Творчасць высокай пробы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры правёў сустрэчу з творчай моладдзю

Фота БЕЛТА.

У сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам прынялі ўдзел амаль 270 чалавек. У іх ліку студэнты рэспубліканскіх і рэгіянальных устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнікі вядучых творчых калектываў і маладыя творчыя работнікі. Сярод удзельнікаў мерапрыемства – лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможцы абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, удзельнікі творчых праектаў, рэспубліканскіх маладзёжных акцый.
На сустрэчу з Кіраўніком дзяржавы таксама запрошаны педагогі, якія дабіліся выдатных вынікаў у рабоце з моладдзю.
У тэатры разгарнулася выстаўка-прэзентацыя работ і дасягненняў таленавітай моладзі. Выстаўка была прадстаўлена на трох  інфармацыйных стэндах («Падрыхтоўка кадраў у сферы культуры», «Дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі», «Дзейнасць фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва») і ў чатырох тэматычных павільёнах. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў дасягненні творчай моладзі, з якімі азнаёміўся на выстаўцы-прэзентацыі.

Адказная роля

Роля прадстаўнікоў творчых прафесій у жыцці краіны высокая і адказная, заявіў Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з творчай моладдзю.
«Усё, што звязана з мастацтвам, заўсёды суб’ектыўна, а творчыя людзі чуллівыя і ранімыя. Таму часцей назіраю за вамі збоку і не спяшаюся даваць ацэнку. Але гэта не значыць, што не чакаю ад прадстаўнікоў творчых прафесій высокіх вынікаў. Ваша роля ў жыцці краіны высокая і адказная. Можа, нават больш, чым вы самі гэта ўсведамляеце», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Прэзідэнта, гэтае мерапрыемства –  унікальная падзея, паколькі з маладымі творчымі людзьмі, асабліва ў фармаце адкрытай размовы, яму ўдаецца бачыцца нячаста. «І з боку можа паказацца, што культуры, у сувязі з гэтым і мастацтву дзяржава ўдзяляе менш увагі, чым іншым сферам дзейнасці. Адразу скажу, гэта не так. Зроблена для вас многае, а што датычыцца таго, каб чалавек мог тварыць, –  для вас зроблена ўсё», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў моладзі ёсць, дзе праявіць сябе і прадэманстраваць свае здольнасці, створаны прэзідэнцкія фонды для падтрымкі самых адораных і таленавітых. «Астатняе – у вашых руках», – заўважыў ён.
«Сустрэчы з моладдзю для мяне вельмі каштоўныя. Яны даюць магчымасць убачыць будучае нашай дзяржавы. Вам яго ствараць, удасканальваць і ахоўваць. Вашымі памкненнямі, марамі і, упэўнены, добрымі справамі Беларусь будзе жыць заўтра, – заявіў Прэзідэнт. – Дзе б вы ні праявілі сябе – у літаратуры, акадэмічным мастацтве, кіно, на тэлебачанні, эстрадзе, у танцы – вы будзеце дарыць людзям настрой, эмацыянальна ўзбагачаць іх і, галоўнае, фарміраваць духоўны каркас нацыі».
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што гэта дастойны і адказны шлях – весці свет за сабой, узвышаючы душы і выхоўваючы ў людзях пачуццё прыгожага. «Важна не звярнуць на дарогу лёгкай славы і бяздумнага пераймання», – перасцярог Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што, ствараючы новую дзяржаву, у Беларусі стараліся захаваць лепшую культурную спадчыну эпохі, каб дзяцей выхаваць на прыгожых прыкладах сапраўднага мастацтва. «Каб, выбіраючы творчую прафесію, яны разумелі: поспех – гэта не толькі лаўры, авацыі, папулярнасць, але і вялікая сацыяльная адказнасць. А сёння менавіта ад таго, як складзецца ваш творчы лёс, залежыць будучае краіны», –  сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Падтрымка талентаў

Прэзідэнт патрабуе ад дзяржструктур не заставацца ўбаку ад раскруткі маладых талентаў. «Разумею, што ў мастацтве і шоу-бізнесе настаў час менеджараў і прадзюсараў, якія запальваюць зоркі. Але дзяржаўныя структуры таксама не павінны заставацца ўбаку. Міністэрствам культуры, інфармацыі і адукацыі, а таксама тэлебачанню, радыё, друкаваным выданням трэба яшчэ актыўней далучацца да пошуку і раскруткі маладых талентаў», – падкрэсліў   Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў у прыклад песенны конкурс «Еўрабачанне», пра які ў Беларусі шмат гавораць. «Гэта, вядома, папулярнае, прыгожае тэлешоу, і прадставіць Беларусь дастойна на ім важна. У нас жа ператварылі яго ў падзею стагоддзя, а тым часам нашы артысты оперы і балета, музыканты-віртуозы, народныя калектывы выступаюць на лепшых сусветных сцэнах. Замежная публіка іх ведае і цэніць. Але якія імёны шырока вядомы ў нашай краіне? І што мы зрабілі для гэтага?» – спытаў Кіраўнік дзяржавы.
А ў Беларусі ж любяць класічнае мастацтва, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Праводзімыя ў краіне міжнародныя тэатральныя форумы, фестывалі зорак сусветнай оперы, балета, джазавыя канцэрты праходзяць з аншлагамі.
Асабліва важна, лічыць Прэзідэнт, пераламаць сітуацыю, звязаную з раскруткай маладых беларускіх талентаў, у Год малой радзімы.
«Адораныя людзі павінны быць вядомы і запатрабаваны перш за ўсё на сваёй зямлі. І калі самі пра сябе не паклапоцімся, ніхто іншы гэтага не зробіць. Жадаючых пакрытыкаваць нас дастаткова і за межамі краіны. Пакінем ім гэту забаву. Сябе пачнём больш паважаць, сваіх – цаніць», – заклікаў Кіраўнік дзяржавы.
Прыкладам павінны стаць культура і мастацтва. Тым больш беларусам ёсць чым ганарыцца, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. «І дня не хопіць, калі станем успамінаць усіх геніяльных людзей, якіх падарыла свету Беларусь. Славу многіх з іх дзеляць з намі еўрапейскія і заакіянскія краіны. Але галоўнае, што вытокі майстэрства гэтых вялікіх асоб тут. Гэта яна –  наша родная зямля – натхняе і дае сілы», – заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка патрабуе ўдасканаліць сістэму выяўлення маладых талентаў у Беларусі. «Важна вызначыць здольных, таленавітых людзей, якім трэба дапамагчы», –   падкрэсліў Прэзідэнт. Такая сістэма адбору ў мастацтве, спорце – самае складанае, дадаў ён. Прэзідэнт прызнаўся, што балее гэтай тэмай і запатрабаваў прымаць усе меры, каб не выпускаць з-пад увагі таленавітых маладых людзей і забяспечваць усім неабходным. «Гэта галоўнае», – перакананы ён. Такі першапачатковы штуршок патрэбны, каб чалавек паверыў у сябе і змог далей ісці па жыцці, рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі ёсць усе інструменты для падтрымкі, у тым ліку фонды, куды дзяржава не шкадуе грошай.

Усё лепшае – побач

«Я веру, што дзякуючы вашым пошукам і поспехам Беларусь перастане быць у сучаснай культуры terra incognita. Для гэтага трэба імкнуцца дарыць сваё мастацтва ўсяму свету, бо яно існуе па-за геаграфічнымі і палітычнымі межамі, яно інтэрнацыянальнае», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перад маладымі талентамі адкрываецца шмат магчымасцей, і ў краіне толькі рады, калі прадстаўнікі беларускай творчай эліты знаходзяць прызнанне ў тым ліку і за мяжой. «Але вельмі сумна, калі разумееш, што нашым сучаснікам, каб праславіцца на Радзіме, трэба спачатку заявіць аб сваім поспеху за яе межамі. Чаму ж мы не ацэньваем па заслугах іх майстэрства да таго, як гэта зробіць замежная публіка? Гэта наша вялікая праблема. Карані яе, зноў падкрэслю, у набытым у 90-я гады памылковым пачуцці ўласнай непаўнацэннасці. Ёсць такая рыса ў нашага народа», – канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, менавіта такая пазіцыя кіруе тымі, хто да гэтага часу спрабуе сцвярджаць, што ўсё лепшае дзесьці там, за межамі нашых граніц. А побач яго не хочуць бачыць.
«У Беларусі ж створаны ўмовы для старту таленавітай моладзі. Захаваны школы прафесійнага майстэрства, у якіх паспяхова выкладаюць знакамітыя педагогі. Праводзяцца конкурсы і фестывалі. Штосьці, магчыма, і ўпусцілі. Хочацца зразумець, у чым мы з дзяржаўнай пазіцыі не дапрацавалі. Ці ўсё ж нешта не так з нашым самаўспрыманнем, паважаннем сябе як нацыі?» – задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што беларусы часта становяцца пераможцамі міжнародных фестываляў, у краіне праводзіцца і шмат нацыянальных конкурсаў, у іх ліку тэлепраекты «Я спяваю», «Акадэмія талентаў», «Талент краіны».

Сустрэча Прэзідэнта з творчай моладдзю працягвалася амаль чатыры гадзіны і прайшла ў нефармальнай, вельмі дружалюбнай атмасферы. Юнакі і дзяўчаты задавалі самыя розныя пытанні, карыстаючыся магчымасцю, што называецца, з першых вуснаў даведацца аб многіх тэмах, якія іх хвалююць. Аляксандр Лукашэнка дакладна і дэталёва адказаў на абсалютна ўсе зададзеныя яму пытанні.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *