Трыумф капітана і яго каманды. Інтэрв’ю карэспандэнта «ЛВ» з нашым земляком — Дзмітрыем Лобанам

Надзвычай хвалюючымі былі тыя незабыўныя 10 дзён з 9 па 18 сакавіка. Нават хто не асабліва цікавіцца спортам, спяшаўся да экранаў тэлевізараў ці ў інтэрнэт, каб даведацца, як выступаюць беларускія паралімпійцы на галоўным старце чатырохгоддзя – зімовых Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане. І гэтыя мужныя, моцныя духам людзі золатам, серабром і бронзай упісалі свае прозвішчы ў гісторыю паралімпійскага руху. 12 медалёў, сярод якіх 4 вышэйшай пробы, і восьмае агульнакаманднае месца сярод 48 зборных – вынік пераўзышоў нават самыя смелыя прагнозы. Гэта пакуль лепшае выступленне нашай паралімпійскай зборнай .
У поспеху каманды ёсць перамогі і з ляхавіцкім адрасам. Два сярэбраныя медалі (у лыжных гонках і біятлоне) у скарбонку каманды і ўласных спартыўных узнагарод дабавіў у Пхёнчхане і наш зямляк – ураджэнец Ганчароў капітан паралімпійскай зборнай Беларусі Дзмітрый Лобан. Праз некалькі дзён пасля вяртання з Карэі Дзмітрый даў тэлефоннае інтэрв’ю «Ляхавіцкаму весніку».

– Дзмітрый, віншуем вас і ўсю каманду з паспяховым выступленнем на Паралімпійскіх гульнях! Падзяліцеся, якія ўражанні прывезлі з Пхёнчхана?
– І сёння, праз некалькі тыдняў пасля першага сярэбранага фінішу ў Пхёнчхане 10 сакавіка, не хапае слоў, каб перадаць эмоцыі, якія мяне тады захапілі. Шчасце, радасць, усведамленне таго, што ўсе трэніроўкі, падрыхтоўкі за апошнія восем гадоў нарэшце далі свой плён. Улічыў недахопы, якія былі дапушчаны пры падрыхтоўцы да гульняў у Сочы. З трэнерамі апрабавалі новыя методыкі, зрабілі работу над памылкамі. Упэўненасці дабаўлялі і выступленні на этапах Кубка свету. Планаваў спаборнічаць у пяці-шасці дысцыплінах, але мэтанакіравана рыхтаваўся да двух стартаў. Не прагадаў. На біятлоннай дыстанцыі на 7,5 кіламетра стаў другім, як і ў лыжным спрынце (1,1 кіламетра). Перамога прыемней удвая, бо сапернікі былі моцныя, сур’ёзныя. Неаднойчы сустракаўся з імі на разнастайных спартыўных спаборніцтвах.

– Канешне, асабістыя старты – вельмі важныя. Але на вас, Дзмітрый, ляжала асаблівая адказнасць – капітанская. Ці задаволены выступленнем сваёй паралімпійскай зборнай?
– Наша каманда дружная і надзейная. Пануе сяброўская атмасфера. Падтрымліваем адзін аднаго, падбадзёрваем, раім, дапамагаем. З 15 удзельнікаў Гульняў, шасцёра былі дэбютантамі. Але ў некаторых навічкоў нам, хто даўно ў паралімпійскім спорце, ёсць чаму павучыцца. Святлана Саханенка стала трохразовай чэмпіёнкай і бронзавым прызёрам, а на рахунку Юрыя Голуба чатыры медалі Пхёнчхана, адзін з якіх – вышэйшай пробы.
Канешне, перад ад’ездам у Карэю марылі, што вернемся дамоў з узнагародамі, разлічвалі на медалі, але нават не ўяўлялі, што іх будзе столькі.
Лічу, што паспяховаму выступленню паспрыяла якасная падрыхтоўка, якой садзейнічалі паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння пасля стварэння Рэспубліканскага цэнтра па паралімпійскіх відах спорту, а таксама вучэбна-трэніровачныя зборы ў Беларусі і за яе межамі.
А як жа балелі за сваіх! Калі не атрымлівалася трапіць на стадыён, дзе праходзілі спартыўныя баталіі, сачылі за імі па тэлевізары: крычалі, апладзіравалі, радаваліся. Колькі было гонару, калі ўпершыню пасля залатога фінішу Святланы Саханенка над плошчай каля алімпійскага стадыёна Пхёнчхана прагучаў гімн Беларусі. Потым такія ж пачуцці даводзілася перажываць яшчэ тройчы.

– Ці адчувалі спартсмены гарачую падтрымку сваіх землякоў?
– Не проста адчувалі, яна дапамагала нам выходзіць на старт і перамагаць у напружанай барацьбе. Шчыры дзякуй за гэта і маім землякам. Прыемна было атрымліваць эсэмэскі, тэлефонныя званкі з віншаваннямі. Канешне, мае галоўныя балельшчыкі –  бацькі, родныя, сябры. Асабліва перажывае мама, яна прачыналася ў 4 гадзіны раніцы, каб па інтэрнэце сачыць за спаборніцтвамі. Балелі бацькі не толькі за мяне, але і за ўсю каманду.
Кожнага з нас усхвалявалі віншаванне і ўвага да нашых выступленняў Кіраўніка дзяржавы. Гэта натхняла, надавала яшчэ больш сіл і матывацыі да новых перамог.
Уразіла і ўзрушыла сустрэча, арганізаваная ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» пасля вяртання з Пхёнчхана. Нават разгубіліся ад такой увагі… Прыязджаў і мой бацька. Усё гэта вельмі прыемна. Ды і цяпер толькі паспяваем раздаваць інтэрв’ю .

– Сезон завяршаецца. Якія ў вас далейшыя спартыўныя планы? Ці ўбачым Дзмітрыя Лобана на лыжных і біятлонных трасах на Паралімпіядзе-2022 у Пекіне?
– Так далёка наперад не загадваю. Аднак, лічу, што сваё апошняе слова ў спорце яшчэ не сказаў. Матывацыя ёсць, жаданне таксама, галоўнае, каб здароўе дазваляла. А пакуль трэніруемся ў звычайным рэжыме. Будзем «закатвацца ў сезон».

– Дзмітрый, калі не сакрэт, што апошнім часам змянілася ў вашым асабістым жыцці?
– Калісьці спорт вярнуў мне веру ў жыццё, а потым падарыў і каханне. На зборах пазнаёміўся з Лідзіяй Графеевай, маёй другой палавінкай.
Цяпер ідзём па жыцці разам. Як і ў спорце: з’яўляюся трэнерам Ліды. Не буду ўтойваць: у Пхёнчхане больш перажываў за яе, чым за сябе, і Лідзія не падвяла – заваявала дзве бронзы.
Стараемся па меры магчымасці вырашаць жыллёва-бытавыя пытанні. Некалькі гадоў назад купіў у Мінску невялікую кватэру, сам зрабіў у ёй рамонт, я ж па прафесіі будаўнік. Канешне, хацелася б большую жылплошчу: у невялікай кватэры двум калясачнікам не вельмі камфортна. Але нічога, гэта справа нажыўная.
Канешне, пасля такіх напружаных стартаў хочацца адпачыць, хутка збіраюся прыехаць на некалькі дзён дамоў, у Ганчары. Да сустрэчы, землякі! І яшчэ раз шчыры дзякуй за падтрымку і за веру ў нас.

ВЕДАЙ НАШЫХ!

Наш зямляк Дзмітрый Лобан – удзельнік трох паралімпіяд, двойчы сярэбраны прызёр Паралімпіяды ў Пхёнчхане-2018, бронзавы прызёр Ванкувера-2010, чэмпіён Кубка
свету, прызёр чэмпіянатаў свету, уладальнік «Крыштальнага глобуса».

Галіна КАНЬКО.

Фота з архіва Дзмітрыя Лобана.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *