Па слядах … метэарыта. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: Стараселле

У акружэнні лясоў гэта невялікая вёсачка Ляхавіцкага раёна з адзінай вуліцай – Зялёнай. Мясцовыя жыхары прыгадваюць: даўно тут не было так мнагалюдна, гаманліва, цікава, як 3 ліпеня 2016-га. Будаўнікі і вадзіцелі, бухгалтар і эканаміст, спецыялісты-аграрыі і супрацоўнікі праваахоўных органаў, кіраўнікі розных арганізацый і культработнікі, энергетык і тэхнолаг, дальнабойшчык і педагог –  каля 80 чалавек розных узростаў з Оршы, Мінска, Нясвіжа, Ганцавічаў і іншых куткоў краіны сабраліся ў блізкім іх сэрцу куточку малой радзімы – Стараселлі. Імкнуліся, але па розных прычынах не змаглі прыехаць на сустрэчу госці з Расіі, Канады. Іх усіх аб’ядноўвае не толькі прыцягненне родных мясцін, але і карані – усе яны з Шастакоў.

Стараста Павел Шастак.

Вось тут паставілі драўляныя сталы, лаўкі. Колькі было ўспамінаў, расказаў, цёп-лых слоў і моцных абдымкаў! На дварэ ноч, а ніхто нават і не думаў разыходзіцца, ніяк не маглі нагаварыцца, – успамінае вясковы стараста і ініцыятар той сустрэчы Павел Шастак. Яго старасельская біяграфія бярэ пачатак з 1955 года, калі бацька пабудаваў тут хату і сям’я пераехала сюды з хутара.
Гэта сёння ў вёсцы большасць хат пустуе, толькі ў 15-ці з 47-мі жывуць людзі. Зімой і таго менш. А былі іншыя часы… У пачатковай школе (ад яе застаўся толькі падмурак) у кожным класе займаліся па 25-30 чалавек, а настаўнічалі Іван Ходар і Марыя Жукоўская. Далейшую вучобу дзеці працягвалі ў Куршынавічах. Успамінаюць, як па чарзе ў сем’ях рабілі факелы, каб дзятва пешшу, асвятляючы шлях, ішла праз лес-поле за навукай. Пра цэнтралізаваныя падвозы тады размова не вялася, ды і зімой, і напрадвесні не тое, што аўтобус –  трактар не праехаў бы, загрузнуў. Дарэчы, зімой любімай забавай старасельскіх хлопчыкаў і дзяўчынак было лазіць па тунэлях са снегу. Гурбы тады намятала ў рост чалавека.
Кожная сям’я трымала на падвор’і свойскую жывёлу і птушак. Кароў было больш за 70, таму пасвілі іх у дзве чаргі.
Цяпер на мясцовым магазіне колькі гадоў вісіць шыльда з надпісам «прадаецца». Спажывецкі попыт задавальняе аўталаўка. Прадуктовая прыязджае па серадах і суботах, прамысловая – па панядзелках. Мясцовых жыхароў такі гандаль задавальняе.
Павел Шастак паказвае галоўную, па яго словах, адметнасць гэтых мясцін – розных памераў камяні, што раскіданы па яго вялікім прысядзібным участку. Гэтыя валуны сабраны з наваколля. На думку Іванавіча, яны з’яўляюцца рэшткамі метэарыта.
Акрамя валуноў у міні-скверыку растуць-мужнеюць каля паўсотні соснаў-падлеткаў, а побач набіраюцца сіл леташнія навасельцы-елачкі. Госць з поўначы – 18-гадовы кедр, які вырас са звычайнага арэха. У чаканні крылатых гаспадароў і буслянка. Павел Іванавіч пачаў будаваць дом для буслоў на спіленым дрэве, а завяршылі справу па ўласным праекце прыляцеўшыя з выраю птушкі. Абжываюць свае пенаты і шпакі.
Летась шпакі ў Стараселле прыляцелі 24 лютага, а сёлета 11 сакавіка, вось наколькі вясна спазнілася, – дзеліцца арніталагічнымі назіраннямі Павел Шастак. Птушкі – захапленне колішняга выпускніка Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума. Вучыўся па накіраванні калгаса «Пераможац» на ветэрынарнага фельчара, ад гаспадаркі атрымліваў стыпендыю, з дыпломам вярнуўся сюды працаваць. Пабудаваў дом, пасадзіў сотню дрэў і разам з жонкай выхаваў чацвярых дзяцей.
Павел Іванавіч – надзвычай цікавы і неабыякавы да чужых праблем чалавек. Ён стараста адразу трох вёсак: акрамя Стараселля, клапоціцца пра жыхароў суседніх Гашчына і Хацяжа. На тыдзень па некалькі разоў бывае ў гэтых населеных пунктах. Да яго за вырашэннем дарожных, «светлавых» пытанняў звяртаюцца землякі, дапамагае і з выпіскай дроў, брыкету і з іншымі надзённымі клопатамі.
Разам з жонкай Леакадзіяй Канстанцінаўнай паспявае ўвіхацца і па гаспадарцы, а яна ў іх немалая:
куры, пчолы, авечкі. Прысядзібны ўчастак і ўвогуле нагадвае музей народнага побыту пад адкрытым небам, усё зроблена сваімі рукамі.
Летам прыязджаюць дзевяць унукаў, клопатаў прыбаўляецца, але ж яны толькі ў радасць, – расказвае Леакадзія Шастак, дарэчы, таксама тутэйшая, старасельская.
Насупраць у бацькоўскай хаце жыве яшчэ адзін руплівы гаспадар: родны брат Паўла Іванавіча Іван Іванавіч. Ён працуе лесніком. Яго жонка Ганна Аляксандраўна – сацыяльны работнік, абслугоўвае пецярых мясцовых састарэлых жыхароў. Галоўны транспарт – веласіпед, без двухколага тут абысціся цяжка. Менавіта на ім аб’язджае не толькі Стараселле, але і Хацяж, Гашчын, Куршынавічы паштальён Марына Скубята.
Хоць і мала нас цяпер у вёсцы, але жывём дружна, падтрымліваем адзін аднаго, дапамагаем. Летам становіцца весялей, гаманлівей. Сваякі ў госці завітаюць, вось дачнікі дзве хаты купілі, добраўпарадкавалі. А грыбоў колькі ў навакольных лясах, асабліва ўраджайныя яны на масляты. Праблем асаблівых няма, акрамя дарожных. Праўда, апошнім часам справы зрушыліся ў лепшы бок. Стараста наладзіў кантакт з дарожнікамі. Восенню грэйдзіравалі дарогу, зімой ачышчалі ад снегу, – гаворыць Ганна Шастак.

Браніслаў Ярмалінскі.

…Пах свежаколатых дроў, роўненькі дрывотнік. Побач спраўна ўвіхаецца з сякерай мужчына сярэдніх гадоў – звычайныя сялянскія клопаты каля дома № 24. Хоць ацяпляльны сезон і завяршаецца, але запас на наступны год лішнім не будзе, упэўнены 77-гадовы гаспадар Браніслаў Ярмалінскі.
– Напісаў заяўку ў сельвыканкам, у лясніцтве выпісалі дровы, прывезлі, засталося толькі пасекчы і скласці. З гэтым спраўляюся сам, – расказвае былы трактарыст калгаса «Пераможац». Браніслаў Іосіфавіч вось ужо 10 гадоў жыве адзін, жонка памерла, дочкі з сем’ямі –  у горадзе. Ён аптыміст і сцвярджае: у кожнага свой лёс, але жыццю трэба заўжды радавацца.
Убачыўшы нас, мясцовая  жыхарка Вольга Шпак пацікавілася, адкуль незнаёмцы. Пачуўшы, што з раённай газеты, заўсміхалася і адрапартавала: пастаянная падпісчыца «Ляхавіцкага весніка» (дарэчы, раёнку тут выпісваюць па васьмі адрасах). Вольга Якаўлеўна і яе муж Войцах Іосіфавіч – старэйшыя ў Стараселлі, кожнаму за 80 гадоў. Узрост шаноўны, але спраўляюцца: парадак і ў доме, і на падворку.
Каля плота расла вялікая ліпа, пасадзілі яе, калі дзеці былі маленькія. Стала замінаць электрычным правадам. Гэта ж небяспечна – да пажару недалёка. Напісалі заяўку ў Ганчароўскі сельвыканкам, і неўзабаве прыехалі майстры і спілавалі дрэва, прычым бясплатна, за што вялікі дзякуй, – дзеліцца Вольга Якаўлеўна.
На агародзе ў радок стаяць вуллі – пчоламі займаецца адзін з сыноў Шпакоў.

Паміж Куршынавічамі і Хацяжом жыве па сваім размераным, даўно ўсталяваным раскладзе падобная на сотню іншых невялікая вёсачка. Яе жыхары дакладна не разабраліся, чаму яна называецца Стараселле, нарадзілася адносна нядаўна – у пасляваенныя гады. Больш падышла б назва – Наваселле. Але як ёсць, так ёсць. Колькі Стараселлю наканавана яшчэ – дзесяцігоддзі ці вякі? Адказ залежыць у тым ліку і ад тых людзей, чые карані бяруць адсюль пачатак.

Галіна КАНЬКО.

Леакадзія Шастак.

Ганна Шастак.

Вольга Шпак.

Па слядах … метэарыта. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: Стараселле: 3 комментария

  • 20/03/2018 в 21:36
    Permalink

    Файна… дайте БОЛЬШЕ фото !

  • 22/03/2018 в 00:29
    Permalink

    Мой папа Ходор Иван Станиславович и есть тот учитель из дер. Староселье. Всех уроженцев дер. Староселье и близ лежащих хуторов в начальных классах учил он. А также долгое время был внештатным корреспондентом районной газеты» Будаунiк Камунiзму «. О моем отце и моей маме отдельно надо большой очерк писать. А поведают о них вышеназванные жители Староселья.

  • 27/03/2018 в 01:17
    Permalink

    Я ЕЛЕНА КАЗИМИРОВНА ШЕСТАК Г.КАЛИНИНГРАД. РОДИЛАСЬ В СТАРОСЕЛЬЕ . МОИМ ПЕРВЫМ УЧИТЕЛЕМ БЫЛ ИВАН СТАНИСЛАВОВИЧ,А ТАКЖЕ ОН УЧИЛ МОЮ МАМУ.МНЕ ОЧЕНЬ ПРИЯТНО УВИДЕТЬ И ПОЛУЧИТЬ ИНФОРМАЦИЮ О МОИХ РОДСТВЕННИКАХ.НО СЛИШКОМ ДАВНО МЫ УЕХАЛИ ИЗ ЭТИХ МЕСТ,МЫ С СЕСТРОЙ БЫЛИ ДЕТЬМИ,ПОЭТОМУ НИКОГО НЕ УЗНАЮ И МНОГОЕ СТЕРЛОСЬ ИЗ ПАМЯТИ .СПАСИБО АВТОРУ ЗА ПРЕКРАСНЫЙ РЕПОРТАЖ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *