У чым сок сёлетняга сакавіка?

За характэрную адметнасць, сок сёлетняга сакавіка варта было б прыняць яго некаляндарна нізкія тэмпературы, «дзякуючы» чаму сельскагас-падарчая вясна ўсё ніяк не атрымае звыклага разгону. У мінулым годзе, напрыклад, істотная колькасць палеткаў раёна на гэты час была ўжо засеяна ярыной. Сёлета ж на падобнага кшталту від работ надвор’е пакуль дазволу не дае і блізка. Хіба толькі, калі пад сяўбой разумець падсеў траў пад азімыя збожжавыя культуры, чым у паралельным дапаўненні да іншых работ займаюцца некаторыя з сельгаспрадпрыемстваў раёна. У мінулым нумары «Ляхавіцкага весніка» гэта паказалі на прыкладзе ААТ «Шлях новы». Але яны не арыгіналы: у напрамку закладкі новых плантацый шматгадовых траў працуюць многія. Напрыклад, ДП «Нача», «Ліпнянка», «Тальмінавічы», ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Жарабковічы».
Літаральна кожная з гаспадарак раёна зараз вырашае задачы забяспечанасці сябе арганікай і мінеральнымі ўдабрэннямі. У цэлым па аграпрамысловым комплексе раёна першага кампанента ўрадлівасці нарыхтавана нават на 6 працэнтаў больш, чым прапісвае гадавая планавая лічба, роўная 413 тысячам тон. Каля 85 працэнтаў агульнага аб’ёму нарыхтовак дастаўлена ўжо да месцаў вывазкі, а нязначна менш за палову ад вывезенага – унесена.
Працуюць вяскоўцы і з мінеральнымі ўдабрэннямі – у розных накірунках і па-рознаму паспяхова. Працягваецца назапашванне тукаў. Азотных, фосфарных, калійных – у сумарным значэнні раёну пад пасеў яравых культур і правядзенне веснавых падкормак неабходна ў межах 8876 тон дзеючага рэчыва. Па стане на 22 сакавіка, як вынікае са статыстыкі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, няма і паловы. Найменш удабрэнняў фосфарнай групы – каля 35 працэнтаў ад нарматыўна патрэбнай лічбы, 42 – азотнай і 48 – калійнай. Іх аграрыі паступова дакупляюць.
Паралельна з акумуляцыяй фосфару і калію гаспадаркі працягваюць работы па ўнясенні на палеткі і першага, і другога кампанентаў пад будучыя пасевы яравых збожжавых і не толькі. Асобныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы на пэўнай частцы плошчаў падсілкавалі ўжо свае сенакосныя і пашавыя ўгоддзі. Сярод такіх СВК «Ляхавіцкі» і ДП «Нача». Астатнія чакаюць. Пры гэтым, абсалютна ўсе аграрыі і, верагодна, не толькі нашага раёна чакаюць па-сапраўднаму веснавога надвор’я. Такога, якое б запусціла ў рост азімыя пасевы і зрабіла магчымай іх раннюю азотную падкормку. Пакуль жа гэты і іншыя веснавыя палявыя клопаты пастаўлены на паўзу.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *