Родам з Рабінаўкі

Які б круты паварот ні зрабіла жыццё, у сэрцы кожнага чалавека назаўжды застаецца родны кут, дзе нарадзіўся і вырас. Васілій Іваноў таксама памятае сваю вёсачку з прыгожай назвай — Рабінаўка.

Іншы раз, калі нахлыне туга, усплываюць у памяці да болю родныя і мілыя твары блізкіх людзей, сяброў, суседзяў і да драбніц знаёмыя краявіды. Мроіцца дзяцінства, і ты ўжо на балоце збіраеш журавіны, а то бяжыш басанож па пыльнай вясковай вуліцы. Але кожны раз, калі ўспамінаецца родны куточак, на вочы набягаюць слёзы: яго Рабінаўкі больш няма ні на карце, ні наяве, яна толькі засталася ў сэрцы.  Чарнобыльская трагедыя знішчыла гэты населены пункт: вяскоўцаў усіх разам перасялілі ў Глускі раён, а хаты закапалі глыбока ў зямлю… Сёння тыя мясціны з урадлівымі глебамі ўжо ўключаны ў севазварот, і толькі дарожны ўказальнік напамінае, што тут была вёска.

Прафесія, якую выбраў некалі Васілій Іваноў, навеяна быццём яго землякоў. У тутэйшых балоцістых мясцінах здабываўся торф для работы торфапрадпрыемства, размешчанага ў суседнім раёне. Цікаўнасць, а пасля і знаёмства з работай торфапрадпрыемства, перакананасць у вартасці і запатрабаванасці прафесіі сталі вызначальнымі пры выбары далейшага жыццёвага шляху. Ён стаў студэнтам горна-механічнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута.

Студэнцкія гады праляцелі вельмі хутка, і вось новаспечаны спецыяліст — начальнік механічнага цэха торфапрадпрыемства «Беліцкае», што на Гомельшчыне. Першы вопыт работы прыдаў упэўненасці і пацвердзіў правільнасць выбранага жыццёвага шляху. І кіраўніцтва прадпрыемства заўважыла старанні маладога спецыяліста: начальнік вытворчага аддзела — іменна гэтая пасада яму была прапанавана неўзабаве.

Вопыт і кар’ерны рост ішлі побач. На торфапрадпрыемства «Татарка», што на Магілёўшчыне, яго запрасілі працаваць у якасці галоўнага інжынера. Зноў родныя краявіды, землякі — амаль што дома. Ужо толькі гэтыя абставіны не дазвалялі расслабляцца: старанна працаваў над удасканаленнем вы-творчасці, укараненнем новых машын і механізмаў. Літаральна праз 2 гады яго, ужо вопытнага спецыяліста, які дасканала валодаў вытворчымі навыкамі, умеў працаваць з калектывам, прызначылі дырэктарам торфа-брыкетнага завода «Ляхавіцкі». Вось такі шлях ад Рабінаўкі да Тухавіч прайшоў Васілій Іваноў, каб сваёй другой радзімай назваць Ляхавіччыну.

Вёска Тухавічы развівалася ў залежнасці ад таго, як працавалі торфабрыкетчыкі. Цэлы пасёлак з сучаснай інфраструктурай тут ужо вырысоўваўся, але асноўныя клопаты прыйшліся на долю Васілія Іванова. Дарэчы, яны, гэтыя клопаты, і сёння не канчаюцца: жыллёвы фонд, Дом культуры, дарогі, шэфства над школай, медустановай. А яшчэ аддаленасць вёскі ад райцэнтра накладае на прадпрыемства і яго дырэктара дадатковыя, невытворчыя абавязкі.

Не навіна, што завод выступае ў ролі спонсара, калі ладзіцца чарговае мерапрыемства ці пачынаецца новы навучальны год у школе, або патрэбна аказаць матэрыяльную дапамогу таму, каму яна востра неабходная.

Зразумела ж, уменне кіраваць вытворчасцю, мець добрыя зносіны з людзьмі, калі за аснову бярэцца так званы чалавечы фактар, стварае на прадпрыемстве мікраклімат, які па душы і бывалым работнікам, і моладзі.   Тое, што тут няма цякучасці кадраў, а калектыў амалоджваецца — таму пацвярджэнне.

Развіццё вытворчасці, якое ідзе па нарастаючай, вырашэнне сацыяльных пытанняў — вось чым жыве дзень пры дні дырэктар ТБЗ «Ляхавіцкі» Васілій Іваноў і па праву носіць высокае званне «Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь». Праўда, бываюць і ў вельмі занятых людзей мінуты, якія можна прысвяціць сабе і дарагім людзям.

Яго найбольшай радасцю з’яўляюцца 3 унукі, якія любяць бываць у дзядулі, а яшчэ — уласны пчальнік, дзе можна папрацаваць ад душы, паразважаць на тэму філасофіі жыцця. І, зразумела, самы смачны свежы мядок, якім любіць Васілій Кузьміч частаваць унукаў.

…Калі, здаецца, паспеў прабегчы час: 60 гадоў споўнілася! Але гэты ўзрост толькі нагода спыніцца і азірнуцца на пройдзены шлях. І зноў у дарогу. Няхай яна будзе доўгай і шчаслівай.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *