Пра малую радзіму і выніковасць работы. У мінулую пятніцу ў Ляхавіцкім раёне працаваў міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусі

Прамыя тэлефонныя лініі, асабістыя прыёмы грамадзян, зваротная сувязь на сайтах дзяржустаноў, сустрэчы прадстаўнікоў улады з працоўнымі калектывамі даўно сталі звыклымі і запатрабаванымі формамі работы з насельніцтвам. Выслухаць, пракансультаваць, падказаць, дапамагчы, накіраваць – ніводнае пытанне, скарга або прапанова не застаюцца без увагі.

У мінулую пятніцу ў Ляхавіцкім раёне працаваў міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Сліжэўскі. Ён прыняў удзел у пасяджэнні райвыканкама, а пасля сустрэўся з калектывам ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». У сустрэчы прынялі ўдзел таксама начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Каліноўскі, першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Камінскі.
Алег Сліжэўскі расказаў пра асноўныя напрамкі дзейнасці свайго ведамства і задачы, якія сёння стаяць перад міністэрствам.
Актуальнае пытанне, на якое звярнуў увагу міністр, – стварэнне працоўных месцаў, што, у першую чаргу, магчыма дзякуючы развіццю прыватнага сектара. У нашай краіне для гэтага надзвычай спрыяльныя ўмовы, у тым ліку дзякуючы прыняццю Дэкрэта №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Галоўная мэта данага заканадаўчага акта – лібералізацыя ўмоў вядзення бізнесу.
Уздымаліся на сустрэчы і вострыя тэмы крэдыторскай запазычанасці прадпрыемства, выплаты заработнай платы, захавання працоўнай дысцыпліны.
Першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Камінскі адзначыў, што за апошнія месяцы ў райаграсэрвісе сітуацыя змянілася ў лепшы бок, і спыняцца нельга. Максімальная аддача кожнага супрацоўніка на працоўным месцы, жаданне палепшыць становішча ўплываюць на агульную выніковасць работы прадпрыемства.
Напрыканцы сустрэчы Алег Сліжэўскі адказаў на пытанні. Адно з іх – пра малую радзіму. Шчыра, з асаблівай цеплынёй міністр прыгадвае пра родны Гродна, у які з задавальненнем едзе да бацькоў, сустрэцца з сябрамі, проста прайсціся па вуліцах:
– Калі ты любішь сваю краіну, свой горад, сваю вёску, будзеш шчыра старацца зрабіць так, каб тут жылося як мага лепш. Увогуле, для чалавека любоў да таго месца, дзе ён жыве, – часцінка асабістага шчасця.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *