Абноўка на здароўе. У Ляхавічах адкрыты абноўлены пасля рэканструкцыі, капітальнага рамонту, мадэрнізацыі харчаблок цэнтральнай раённай бальніцы

У Дзень Канстытуцыі раённая медыцына і ўсё насельніцтва Ляхавіччыны атрымалі выдатны падарунак – урачыста адкрыты абноўлены пасля рэканструкцыі, капітальнага рамонту, мадэрнізацыі харчаблок цэнтральнай раённай бальніцы. Работы праводзіліся за кошт сродкаў раённага бюджэту і каштавалі амаль 740000 рублёў. Толькі на абсталяванне затрачана
35000 рублёў.

Чырвоную стужку на наваселлі перарэзалі кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч і галоўны ўрач Георгій Хлябовіч.

На здароўе, за здароўе, для здароўя, у імя здароўя – гэта не лексічныя практыкаванні, а сутнасць ляхавіцкага адраса: завулак Пушкіна, 7 – тут размешчана цэнтральная раённая бальніца. У мінулы чацвер звычайныя будзённыя клопаты медыкаў былі дапоўнены святочнай падзеяй – урачыстым адкрыццём пасля рэканструкцыі, капітальнага рамонту і мадэрнізацыі аднаго з падраздзяленняў ЦРБ – харчаблока. На першы погляд, падраздзяленне быццам бы не галоўнае, але яго работа мае дачыненне да ўсіх аддзяленняў стацыянара: забяспечвае харчаванне пацыентаў, якія праходзяць тут лячэнне.

Усе хваляванні, планёркі, удакладненні аб’ёмаў работ, мантажы ўжо ў мінулым. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў, што гэта бальнічнае наваселле адбылося ў знакавы для краіны дзень – у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – і што яно сведчыць аб вялікай увазе і клопаце дзяржавы пра ахову здароўя народа.
Вячаслаў Сельмановіч гэта наваселле (менавіта наваселле, і такое вызначэнне зусім не перабольшанне!) назваў падзеяй чаканай, жаданай і вельмі неабходнай. Праблема поўнага абнаўлення, капітальнага рамонту, мадэрнізацыі харчаблока наспела даўно. Хаця, зазначым, і гэта справядліва, што харчаванне ў нашай райбальніцы заўсёды было вышэй пахвал: смачна, сытна, разнастайна. А вось умовы кухні былі зусім не ах… Цяпер – і гэта засведчвае экскурсія па сённяшнім харчаблоку – вельмі ах з многімі клічнікамі.
Практычна год ішлі работы на аб’екце, афіцыйная назва якога «Капітальны рамонт з мадэрнізацыяй харчаблока Ляхавіцкай ЦРБ». Фінансаваў яго раённы бюджэт: кошт пытання – 739513 рублёў. І, як адзначыў Вячаслаў Сельмановіч, гэты артыкул расходаў быў вельмі і вельмі патрэбны.
Функцыю заказчыка ажыццяўляла ўпраўленне капітальнага будаўніцтва г. Баранавічы, праектная дакументацыя выканана КУП АПП «Ляхавіцкая архітэктура», генпад-
радчыкам быў будтрэст № 25, будаўніча-мантажныя работы выконвала будаўнічае ўпраўленне
№ 172. Усім ім ад імя мясцовай улады падзякаваў кіраўнік раёна. Вячаслаў Сельмановіч павіншаваў калектыў райбальніцы з такой важкай і важнай падзеяй і выказаў упэўненасць, што яна станоўча адаб’ецца на ўзроўні медыцынскага абслугоўвання.
Аўрай шчырасці і радасці вызначаецца гэты сюжэт у цэнтры сакавіка. Хваляваўся і дзякаваў усім, хто меў дачыненне да падзеі і быў аўтарам наваселля, галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч.
У гэты дзень дырэктар БУ № 172 Валерый Скабялка, начальнік «Ляхавіцкай архітэктуры» Наталля Несцяровіч, галоўны інжынер праекта Валянцін Сяргей, ажыццяўляючы тэхнагляд Валерый Каваленка, інжынер райбальніцы Галіна Ланкуць і многія іншыя, хто быў на адкрыцці харчаблока і хто з меўшых дачыненне да яго ўводу адсутнічаў на ўрачыстасці, трымалі экзамен на вартасць зробленага. Вытрымалі паспяхова. Убачанае падчас экскурсіі па адрамантаваных і мадэрнізаваных апартаментах харчаблока ўразіла. Шыкоўна, светла, зручна, класна!
А якое абсталяванне – 35000 рублёў з раённага бюджэту каштавалі абноўкі для бальнічнай кухні: чатыры электрапліты, тры харчаварачныя катлы, пекарская шафа, параканвектамат, бульбаачышчальная і працірачная машыны, агароднінарэзка, электрапатэльня, электракіпяцільнік, мясарубка. Усё гэта і многае іншае для здароўя і на здароўе нашым дарагім землякам – жыхарам Ляхавіч і раёна.
Дарэчы, работнікі харчаблока будуць гатаваць ежу для пацыентаў цэнтральнай раённай бальніцы (сёння гэта каля 190 чалавек) і Крывошынскай участковай (каля 30 чалавек). У дзень наваселля яны не хавалі шчырай радасці ад тых умоў працы, якія цяпер стануць для іх звычайнымі.
Няхай бальнічныя абеды дапамагаюць пацыентам хутчэй выздараўліваць.

Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Маргарыты КУХТА.

Дырэктар будаўнічага ўпраўлення № 172 Валерый Скабялка.

Начальнік «Ляхавіцкай архітэктуры» Наталля Несцяровіч і інжынер райбальніцы Галіна Ланкуць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *