Гадавая акцыя акцыянернага таварыства. У ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна прайшоў гадавы агульнагаспадарчы сход

У мінулую пятніцу ўвесь блізкі і нават некалькі аддалены радыус Падлескага сельскага Дома культуры ўзялі ў палон аўтамабілі. Іх лік ішоў на дзясяткі, усе яны належалі працаўнікам ААТ «Жарабковічы» і даставілі сваіх гаспадароў да месца, дзе праводзіўся гадавы агульнагаспадарчы сход. Між тым, ступень аўтамабілізацыі работнікаў прадпрыемства многае гаворыць пра яго эканамічную паспяховасць. Паспяховасць жа, гаспадарлівасць, вытворчую прывабнасць «Жарабковіч» першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Камінскі паставіў у адзін рад з лепшымі сельгасвытворцамі вобласці і краіны. Пры гэтым адзначыў, што свой дастаткова высокі аграстатус неабходна пацвярджаць кожны дзень, рухацца наперад у тым ліку за кошт выкарыстання існуючых рэзерваў. Як вытворчых, так і арганізацыйнага характару.

Заработная  плата плюс…

Фармат сёлетняга гадавога збору працаўнікоў «Жарабковіч» можна вызначыць як «два ў адным», паколькі агульны сход акцыянераў атрымаў плаўную трансфармацыю ў сход працоўнага калектыву. Мэта апошняга – карэкціроўка шэрага палажэнняў дзеючага калдагавора. Дакумент заслугоўвае ўвагі і павагі з боку кожнага з працаўнікоў. Хоць бы таму, што гарантуе ім даволі значную пазазарплатную матэрыяльную і не толькі падтрымку. Напрыклад, практыку забеспячэння работнікаў гарачым харчаваннем на працягу фактычна ўсяго каляндарнага году можна лічыць адной з жарабковіцкіх візітовак. У перыяды вытворчай напружанасці «стол» арганізоўваецца двойчы на дзень і за сімвалічна сціплую для людзей аплату, мэта якой – улікова-кантрольная. Першы – лепшы – укос траў на сена гаспадарка традыцыйна развозіць па асабістых гаспадарках сваіх работнікаў. Тых, якія трымаюць жывёлу і маюць у тым патрэбу. Выдзяленне сотак пад бульбяныя палеткі і агароды, дапамога з іх доглядам, уборкай – таксама ўваходзяць у пералік бонусаў, прадугле-джаных умовамі калектыўнага дагавора. Як і некаторыя віды транспартных паслуг, арганізацыя і льготаванне ўмоў санаторнага лячэння, знахо-джання дзяцей работнікаў у аздараўленчым летніку. Лічаць, але і не шкадуюць там грошай на фізічную культуру і спорт. Добры працаўнік – здаровы працаўнік і бадзёры чалавек, што ў многім грунтуецца на адносінах да спорту. І многае іншае, што ўваходзіць у пералік гарантаваных умовамі калектыўнага дагавора заахвочванняў у дадатак да заработнай платы, сярэдні памер якой у мінулым годзе склаў каля 633 рублёў. Але адзначаныя і іншыя прапісаныя гарантыі распаўсюджваюцца выключна на добрасумленных працаўнікоў, а не парушальнікаў працоўнай дысцыпліны.

… і 2017-ы –са знакам плюс

Мінулы год стаў для «Жарабковіч» першым поўным каляндарным адрэзкам работы ў форме адкрытага акцыянернага таварыства. І ў параўнанні з пазалеташнімі, леташнія асноўныя эканамічныя паказчыкі ўяўляюцца і з’яўляюцца больш прывабнымі. Рост адзначаны па кожнай з пазіцый: атрымалі больш прадукцыі, павялічыліся прыбытак ад рэалізацыі і чысты прыбытак. Кожны з відаў рэнтабельнасці – рэалізаванай прадукцыі, канчатковая, продажу – таксама падняліся ў лічбах. Што, канешне ж, не магло не адбіцца на заработках: сярэднямесячны разліковы квіток працаўніка таварыства за год дабавіў у вазе прыкладна на 90 рублёў.
Дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты назваў лічбы, расклаў іх па паліцах, узгадаў пра дасягненні года, засяродзіў увагу на праліках і нявыкарыстаных рэзервах.
У мінулым сезоне гаспадарка сабрала каля 18,3 тысячы тон збожжа ў вазе пасля дапрацоўкі. Ураджайнасць сярэдняга збожжавага гектара перавысіла 56 цэнтнераў. Найбольш прадукцыйнымі аказаліся пшанічныя гектары: сярэдні яравы, напрыклад, заважыў больш як на 70 цэнтнераў. Алейнага насення рапсу «Жарабковічы» намалацілі 2,21 тысячы тон. Гэта азначае збор больш як 30 цэнтнераў насення ў пераразліку на гектар пасеяных плошчаў.
Гаварыць пра «Жарабковічы» і абысці ўвагай тэму цукровых буракоў не ўяўляецца магчымым. У гэтым плане мінулы год атрымаўся некалькі менш салодкім, чым яго папярэднік. У тым ліку і арыгінальная ў плане надвор’я пасяўная вясна-2017 стала прычынай таму, што гаспадарка не здолела выйсці на звыклыя для сябе 600 цэнтнераў ураджайнасці. Атрыманыя 509 цэнтнераў з гектара, канешне, не жарабковіцкая велічыня. Ужо зроблены высновы і выпрацаваны карэктывы ў накірунку недапушчэння падобнага ў гэтым і будучых «салодкіх» сезонах. Пра што таксама гаварыў дырэктар.
І пра жывёлагадоўлю як асноўны вытворчы актыў, самую фінансава прывабную галіну сельгаспрадпрыемства. 7337 галоў буйной рагатай жывёлы ўтрымліваецца на фермах ААТ «Жарабковічы». У тым ліку 2275 – каровы, ад кожнай з якіх за справаздачны год атрымана 6372 кілаграмы малака. У параўнанні з папярэднім адзначаны рост сярэдняй удойнасці –  больш як на 420 кілаграмаў малака на карову.
На вяршыне малочнага п’едэстала пры гэтым знаходзіцца МТК «Чашчы». Новая, сучасная і яшчэ не ў канчатковым сваім варыянце дабудаваная ферма. Удойнасць сярэдняй тамашняй кароўкі выйшла па годзе на 7824 кілаграмы малака. Практычна ўвесь сырадой з гэтай фермы паступае на перапрацоўку гатункам экстра. Зусім нязначна – усяго на адну сотую працэнта менш малака экстракласа атрымліваюць на МТФ «Улазавічы». Гуліцкая ферма мае куды больш даўнюю гісторыю і куды больш сціплую тэхніка-тэхналагічную ўзброенасць. Пры гэтым, знаходзіцца ў гаспадарцы на другім месцы па ўдойнасці: 7348 кілаграмаў малака дала ў мінулым годзе кожная гуліцкая кароўка. Увогуле, за год «Жарабковічы» прадалі перапрацоўшчыкам 13194 тоны малака.
«Жарабковічы» – яшчэ і авечкагадоўля агульнай атарай істотна за 4 тысячы галоў жывёлы. У планах-марах жарабковіцкіх гаспадарнікаў –  арганізаваць пры ферме мясаперапрацоўку ці, не выключана, цэх па выпуску аўчыны.

Заданне на заўтра

Сельскагаспадарчы 2018-ы стартаваў з леташняй азімай сяўбы. Тыя пасевы пачынаюць прачынацца ўжо ад сну і, як было заяўлена з трыбуны агульнага сходу, перазімоўка для іх завяршаецца паспяхова. Колькі дзён часу – і ў поле. Спачатку –  азотныя падкормкі, далей – у дакладнай адпаведнасці з веснавым раскладам і з мэтай выхаду па восені на жарабковіцкія – высокія – лічбы і ўраджайнасці, і валу, і якасці.
У планах жывёлаводаў – нарасціць статак буйной рагатай жывёлы да 7550 галоў. У тым ліку, павялічыць колькасць кароў і іх удойнасць да 6542 кілаграмаў у сярэднім.
Адзін з важкіх рэзерваў павышэння фінансавага дабрабыту гаспадаркі, пра што таксама і досыць настойліва гаварылася падчас сходу, заключаецца ў неабходнасці паляпшэння якасці малака. Для «Жарабковіч» першы гатунак малака, а яго за мінулы год было атрымана каля 13 працэнтаў ад агульнага аб’ёма, гэта, можна сказаць, брак. Толькі экстра пры мінімуме вышэйшага.
У авечкаводаў «Жарабковіч» свае са знакам плюс планы, у будаўнікоў – свае. У тым ліку і што тычыцца будаўніцтва цэха па перапрацоўцы насення рапсу.
Іван КАВАЛЕНКА.

One thought on “Гадавая акцыя акцыянернага таварыства. У ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна прайшоў гадавы агульнагаспадарчы сход

  • 24/03/2018 в 00:14
    Permalink

    Я так разумею, што добрым гаспадаркам раёна прыйшла пара адчыняць свае крамы ў Ляхавічах. Мажліва пачаць з ларкоў на кірмашу. У Баранавічах такая практыка даўно існуе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *