Ваш пашпарт, калі ласка!

Усебеларуская патрыятычная акцыя «Мы ­– грамадзяне Беларусі!», прымеркаваная да Дня Канстытуцыі, – чаканая падзея ў кожным рэгіёне краіны. Па традыцыі самыя таленавітыя і адораныя хлопчыкі і дзяўчынкі напярэдадні і ў гэты дзень атрымліваюць сапраўдную пуцёўку ў дарослае жыццё – свой першы пашпарт.

15 сакавіка юныя ляхавічане, якім споўнілася 14 гадоў, таксама атрымалі галоўны дакумент ва ўрачыстай абстаноўцы. Павіншаваў маладых грамадзян з Днём Канстытуцыі і ўручыў іх першыя пашпарты старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.
– Няхай гэта падзея стане для вас трывалай прыступкай у дарослае жыццё. Здароўя, поспехаў у вучобе, заўсёды заставайцеся патрыётамі сваёй краіны, любіце сваю малую радзіму, паважайце старэйшых! Гэта і ёсць сёння ваш асабісты ўклад у развіццё краіны і захаванне яе стабільнасці, – даў наказ маладому пакаленню кіраўнік раёна.
Аляксандра Ханаева, Паліна Машэй, Ангеліна Каўтун, Даніла Папко, Віталій Папоў, Уладзіслаў Саўчанка – з 15 сакавіка з пашпартамі і Канстытуцыяй у руках, з гонарам у сэрцы, з мноствам ідэй адчуваюць сябе зусім дарослымі.
Шчыра гучалі словы вучаніцы СШ№1 Паліны Машэй. Галоўнае, не застацца абыякавым да ўсяго, што адбываецца. Абяцанне быць заўсёды сумленнымі і справядлівымі, не спыняцца на дасягнутым, папаўняць свае веды, памятаць пра мудрыя запаветы сваіх настаўнікаў і высока несці сцяг роднай зямлі. Мы – тое пакаленне, у руках якога будучыня Радзімы. У нас ёсць магчымасці для таго, каб змяніць жыццё, зрабіць яго ярчэй і цікавей.
А яшчэ ў Дзень Канстытуцыі многія хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі членскія білеты самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны – Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *