандрацьеў з “Народжаныя рэвалюцыяй”, Жыглоў і Шарапаў з “Месца сустрэчы змяніць нельга”, Томін, Знаменскі, Кібрыт са “Следства вядуць знатакі”, вясковы ўчастковы Аніскін  і многія героі іншых кінааповесцей  палюбіліся гледачам  яшчэ і таму, што яны так падобныя на тых, хто нясе службу дні і ночы ў іх  вёсцы ці горадзе.  Ідуць гады, многае мяняецца ў нашым жыцці, здымаюцца новыя фільмы пра следчых і ўчастковых, оперупаўнаважаных і  інспектараў ДАІ,  дазнавацеляў  і супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх. Але нязменным застаецца адно – па-ранейшаму на варце нашых законных інтарэсаў стаяць ужо сённяшнія  міліцыянеры.

Прафесійна нясе службу і ўвесь асабовы склад аддзела ўнутраных спраў Ляхавіцкага райвыканкама. Веды, вопыт, энергія,  дысцыплінаванасць і падпарадкаванасць літары закона, неабыякавасць служаць адной важнай мэце:  выконваць свае прафесійныя абавязкі так, каб землякі жылі, працавалі і адпачывалі спакойна і дастойна. Дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх падраздзяленняў, адказнасці кожнага за свае дзеянні і ўчынкі, значнай і выніковай прафілактычнай рабоце, жаданню і ўменню міліцыянераў  працаваць з людзьмі, Ляхавіцкі РАУС па  выніках  мінулага года прызнаны лепшым сярод аналагічных падраздзяленняў Брэстчыны і атрымаў пераходны  кубак імя  Валерыя Асташонка – за высокую эфектыўнасць аператыўна-службовай  дзейнасці органаў унутраных спраў па прафілактыцы і раскрыцці злачынстваў. Дастойная ўзнагарода – за дастойную работу ўсіх, хто з гонарам  нясе званне – міліцыянер.

5-ы год аддзелам кіруе сур’ёзны, прынцыповы, мэтанакіраваны чалавек – падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Ермакоў. Аляксандр Уладзіміравіч – прыхільнік дысцыпліны, сам ёй падпарадкоўваецца і патрабуе такіх жа адносін ад падначаленых. Менавіта ад кіраўніцтва ў многім залежыць якасная і выніковая работа ўсіх структурных падраздзяленняў.

—        У мінулым годзе  наш РАУС спрацаваў  нядрэнна, прычым па ўсіх накірунках. Палепшылася работа па раскрыцці злачынстваў (і па гэтым паказчыку аддзел – лідар на Брэстчыне). Добрыя  вынікі дае прафілактычная работа, зніжаецца колькасць злачынстваў і правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі. А галоўнае – узрастае давер насельніцтва да супрацоўнікаў  міліцыі, што вельмі важна ў нашай рабоце, – гаворыць начальнік РАУС.

У 2011 годзе знізілася колькасць злачынстваў па лініі ўсіх службаў, а за апошнія 3 гады ў раёне зарэгістраваны самы нізкі ўзровень злачыннасці, у тым ліку па лініі крымінальнага вышуку. Паказальны факт – апошнім часам большая частка злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку раскрываецца на працягу дзяжурных сутак, што называецца – па гарачых слядах. За мінулы год супрацоўнікі аператыўна-дзяжурнай службы РАУС адрэагавалі на 3369 заяў, паведамленняў аб злачынствах і правапарушэннях. За гэтымі лічбамі – розныя жыццёвыя сітуацыі, пакрыўджаныя, зняважаныя, пацярпелыя ад рук злачынцаў людзі. Кожны з іх верыць, што крыўдзіцель будзе  пакараны. Дзеля гэтага і дзеля таго, каб выкараніць крымінал з нашага жыцця, нясуць службу супрацоўнікі  РАУС.

Міліцыянеры няспынна змагаюцца і з распаўсюджаннем п’янства і алкагалізму, бо, як вядома, даволі часта гэтыя негатыўныя з’явы становяцца прычынамі, якія штурхаюць людзей на злачынствы і правапарушэнні (па статыстыцы, кожнае 2-е злачынства здзейснена нецвярозай асобай). У мінулым годзе супрацоўнікамі РАУС складзена 665 адміністрацыйных пратаколаў за распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах і з’яўленне там у нецвярозым стане, спынена 15 фактаў незаконнай рэалізацыі алкагольнай прадукцыі, знішчана 757 літраў самагону і брагі, 24 літры фальсіфікаваных спіртных напіткаў, 30 самагонных апаратаў.  167 чалавек, якія сябруюць з  алкаголем, дастаўлены на прымусовае лячэнне ў  аблпсіхбальніцу “Крывошын”, 16 хранічных алкаголікаў накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

Сярод аналагічных падраздзяленняў першынство ў вобласці летась заваявалі таксама аддзяленне крымінальнага вышуку (начальнік Андрэй Студзянічнік), аператыўна-дзяжурная служба (начальнік Сяргей Вармахоўскі),  аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі (начальнік Раман Лявонцьеў), аддзяленне дзяржаўтаінспекцыі (начальнік Юрый Малевіч). Кіраўнікі перадавых падраздзяленняў – не толькі прафесіяналы ў сваёй справе, але і добрыя арганізатары, якія дакладна ставяць задачы і патрабуюць такога ж дакладнага іх выканання. У рабоце ім дапамагаюць ініцыятыўнасць, цярпенне, такт і адначасова настойлівасць.

— Хуткасць рэагавання, кампетэнтнасць, арганізаванасць, уважлівасць – якасці, якімі павінен валодаць чалавек у міліцэйскіх пагонах незалежна ад пасады, якую ён займае. Супрацоўнікі  не толькі якасна выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі, але і клапоцяцца пра імідж службы. Да сапраўдных прафесіяналаў па праву можна аднесці начальніка штаба РАУС Андрэя Шанца, начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Віктара Чарняка, старшага оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку Віталія Давідоўскага,  старшага ўчастковага інспектара  Сяргея Ісаханава,  старшага інспектара аператыўна-дзяжурнай службы Паўла Шастака, старшага дзяржаўтаінспектара Мікалая Дылеўскага, міліцыянера-ва-дзіцеля ІЧУ Міхаіла Місько, міліцыянера-канваіра ІЧУ  Уладзіміра Рабцэвіча. Наогул, пра пераважную большасць калег, можна з упэўненасцю сказаць: дастойны ганаровага і адказнага звання – міліцыянер, – гаворыць Аляксандр Ермакоў.

Па рабоце сваіх участковых многія гара-джане і вяскоўцы мяркуюць пра работу міліцыі ў цэлым. Участковыя пра кожнага жыхара свайго адміністрацыйнага ўчастка ведаюць усё. На плечы ўчастковых кладзецца вялікі аб’ём  прафілактычнай работы, асабліва з сем’ямі і грамадзянамі  з так званай групы рызыкі. Участковы – ён і следчы, і дазнавацель, і інспектар па справах непаўналетніх – усё ў адной асобе.

— Прыемна, што не адстаюць ад сваіх больш вопытных калег многія навічкі ў міліцэйскай справе. Добра зарэкамендавалі сябе на службовым пасту  ўчастковы інспектар Дзмітрый Шчука,  старшы інспектар групы кадраў  Дзяніс Завадскі, памочнік дзяжурнага  Павел Алейнікаў, вадзіцель-супрацоўнік групы тылавога забеспячэння  Яўгеній Ламанос, – расказвае  намеснік  начальніка РАУС Сяргей Пажога.

Даўно  змянілі міліцэйскую форму на цывільнае адзенне тыя, хто шмат гадоў верай і праўдай служыў народу, стаяў на абароне яго інтарэсаў.  Генадзій Савасцюк, Іван Сакун, Іван Шпак,  Святлана Карнілава, Ларыса Асецкая,  Фёдар Дамарад,  Сяргей Занько, Канстанцін Зелянеўскі,  Міхаіл Ілюкевіч, старшыня ветэранскай арганізацыі Іосіф Зубік – заўжды жаданыя госці ў аддзеле, іх вопыт і веды патрэбны сённяшнім вартавым парадку.

Гонар і слава РАУС – шаноўныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Лойка і Уладзімір Пархомчык.

— Шчыра віншую ўсіх супрацоўнікаў РАУС з прафесійным святам і 95-годдзем утварэння міліцыі. Жадаю моцнага здароўя, трываласці, бадзёрасці, добрага настрою, упэўненасці і стваральнай працы. Асаблівыя словы ўдзячнасці – сем’ям супрацоўнікаў міліцыі. Без вашай падтрымкі і разумення наша служба не была б такой паспяховай, – пажаданні начальніка РАУС сваім калегам.

Да гэтых пажаданняў далучаюцца і людзі, чый спакой ахоўваюць ляхавіцкія міліцыянеры.

Галіна КАНЬКО

One thought on “Народжаная рэвалюцыяй

  • 07/03/2012 в 13:12
    Permalink

    Дык жа ж афицыйная пазицыя супраць рэвалюцый. Бо их дзеци з’ядаюць бацькоў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *