Туберкулёз нагадвае пра сябе. 24 сакавіка – Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам

З 1 студзеня 2018 года ў Брэсцкай вобласці стартаваў пілотны праект па ўкараненні новай мадэлі фінансавання фтызіятрычнай дапамогі, мэта якога – павышэнне эфектыўнасці супрацьтуберкулёзнай службы, пашырэнне функцый амбулаторна-паліклінічнага звяна па актыўным выяўленні і лячэнні хворых туберкулёзам. У сувязі з гэтым у вобласці распрацавана і ўкараняецца дарожная карта па папярэджанні распаўсюджвання і барацьбе з туберкулёзам. 12-13 сакавіка ў Брэсце адбылася рабочая сустрэча, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ, Глабальнага фонду, грамадскіх арганізацый. Прымяненне новых стратэгій у папярэджанні, распаўсюджванні, дыягностыцы і лячэнні туберкулёзу дазволіць палепшыць вынікі лячэння, павысіць якасць жыцця пацыентаў, дабіцца станоўчага сацыяльна-эканамічнага эфекту.

Па даных СААЗ, трэцяя частка насельніцтва зямнога шара інфіцыравана мікабактэрыямі туберкулёзу. Каля 80 працэнтаў ад агульнай колькасці лятальных зыходаў ад інфекцыйных захворванняў прыпадае на долю гэтай хваробы.
Эпідэміялагічная сітуацыя па туберкулёзе ў нашым раёне застаецца напружанай – захворванне ім летась склала 46,6 на 100 тысяч насельніцтва (у 2016-м –  45,8), у той час, як гэты паказчык па Брэсцкай вобласці – 16,4. У мінулым годзе ў раёне выяўлена 12 новых выпадкаў (у 11 чалавек выяўлены туберкулёз органаў дыхання, аднаго – пазалёгачны), 10 захварэўшых – сельскія жыхары. Два чалавекі больш за два гады не праходзілі флюараграфічнае абследаванне. Часцей хварэюць мужчыны.
Туберкулёз – хранічнае інфекцыйнае захворванне з пераважнай лакалізацыяй запаленчага працэсу ў лёгкіх, але магчыма развіццё і пазалёгачных формаў. Мікабактэрыі туберкулёзу здольны паражаць усе органы чалавека, акрамя таго, яны валодаюць высокай устойлівасцю ў знешнім асяроддзі. Часцей за ўсё заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам (90-95 працэнтаў), а таксама паветрана-пылавым і кантактна-бытавым шляхамі. Інфіцыраванне можа адбыцца і пры ўжыванні сырога малака ад хворай жывёлы. У многіх хворых выяўляецца лекавая ўстойлівасць мікабактэрый, што патрабуе ў 2-3 разы больш працяглага лячэння. Рызыка стаць ахвярай туберкулёзу ў ВІЧ-інфіцыраваных у 10-15 разоў вышэй, чым у неінфіцыраваных.
Галоўнае ў барацьбе з гэтай небяспечнай хваробай – прафілактыка, у першую чаргу, вакцынацыя БЦЖ, туберкулінадыягностыка (проба Манту), флюараграфічнае абследаванне не радзей як раз у год. Аснова прафілактыкі – павышэнне імунітэту: захаванне правільнага рэжыму працы і адпачынку, рацыянальнае, паўнацэннае і своечасовае харчаванне, адмова ад курэння, ужыванне псіхаактыўных рэчываў і алкагольных напіткаў, рацыянальная фізічная нагрузка і здаровы лад жыцця.
Калі мокры кашаль трымаецца больш за два тыдні, назіраюцца павышэнне тэмпературы, дрыжыкі, неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача. Чалавек іншы раз нават і не здагадваецца пра хваробу, бо туберкулёз можа праходзіць пад выглядам звычайнай прастуды, працяглай пнеўманіі, а часам бессімптомна. Чым раней выяўлены і накіраваны на лячэнне хворы, тым меншая верагоднасць развіцця гэтай хваробы. Памыляюцца тыя, хто лічыць, што гэта хвароба абавязкова праяўляецца кашлем, крывахарканнем і павышанай тэмпературай. Гэтыя прыкметы развіваюцца ўжо на сур’ёзнай стадыі хваробы, якую лячыць складана і доўга.
Таццяна МАЛЯР,  урач-фтызіятр.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У мінулы чацвер на перадрыначнай плошчы ў райцэнтры працавала перасоўная флюараграфічная ўстаноўка. Магчымасцю зрабіць флюараграфію, не звяртаючыся ў бальніцу, скарысталіся 58 землякоў, ужо на наступны дзень ў паліклініцы яны змаглі даведацца пра вынікі абследавання. На месцы ж можна было памераць ціск, атрымаць кансультацыю інструктара-валеолага Святланы Пастэрнакевіч і рэнтген-лабаранта Наталлі Ракашэвіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *