Ініцыятыва з перспектывай. Прашу слова!

Ілья Маслоўскі,  студэнт Беларускага  дзяржаўнага ўніверсітэта  культуры і мастацтваў:
– Калі чалавек літаральна дыхае творчасцю, калі колькасць ідэй зашкальвае, заўсёды хочацца, каб яго пачулі, ацанілі, падтрымалі, далі нейкі імпульс для далейшага развіцця. У нашай краіне такая падтрымка проста  каласальная. На сустрэчы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з творчай моладдзю, дзе мне пашчасціла прысутнічаць, неаднаразова падкрэслівалася, што ў нас ёсць усе магчымасці, каб праявіць сябе, прадэманстраваць свае здольнасці. Галоўнае – не ўпускаць шанц: удасканальвацца, ствараць штосьці новае, сваё, адметнае – беларускае.
Упэўнены, што гэта сустрэча надоўга запомніцца кожнаму прысутнаму. Шчырая зацікаўленая размова, нефармальны фармат сустрэчы пакінулі шмат уражанняў. А яшчэ мы многае даведаліся пра нашага Прэзідэнта, напрыклад, які ён у звычайным жыцці. Сустрэча доўжылася чатыры гадзіны, але час праляцеў незаўважна. Дарэчы, сярод удзельнікаў быў яшчэ адзін наш зямляк – Аляксандр Пішч з аграгарадка Навасёлкі, ён таксама студэнт Інстытута культуры.
І хоць вучоба патрабуе шмат часу, стараюся часцей прыязджаць дадому. З радасцю дапамагаю ў арганізацыі мерапрыемстваў у горадзе, падабаецца быць у ролі вядучага. Тут зараджаюся нейкай асаблівай энергіяй, з якой потым вяртаюся на вучобу. Сувязь з малой радзімай, дзе б ты ні вучыўся, у якім бы горадзе ні працаваў, трэба трымаць. Яна натхняе і надае сілы.

Кацярына  ШУЛЯКОЎСКАЯ,  настаўніца  Ляхавіцкай  дзіцячай  школы  мастацтваў:
– Заўсёды прыемна сярод пераможцаў, у гушчыні падзей бачыць землякоў, чуць пра іх дасягненні. Асабліва радуюся за равеснікаў, за маладых, якія займаюцца творчасцю.
Пра сустрэчу Прэзідэнта з таленавітай моладдзю чытала ў інтэрнэце. Яе цытуюць, пераказваюць, дзеляцца ўражаннямі. Падзея хоць і традыцыйная, але ўнікальная ў сваім родзе. Здорава, што юнакі і дзяўчаты ў такім адкрытым дыялогу маюць магчымасць задаць пытанні Кіраўніку дзяржавы, пачуць непасрэдна ад яго пра планы і перспектывы, пра наш заўтрашні дзень.
На сустрэчы, якая адбылася ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры, прысутнічалі яркія, крэатыўныя, перспектыўныя маладыя людзі. Але такая размова – стымул да развіцця і ўдасканалення, штуршок да пошуку свайго «я» для тысяч юнакоў і дзяўчат.
Восем гадоў назад для мяне, тады вучаніцы Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, прыступкай-натхненнем стала атрыманне стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Узнагарода адназначна паўплывала на мой прафесійны выбар. Сёння я працую ў сваім родным горадзе, у сваёй школе мастацтваў. І цяпер ужо мае вучні стараюцца ў звычайным убачыць незвычайнае, перанесці свае пачуцці на паперу. Нядаўна адзін з іх – Ілья Канько – вызначыўся ў міжнародным конкурсе «На сваёй зямлі» і атрымаў спецыяльнае пасведчанне спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама матэрыяльнае заахвочванне.
Вучні школы мастацтваў дастойна прадстаўляюць Ляхавіччыну ў розных творчых конкурсах, на фестывалях. Для рабят гэта цудоўная магчымасць паспрабаваць свае сілы.

Яўгеній  Жабрун, дырэктар Начаўскага  СДК:
– Падчас сустрэчы з творчай моладдзю Прэзідэнт краіны адзначыў, што ў юнакоў і дзяўчат нямала магчымасцей для развіцця сваіх здольнасцей. У Беларусі шмат робіцца для падтрымкі творчай моладзі. Напрыклад, мы з жонкай атрымалі бясплатную сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным кале-джы на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладной творчасці і па размеркаванні – гарантаванае першае працоўнае месца. Для нас ім стаў Начаўскі сельскі Дом культуры. Я працую дырэктарам, а Юлія да дэкрэтнага водпуску была мастацкім кіраўніком. Мясцовая гаспадарка ДП «Нача» выдзеліла нам добраўпарадкаваную кватэру. Жыць і працаваць у такіх умовах – у радасць.
Звязваючы свой лёс з творчай прафесіяй, разумеў, што гэта не проста выдатная магчымасць заняцца любімай справай, але і адказнасць: захапіць ёй іншых, ствараць умовы, каб людзі цікавіліся мастацтвам, з карысцю бавілі вольны час.
Стараемся зрабіць як мага больш разнастайным культурнае жыццё аграгараджан і вяскоўцаў, ладзім канцэртныя і віншавальныя праграмы, сустрэчы і конкурсы. У СДК працуе нямала гурткоў, кожны можа выбраць занятак па душы. Асабліва запатрабаваныя –  тэатральны, рэстаўрацыйны, мастацкі. У Год малой радзімы вялікую ўвагу будзем надаваць адраджэнню і папулярызацыі традыцыйнай культуры, захаванню гісторыка-культурнай спадчыны, мясцовых звычак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *