Вартыя прызнання і любві

Напярэдадні свята жанчын — 8 Сакавіка — па ўсёй краіне ўшаноўвалі прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Іменна ім, нашым маці, сёстрам, жонкам, каханым, сяброўкам,  — самым верным, надзейным, адказным, самым пяшчотным і любімым, — былі прысвечаны ўрачыстасці, з усіх канцэртных пляцовак гучалі музыка і песні.

У нашым раёне — не выключэнне. У гарадскім Доме культуры сабраліся прадстаўніцы ўсіх працоўных калектываў раёна — прыгожыя, усмешлівыя, падобныя на вясну. З цеплымі словамі віншаванняў звярнуўся да жанчын старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, які выказаў ім шчырую ўдзячнасць за працу, самаадданасць, надзейнасць, за прыгажосць і пяшчоту. З асобымі словамі кіраўнік раённай вертыкалі звярнуўся да жанчын, якія выстаялі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, набліжалі і працавалі на Перамогу.

Жанчына-маці — гэта сімвал міру, дабра, працвітання, светлай будучыні. Паклон ім за тое, што нарадзілі, выхоўваюць сапраўдных грамадзян нашай краіны. Жанчына-працаўніца — іменна на яе вялікія спадзяванні і на вытворчасці, і дома, як на ахоўніцу дамашняга ачага. Многім прадстаўніцам працоўных калектываў раёна старшыня райвыканкама ўручыў граматы і падзячныя пісьмы. Эстафету падхапіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, які таксама горача павіншаваў удзельніц святочнага сходу, а ў іх асобах — усіх прадстаўніц прыгожай паловы раёна, з пажаданнямі вясновага настрою, добрых спраў, працоўных перамог і асабістага шчасця.

Мора кветак, у тым ліку, велізарны кошык хрызантэмаў, ружаў і цюльпанаў, былі прыпаднесены ўдзельніцам свята ад імя кіраўніцтва раёна.

Сардэчна віншавала сваіх калег, сябровак, усіх жанчын  старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Мацкевіч, якая таксама зрабіла акцэнт у сваім выступленні на ролю жанчыны ў нашым грамадстве. Наталля Францаўна выказала спадзяванне і пажаданне, каб нашы жанчыны заўсёды былі першымі і лепшымі ва ўсіх справах, каб надзейна дапаўнялі мужчынскую палову чалавецтва…

А на сцэне ўрачыста і весела развівалася імпрэза. Песні, музыка ў выкананні выкладчыкаў і вучняў раённай школы мастацтваў, выхаванцаў раённага     цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, вучняў школ горада, а таксама лепшых самадзейных артыстаў раёна — усё для мілых жанчын.

Прыгожае свята, вясновы настрой, цёплыя сонечныя промні і першыя кветкі… Нашы жанчыны вартыя гэтага.

Аліна Лапіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *