Наш лес. 21 сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень лясоў

 

21 сакавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень лясоў. Ён быў аб’яўлены харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй пры ААН (ФАО) у 1971 годзе і закліканы прыцягнуць увагу да значэння лесу для бяспекі на Зямлі

Лясы пакрываюць амаль трэць зямной сушы і з’яўляюцца лёгкімі нашай планеты. Яны маюць неацэннае экалагічнае, сацыяльнае і эканамічнае значэнне, удзельнічаюць у фарміраванні клімату, насычаюць паветра кіслародам, перапрацоўваюць шкодныя выкіды, захоўваюць водныя рэсурсы, з’яўляюцца месцам пражывання раслін і жывёл, забяспечваюць ежу і здаровае асяроддзе для людзей, дапамагаюць захаваць урадлівасць глебы і ландшафты.

У Беларусі амаль 40 працэнтаў тэрыторыі занята лясамі. Прычым усе яны з’яўляюцца выключна ўласнасцю дзяржавы.
Частка тэрыторыі Ляхавіцкага раёна, якая пакрыта лесам, складае сёння 53775 гектараў (39,7 працэнта ад усёй плошчы раёна). У нас можна сустрэць у натуральным асяроддзі 13 відаў дрэў і звыш 10 відаў кустоў. Сярэдні ўзрост дрэвастою складае 50 гадоў, а на плошчы 9,2 тысячы гектараў расце маладняк. Лясістасць тэрыторыі раёна пастаянна павялічваецца. Штогод штучнае лесааднаўленне і лесаразвядзенне праводзіцца на плошчы больш за 100 гектараў.
У апошнія гады хваёвыя лясы Ляхавіччыны, як і хваёвыя лясы паўднёвых раёнаў Гомельскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей, падвергліся заражэнню жуком-караедам. Па інфармацыі спецыялістаў мясцовага лясгаса, на тэрыторыі раёна ўсыханне хваёвых лясоў назіраецца на плошчы 110 гектараў. Гэта звязана з выпадзеннем мінімальнай колькасці ападкаў, з-за чаго дрэвы аслаблены і схільны да нападу шкоднікаў.
Праблемай усыхання хваёвых займаюцца вучоныя. Распрацаваны алгарытм санітарнага аздараўлення лясоў. Каб спыніць распаўсюджванне жука-караеда, важна своечасова высякаць заражаныя дрэвы, вывозіць драўніну і знішчаць пасечаныя рэшткі. Практыкі прымянення хімічных сродкаў для барацьбы з гэтым шкоднікам пакуль няма. У Беларусі для маніторынгу і кантролю за колькасцю шкоднікаў ствараюцца спецыяльныя пасткі. У іх выкарыстоўваюцца харчовыя ферамоны з пахам дрэва, якія прыцягваюць жука-караеда. Гэта распрацоўка спецыялістаў Інстытута лесу НАН Беларусі і БДУ.
Спецыялісты Ляхавіцкага лясгаса пільна стаяць на варце зялёнага сябра, прымнажаюць гэта бясцэннае багацце, клапоцяцца пра тое, каб зберагчы яго для наступных пакаленняў.
Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў сумесна з работнікамі лясгаса пастаянна праводзіць палявыя мерапрыемствы па кантролі за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства грамадзянамі, арганізацыямі і прадпрыемствамі, якія ажыццяўляюць лесакарыстанне. Выяўляюцца факты забруджвання і засмечвання лясоў бытавымі і вытворчымі адходамі, незаконнай высечкі і іншых парушэнняў ляснога заканадаўства з наступным прыняццем мер адміністрацыйнага ўздзеяння да парушальнікаў. У 2017 годзе выяўлена 21 парушэнне Ляснога кодэкса, накладзена адміністрацыйных спагнанняў у выглядзе штрафу на агульную суму 1400 рублёў, прад’яўлена пяць прэтэнзій за прычыненне шкоды лясной гаспадарцы на агульную суму 3745 рублёў.

Ахова лесу – датычыць кожнага грамадзяніна. Прыродаахоўныя службы заклікаюць беражліва ставіцца да гэтага прыроднага
багацця. Старайцеся самі з павагай адносіцца да ўсяго жывога, з чаго складаецца лес, і вучыць гэтаму сваіх дзяцей, сяброў, блізкіх. Нявыхаваны і неасцярожны чалавек у лесе – можа стаць прычынай пажару і вялікіх выдаткаў, для кампенсацыі якіх спатрэбяцца дзесяцігоддзі.

Аляксандр КУРЛОВІЧ,
галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *