Усё застаецца людзям

Кола іх штодзённых клопатаў шырокае – дэпутаты разгледзелі, зацвердзілі, прынялі рашэнне, заслухалі справаздачу, зрабілі, ініцыявалі… Орган мясцовай заканадаўчай улады – раённы Савет дэпутатаў – у адказе за сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, зацвярджэнне, размеркаванне і ашчаднае расходаванне бюджэтных сродкаў. У полі яго зроку і адказнасці пытанні добраўпарадкавання і навядзення парадку на тэрыторыі, арганізацыі сэрвісу, культуры абслугоўвання насельніцтва, садзейнічанне самазанятасці і прадпрымальніцтву. Як выконваюцца сацыяльныя стандарты, што з прагнознымі паказчыкамі і наколькі ўвага да людскіх праблем увасоблена ў канкрэтную дапамогу – пра гэта і многае іншае ў размове са старшынёй Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання Яўгеніем ЮРЛЕВІЧАМ. 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

– Яўгеній Нікадзімавіч, што галоўнае вы вызначыце ў справаздачы аб дзейнасці дэпутацкага корпуса раёна ў мінулым годзе?
– І ў мінулым годзе, і ў папярэдніх работа народных абраннікаў была накіравана на стваральнасць. Мясцовае самакіраванне нашага раёна прадстаўлена Саветам базавага ўзроўню і васьмю сельскімі (Ганчароўскі, Начаўскі, Жарабковіцкі, Навасёлкаўскі, Конькаўскі, Альхоўскі, Крывошынскі, Востраўскі), а таксама 66-цю вясковымі старастамі, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. У склад райсавета дваццаць сёмага склікання былі выбраны 38 дэпутатаў, у сельскія Саветы – 100.
Гэта вельмі нераўнадушныя, дзейсныя людзі, для якіх дэпутацкі статус – ні ў якім разе не фармальнасць, а тэрыторыя адказнасці перад землякамі.
У мінулым годзе праведзена восем сесій райсавета і столькі ж пасяджэнняў прэзідыума. На сесіях прынята 48 рашэнняў, з якіх 16 прайшлі абавязковую юрыдычную экспертызу, зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Актыўна працавалі і пастаянныя камісіі.
У кампетэнцыі райсавета знаходзіліся ўсе лёсавызначальныя для раёна пытанні: гэта зацвярджэнне мясцовага бюджэту і кантроль за яго выкананнем, устанаўленне льгот па рэспубліканскіх падатках, зборах, вызначэнне парадку кіравання і распараджэння аб’ектамі камунальнай уласнасці, пытанні, якія датычаць адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання, і іншыя.
У арганізацыю работы, а таксама ў аснову прымаемых дэпутатамі рашэнняў былі закладзены прыярытэтныя накірункі развіцця нашага раёна: павышэнне эфектыўнасці ўсіх галін народнай гаспадаркі, развіццё сацыяльнай сферы, стварэнне дастойных умоў працы, быту, адпачынку нашых землякоў, навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
Напрыклад, пад пільным дэпутацкім кантролем была работа па выкананні Указа № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці» як абавязковы пункт праграмы па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна.
Асаблівая ўвага ўдзялялася ходу выканання рашэнняў райсавета, напрыклад, рашэння № 74 ад 28.06.2016 г. «Аб стане працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны ў арганізацыях, забеспячэнне наймальнікамі розных формаў уласнасці бяспечных умоў працы ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дырэктывы № 1». Яшчэ адзін важны адрас дэпутацкай увагі – рынак працы і праводзімая на месцах органамі ўлады работа па прадастаўленні прэферэнцый для матывацыі стварэння новых вытворчасцяў і паслуг, рабочых месцаў.
Сярод маштабных пытанняў – вывучэнне работы мясцовых органаў улады па фарміраванні ў насельніцтва асноў здаровага ладу жыцця, па захаванні гістарычных традыцый і культурнай спадчыны.
За гэтымі і іншымі афіцыйнымі фармуліроўкамі стаяць паслядоўная работа, многія вырашаныя пытанні, канкрэтная дапамога па канкрэтных адрасах.

– Якія складнікі, на ваш погляд, найбольш уплываюць на выніковасць работы Ляхавіцкага раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў?
–Я ўжо гаварыў пра ініцыятыўнасць дэпутатаў, іх актыўнасць, працу ў акругах, веданне праблем сваіх выбаршчыкаў, уменне разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы справай ці слушнай парадай.
Вельмі важнай акалічнасцю з’яўляецца ўзаемадзеянне абедзвюх галін мясцовай улады – заканадаўчай і выканаўчай – па ўсіх напрамках выканання дзяржаўных праграм на тэрыторыі раёна, забеспячэнні яго ўстойлівага развіцця.
На карысць справе і ўзаемадзеянне дэпутатаў розных узроўняў. Маю на ўвазе народных абраннікаў, якія прадстаўляюць насельніцтва нашага раёна ў абласным Савеце дэпутатаў, а таксама ў парламенце. Лічу вельмі выніковай практыку сумеснай работы ў акрузе з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанідам Цупрыкам. Правядзенне сумесных прыёмаў грамадзян па асабістых пытаннях, у тым ліку выязных у сельсаветах, сустрэчы ў працоўных калектывах, удзел у днях інфармавання насельніцтва – такія формы работы запатрабаваны нашымі землякамі і даюць ім магчымасць звярнуцца са сваімі праблемамі, прапановамі, знайсці адказ на хвалюючае, надзённае пытанне.
Дзякуючы такому ўзаемадзеянню, у раёне зроблена многае, напрыклад, па добраўпарадкаванні. Яшчэ паўтара дзясятка гадоў назад з дапамогай на той час члена парламента Барыса Біккініна была заасфальтавана і газіфікавана ляхавіцкая вуліца Кастрычніцкая (да аб’язной дарогі), адрамантаваны дахі 40 дамоў, вырашаны пытанні будаўніцтва ачышчальных збудаванняў у горадзе, бясплатнага выдзялення сельгасабсталявання для аграпрадпрыемстваў і інш. Пазней дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Майсюк паспрыяў асфальтаванню вуліц у Канюхах (1,6 км), Жарабковічах (1 км), Востраве (1,5 км), добраўпарадкаванню тэрыторый ля Тухавіцкай СШ і гімназіі. І гэта толькі некалькі прыкладаў у тэму.

– Ведаю, што вы як кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна асабіста паспрыялі вырашэнню многіх праблем землякоў.
– І старшыня райсавета, і члены прэзідыума, наогул дэпутаты па вызначэнні абавязаны ў сваёй рабоце арыентавацца менавіта на патрэбы людзей. Усё гэта дзеля паляпшэння якасці жыцця насельніцтва, дзеля развіцця рэгіёна. Канешне, маштаб вырашаных пытанняў розны. Добраўпарадкаванне Кургана Славы, рамонт помніка і добраўпарадкаванне плошчы Перамогі ў райцэнтры, аказанне садзеяння ў выдзяленні фінансаў для добраўпарадкавання вуліц Южакова-Будаўнікоў, рамонт гімназіі, вялікая работа па зносе старых і пустуючых дамоў, будаўніцтва агароджаў у вёсках і аграгарадках, асобая ўвага да навядзення парадку на могілках – гэта і многае іншае ажыццёўлена паспяхова.
Хачу падзякаваць за разуменне, актыўнасць членам прэзідыума раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання Вячаславу Жукоўскаму, Дзіне Дуброўка, Ірыне Страмавус, Ірыне Чура, Анатолію Жабіку, Валерыю Равінскаму. Вынікова працавалі старшыня Крывошынскага сельскага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, в. а. старшыні Конькаўскага – Дзмітрый Багушэвіч, Навасёлкаўскага – Аляксандр Мацюшэнка, дэпутаты Мікалай Тарлюк, Аляксей Навіцкі, старасты вёсак. А з інфармацыйнай групай, якую я ўзначальваю, на сустрэчы ў працоўныя калектывы часта выязджалі пракурор раёна Сяргей Дзяжко, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Мацкевіч і інш.
Паўтару, што кожнае вырашанае пытанне, слушная парада, кампетэнтнае тлумачэнне – гэта таксама важная і адказная дэпутацкая місія.
– Яўгеній Нікадзімавіч, як старшыня райсавета дэпутатаў вы шмат працуеце са зваротамі грамадзян. З якімі праблемамі найбольш часта звярталіся да вас?
– Толькі ў мінулым годзе асабіста разглядзеў 58 зваротаў, з іх 46 вусных, 4 пісьмовыя, 8 паступілі пры правядзенні прамых тэлефонных ліній. Больш за ўсё землякоў хвалявалі пытанні добраўпарадкавання, рамонту дарог, камунальнай тэматыкі, у тым ліку якасці пітной вады і наогул водазабеспячэння, выдалення аварыйных дрэў. Даволі часта ўдакладняюцца пытанні налічэння пенсій, атрымання крэдытаў, арэнднага жылля. Хвалюе землякоў стан аховы навакольнага асяроддзя і г. д. Па абгрунтаваных зваротах даюцца даручэнні раённым службам, трымаю на кантролі ход вырашэння. Бывае, што заяўніку трэба растлумачыць, куды неабходна звярнуцца, у кампетэнцыі якой службы знаходзіцца вырашэнне яго праблемы. Дарэчы, лічу вельмі важным павышэнне прававой культуры грамадзян.

– Яўгеній Нікадзімавіч, ваш вопыт народнага абранніка даволі вялікі. На працягу паўтара дзясятка гадоў вы ўзначальваеце дэпутацкі корпус раёна. Што, на ваш погляд, галоўнае ў статусе дэпутата?
– Асноўнае – і гэта не проста ўзнёслыя словы – адказнасць перад людзьмі, якія выбралі цябе, якія табе паверылі і даверылі прадстаўляць іх інтарэсы ў органе заканадаўчай улады. Па сутнасці, ты пастаянна здаеш экзамен на кампетэнтнасць, дзейснасць, уважлівасць, вобразна кажучы, на вастрыню зроку і слыху, на здольнасць убачыць і пачуць, прадпрыняць меры ў межах сваёй кампетэнцыі, рашыць задачу і ўбачыць новую, за якую таксама ты ў адказе. Дэпутацкі статус – гэта ўвасоблены ў канкрэтныя справы давер тваіх выбаршчыкаў. Такі давер падмануць нельга: бяздзейнасці – табу. Скажу вам, любое вырашанае з парадку дня ці пазапланавае пытанне прыносіць задавальненне ад выніковасці тваіх намаганняў. Дэпутат у першую чаргу абавязаны, а мае права – гэта як усе і ні ў якім разе больш. Зрэшты, усё зробленае застаецца людзям, і гэта – галоўнае.

– Дзякуй за размову, Яўгеній Нікадзімавіч.

Гутарыла Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *