Малайцы, паралімпійцы!

 

 

 

Юрый Голуб

 

Святлана Саханенка з партнёрам па забегу

Дзмітрый Лобан

Лідзія Графеева

Прыемныя весткі з Пхёнчхана сёлета ўжо неаднойчы  радавалі беларусаў. Зараз мы балеем за нашу паралімпійскую каманду. Беларускія паралімпійцы –  малайцы! Па стане на раніцу 13 сакавіка ў актыве зборнай ужо 7 медалёў.

Сярод узнагарод – золата Святланы Саханенка ў лыжнай гонцы на 15 кіламетраў свабодным стылем сярод спартсменак з парушэннямі зроку і такая ж узнагарода Юрыя Голуба ў біятлоннай гонцы на 12,5 кіламетра (таксама сярод атлетаў з парушэннямі зроку). Дарэчы, на рахунку Юрыя Голуба – ужо тры медалі, да гэтага ён заваяваў серабро ў лыжнай гонцы на 20 кіламетраў і ў біятлоне ў спрынце на 7,5 кіламетра. Старт, які завяршыўся, атрымаўся лепшым у кар’еры, лічыць спартсмен. «Напярэдадні, калі атрымалі з партнёрам па забегу Дзмітрыем Будзіловічам, які вёў мяне па дыстанцыі, стартавы 16-ы нумар, мы не сумняваліся, што ўсё складзецца паспяхова. Менавіта 16 красавіка ў мяне дзень нараджэння. Такія вось шчаслівыя супадзенні! У ходзе гонкі сёння не думаў, як выступаюць сапернікі, як яны страляюць, колькі промахаў дапусцілі. Мы проста рабілі сваю работу», – сказаў Юрый Голуб пасля пераможнага фінішу.
А ў Святланы Саханенка ёсць яшчэ бронзавы медаль у біятлонным спрынце. Такая ж узнагарода – і ў Лідзіі Графеевай.
З асаблівым гонарам ляхавічане сустрэлі паралімпійскае серабро свайго земляка – ураджэнца Ганчароў, капітана беларускай паралімпійскай каманды Дзмітрыя Лобана, які заняў другое месца ў біятлоне ў спрынце сярод атлетаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Усім раёнам мы балеем за Дзіму, як кажуць, трымаем кулачкі. Можна толькі ўявіць, як хвалююцца ягоныя бацькі. І вось такі цудоўны вынік –
серабро! Ад душы віншуем Дзіму і яго бацькоў і шчыра жадаем свайму земляку і яго сябрам па камандзе новых перамог!
Але галоўную перамогу – над жыццёвымі абставінамі, якія прымусілі сабраць усю сілу духа, не скарыцца гэтым самым абставінам, – яны дасягнулі. І лепшы доказ гэтага – паралімпійскія старты, у якіх наша каманда паказвае ўзор мэтанакіраванасці, высокага спартыўнага майстэрства і сілы характару.
Ганарымся! Віншуем! Працягваем балець! Жадаем поспехаў!

Фота з сайта Міністэрства спорту і турызму.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *